Узламалі сайт «Палескай вясны», арыштавалі маёмасць Севярынца. Хронікі рэпрэсій 18 жніўня

 У Беларусі працягваецца ціск на праваабаронцаў, палітыкаў і незалежныя медыя: быў узламаны сайт «Палескай вясны», у Віцебску арыштавалі частку кватэры Паўла Севярынца, а яшчэ некалькі кніг і старонак у сацсетках улады ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

1_1097_1.png

Сайт «Палескай вясны» ўзламалі. «Вясна» заявіла, што яе асноўныя рэсурсы ў бяспецы

Сайт рэгіянальнага праваабарончага рэсурсу «Палеская вясна» сапраўды быў узламаны. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Раней у блізкіх да сілавікоў Telegram-каналах з'явілася інфармацыя пра ўзлом сайта і нібыта атрыманне доступу да паштовага сэрвісу, «прывязанага да адмінкі» сайта.

«Вясна» падкрэслівае, што сайт «Палескай вясны» не абнаўляўся амаль два гады і фактычна існаваў як архіў ранейшых публікацый.

Пры гэтым сайт «Палескай вясны» і згаданы паштовы сэрвіс не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Вясны». Паводле ПЦ «Вясна», гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы.

На гэты момант праваабаронцы працягваюць высвятляць сітуацыю з паштовай скрыняй, пра якую гаворыцца ў паведамленнях блізкіх да сілавікоў каналаў, і магчымым доступам да яе.

У «Вясне» таксама абверглі інфармацыю пра нібыта «ўцечку» даных пра фінансы арганізацыі. Паводле праваабаронцаў, такія заявы не маюць пад сабой падставаў і з'яўляюцца часткай спробаў сілавых структур дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі.

У Віцебску арыштавалі частку кватэры Паўла Севярынца

Частка кватэры ў Віцебску, дзе зарэгістраваны палітык, літаратар і былы палітвязень Павел Севярынец, апынулася пад арыштам. Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

У траўні гэтага года Севярынец паведаміў пра новую крымінальную справу супраць яго — за ўдзел у святкаванні Дня Волі. Тады ж у віцебскай кватэры, дзе жыве ягоная маці, сілавікі правялі ператрус.

Павел Севярынец — ураджэнец Оршы, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Яго затрымалі ў чэрвені 2020 года і асудзілі да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

13 снежня 2025 года ён выйшаў на волю і быў прымусова дэпартаваны з Беларусі.

Былага механізатара з Магілёўшчыны асудзілі па палітычнай справе

Жыхара Клічава Дзяніса Халайдава судзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве».

Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыну, верагодна, прысудзілі да «хатняй хіміі».

Дзяніс Халайдаў раней працаваў механізатарам. У яго ёсць жонка і сын.

Старонкі «Медыя-Палесся» і кнігі трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго трапілі:

Кнігі:

«Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка» Сяргея Скрабца;

«Быкаў на Свабодзе»;

«Ненасілле і Беларусь».

Instagram-акаўнты:

«carnuska»;

«gleb_vashkevich»;

«chrysalismagazine»;

«future_belarus» («Беларусь будучыні – Ідэі, якія натхняюць»).

Threads і TikTok: старонкі акаўнта «Polesye_Media».

Таксама ў спіс унеслі лагатып (вадзяны знак) «экстрэмісцкага фармавання» «Анархічны чорны крыж Беларусь».