Украінскія ўдары пашкодзілі больш за палову нафтаперапрацоўчых магутнасцей Расіі

У выніку ўкраінскіх дальнабойных аперацый больш за 51% нафтаперапрацоўчых магутнасцей Расіі выведзена з ладу, заявіў міністр абароны Украіны Яўген Хмара. Расія таксама збіраецца ўзмацніць удары па Украіне, пакуль яшчэ ва Украіне слабая сістэма СПА. А свет думае, як забяспечыць канец вайны. Ідуць 1685-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з topwar.ru

Фота з topwar.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 кастрычніка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 23 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі і ў кірунку Асікава, Мікалаеўкі, Райскага, Торскага, Навапаўлаўкі.

На Пакроўскім кірунку здзейснена 24 атакі ў раёнах населеных пунктаў Біліцкае, Светлае, Васільеўка, Маладзецкае і ў кірунку Ганнаўкі, Дабраполля, Сяргееўкі.

На Ліманскім кірунку абаронцы Украіны адбілі сем атак расіян, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — шэсць атак.

* * *

У ноч на 5 кастрычніка Расія атакавала Украіну 205 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (49 з іх — рэактыўныя), Гербера, «Бандэроль»/«Дань-Т», дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 172 БпЛА. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны каля дзесяці БпЛА.

Вечарам 4 кастрычніка ў Індустрыяльным раёне Харкава ў выніку расійскага ўдару «Бандэролямі» ў шматкватэрны дом загінуў чалавек, 8 — атрымалі раненні.

Расійскія ваенныя ў ноч на 5 кастрычніка атакавалі Запарожжа беспілотнікамі, пад ударам аказаўся аб'ект інфраструктуры. Папярэдне, абышлося без пацярпелых.

* * *

Расія пачынае кампанію ўдараў па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры раней, чым звычайна, да таго, як Украіна зможа распрацаваць эфектыўныя меры процідзеяння расійскім балістычным ракетам і рэактыўным беспілотнікам, паведамляе ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Мінабароны РФ абнародавала сваю асноўную рытарычную пазіцыю, каб апраўдаць будучую жорсткую кампанію ўдараў Расіі восенню-зімой 2026–2027 гадоў супраць крытычнай інфраструктуры Украіны. Расійскае ведамства прадставіла гэта як адказ на «нібыта шматлікія ўкраінскія ўдары па расійскіх грамадзянскіх аб'ектах, якія нібыта наносіліся з чэрвеня 2026 года».

Эксперты ISW мяркуюць, што поспехі Украіны на полі бою ў 2026 годзе «прымушаюць Пуціна пераацаніць сваю першапачатковую тэорыю перамогі ва Украіне і перанесці акцэнт на змушэнне Украіны да капітуляцыі з дапамогай кампаніі ўдараў на вялікія адлегласці зімой 2026–2027 гадоў, у супрацьвагу наступленню на полі бою».

У справаздачы дадаецца, што гэтая «кампанія ўдараў накіравана на тое, каб зрабіць жыццё грамадзянскага насельніцтва ва Украіне невыносным, з тым каб Украіна капітулявала перад патрабаваннямі Расіі».

«Рыторыка Міністэрства абароны Расіі накіравана на тое, каб апраўдаць перад расіянамі і міжнароднай супольнасцю ўзмацненне сваёй кампаніі ўдараў, якая будзе накіравана супраць і без таго пашкоджанай энергетычнай інфраструктуры Украіны і іншых аб'ектаў крытычнай інфраструктуры», — канстатуе ISW.

* * *

835979960_1653452959723935_2698080211556771046_n.jfif

* * *

У выніку ўкраінскіх дальнабойных аперацый больш за 51% нафтаперапрацоўчых магутнасцей Расіі выведзена з ладу, заявіў міністр абароны Украіны Яўген Хмара.

