У Беларусі ўсё часцей прызнаюць «экстрэмісцкімі» замежныя медыя. Хронікі рэпрэсій 19 жніўня

 У Беларусі працягваецца палітычны пераслед: супраць палітвязня Паўла Кабарчука завялі новую крымінальную справу, Алеся Бяляцкага абвясцілі ў вышук, а ў беларускі «экстрэмісцкі» спіс летам трапілі Euronews, Voxeurop, PAP і іншыя замежныя медыя.

1_1097_1.png

Алеся Бяляцкага абвясцілі ў вышук у Расіі

5 жніўня ў расійскай базе вышуку з'явілася картка заснавальніка «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Падставай пазначаная крымінальная справа, але канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса ў базе не ўказаны.

Бяляцкі назваў гэта формай транснацыянальнага пераследу і заявіў, што працягне распавядаць пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. «Казаць пра спад рэпрэсій у Беларусі яшчэ рана», — адзначыў праваабаронца.

У расійскай базе вышуку цяпер значыцца амаль 7000 беларусаў. З кастрычніка 2025 года туды дадалі больш за 1700 чалавек. Значная частка з іх, паводле «Вясны», пераследуецца па палітычных матывах.

Беларусь усё часцей прызнае «экстрэмісцкімі» замежныя медыя

Улетку 2026 года беларускі «экстрэмісцкі» спіс папоўніўся не толькі беларускімі незалежнымі рэсурсамі, але і замежнымі медыя. Пад абмежаванні трапілі еўрапейскае выданне Voxeurop, каўказскае JAMnews, украінскае «Слово і діло», «Дрон медиа», польскае інфармагенцтва PAP, а ў жніўні — міжнародны тэлеканал Euronews. Раней у спіс таксама трапілі рэсурсы BBC і «Новая газета Европа».

Пры гэтым беларускія ўлады прызнаюць «экстрэмісцкімі» не заўсёды цэлыя медыя: у адных выпадках пад забарону трапляе сайт, у іншых — асобныя старонкі ў сацсетках. Прычыны такіх рашэнняў таксама не заўсёды публічна раскрываюцца.

Праваабаронцы і журналісцкія арганізацыі звяртаюць увагу, што механізм «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі ўжываецца ўсё шырэй. Летняя практыка паказвае, што ён распаўсюджваецца ўжо не толькі на незалежныя беларускія медыя, але і на замежныя выданні, якія асвятляюць падзеі ў Еўропе, Украіне, Паўднёвым Каўказе і свеце.

Падрабязна пра тое, якія замежныя медыя трапілі пад беларускія абмежаванні летам 2026 года, піша «Вясна».

Міліцыя Віцебскай вобласці трэніравалася «спыняць масавыя беспарадкі»

18 жніўня на палігоне «Лосвіда» тэрытарыяльныя падраздзяленні міліцыі Віцебскай вобласці правялі тактыка-спецыяльную трэніроўку.

Паводле УУС аблвыканкама, сілавікі адпрацоўвалі «тактыку дзеянняў па спыненні грубых парушэнняў грамадскага парадку і масавых беспарадкаў», піша «Позірк».

Таксама падчас трэніроўкі правяралася «тактычная зладжанасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» і гатоўнасць асабовага складу дзейнічаць у розных умовах і сітуацыях.

Палітзняволенага ўкраінца будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне» ў турме

Супраць 33-гадовага палітзняволенага грамадзяніна Украіны Паўла Кабарчука, асуджанага да 20 гадоў зняволення, у магілёўскай турме № 4 узбудзілі новую крымінальную справу.

Цяпер яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса — за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы». Справу будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Магілёва. Палітвязню пагражае яшчэ да двух гадоў зняволення.

Паўла і яго бацьку Сяргея Кабарчукоў затрымалі ў лютым 2024 года. Тады ў Лельчыцкім раёне быў абвешчаны рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пазней КДБ паведаміў пра затрыманне «тэрарыстаў». На апублікаваных прапагандыстамі здымках Павел выглядаў збітым. Вядома, што ў СІЗА КДБ затрыманых даставілі верталётам.

Пазней Паўла і Сяргея Кабарчукоў асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса як «дыверсантаў СБУ» да 20 гадоў зняволення. Іх тэрміны мусяць скончыцца толькі ў 2043 годзе.

У СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалогію. Ён адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17.