«Больш за палову магутнасцей ворага выведзена з ладу. Гэта вынік старанна прадуманых, планамерных і сістэмных дзеянняў, накіраваных на тое, каб абяскровіць расійскую ваенную машыну і знішчэнне яе ваенна-эканамічнага патэнцыялу», — заявіў ён.

«51% уражаных нафтаперапрацоўчых магутнасцей — істотны ўдар па эканоміцы ворага, па яго здольнасці ажыццяўляць агрэсію і забяспечваць групоўку сваіх войскаў. Нашы deep strikes працягваюць пераносіць вайну на тэрыторыю Расіі», — сказаў Хмара.

Ён назваў адным з прыярытэтаў Мінабароны развіццё дальнабойных ударных дронаў, якія дазваляюць паражаць мэты ў глыбіні Расіі. Па яго словах, на працягу гэтага года Украіна ўтрая павялічыла вытворчасць і закупкі такіх сродкаў.

«Гэта не мяжа. І надалей будзем маштабаваць магчымасці deep strike», — заявіў міністр абароны Украіны.

* * *

Украіна працуе над стварэннем уласнай спадарожнікавай сістэмы, якая будзе «падобнай на Starlink», заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі 4 кастрычніка, піша РБК-Украіна.

Зяленскі не раскрыў дэталяў праекта, але адзначыў, што Украіна, па яго меркаванні, павінна атрымаць магчымасць выкарыстоўваць Starlink для ўдараў па тэрыторыі Расіі.

«Чаму гэта справядліва? Бо мы ведаем, што некаторыя дзяржавы будуць дзяліцца з Расіяй адпаведнымі тэхналогіямі ў канцы гэтага года, у пачатку наступнага», — растлумачыў ён.

Напярэдадні, 3 кастрычніка, у інтэрв'ю Financial Times Зяленскі заявіў, што Расія паскорыла працу над уласнай спадарожнікавай сеткай пры падтрымцы Кітая. Расійская кампанія Бюро 1440, якая стварае нізкаарбітальную спадарожнікавую групоўку «Рассвет» як аналаг Starlink, заявіла аб апярэджанні графіку.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не спяшаецца ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі, таму што хоча ацаніць усе магчымыя кампрамісы, заявіў міністр энергетыкі ЗША Крыс Райт у інтэрв'ю CBS.

«Ён (Трамп) пакідае кожнае рашэнне на самы канец. Ён ацэньвае кампрамісы», — заявіў Райт.

Па яго словах, прэзідэнт ЗША «бесперапынна працуе» над заканчэннем вайны ва Украіне, а таксама «пастаянна падтрымлівае дыялог з абедзвюма бакамі».

Кіраўнік Белага дома падпісаў закон аб новых маштабных санкцыях супраць Расіі 18 верасня 2026 года, але пры гэтым мае права не ўводзіць санкцыі 30 дзён. З 18 верасня адлічваецца 30-дзённы тэрмін, адпаведна, ключавая дата — 18 кастрычніка 2026 года.

* * *

Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін заявіў, што Кіеў мае права на самаабарону, але заклікаў скончыць баявыя дзеянні, паведамляе Vatican News.

Паралін адзначыў, што ва Украіне разгортваецца «сапраўдная трагедыя», а набліжэнне зімы пагаршае сітуацыю. «Нельга адмаўляць народу ў праве на самаабарону», — сказаў кардынал, але адзначыў, што Святы Пасад лічыць неабходным пакласці канец баявым дзеянням. Ватыкан падтрымлівае любыя ініцыятывы, накіраваныя на дасягненне «неадкладнага, поўнага і эфектыўнага спынення агню».

Па словах Параліна, Ватыкан гатовы дапамагчы міру «любым чынам», але пры ўмове, што ключавым прыярытэтам застаецца строгае захаванне міжнароднага права. «Доўгатэрміновае рашэнне не можа абысціся без абноўленага абавязацельства па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе», — лічыць ён.