У Беларусі выдавецтва прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Хронікі рэпрэсій 20 жніўня
Беларуска распавяла пра распрананне падчас дагляду на беларуска-польскай мяжы. Выдавецтва «Тэхналогія» прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй», двух былых футбалістаў зборнай Беларусі абвясцілі ў вышук, а пяць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў «Палка Каліноўскага» пачалі судзіць завочна.

На беларуска-польскай мяжы жанчыну распранулі падчас дагляду
У апошні час на беларуска-польскай мяжы фіксуюцца выпадкі, калі да допыту, праверкі тэлефона і стараннага дагляду дадаецца асабісты дагляд з распрананнем.
Пра адзін з такіх выпадкаў распавяла выданню MOST беларуска Марыя (імя зменена).
Марыя часта ездзіць з Беларусі ў Польшчу і назад. Паводле яе словаў, допыт на мяжы ўжо стаў звыклай практыкай: пры вяртанні ў Беларусь яе адводзяць у асобны кабінет, пытаюцца пра мэту паездкі, правяраюць тэлефон і могуць затрымаць на гадзіну-дзве.
Падчас апошняй паездкі да стараннага дагляду аўтамабіля, рэнтгену і размовы з супрацоўнікамі КДБ дадалі яшчэ і асабісты дагляд з распрананнем.
«Мяне адвялі ў нейкі пусты пакой. Там былі дзве супрацоўніцы мытні — як я зразумела, панятыя. Прапанавалі зачытаць мне мае правы, а потым сказалі, што зараз я павінна буду распрануцца. Уключылі відэарэгістратары».
Паводле Марыі, у яе склалася ўражанне, што і панятым гэтая працэдура была непрыемная.
Увесь гэты час у машыне заставаліся дзеці. У выніку на пункце пропуску жанчына правяла амаль сем гадзін.
Выпадкі распранання людзей падчас праверак на мяжы ўжо паведамляліся і раней. У ліпені пра такую практыку пісала «Наша Ніва»: паводле сведчанняў некалькіх беларусаў, яна закранала людзей, якія вярталіся ў Беларусь з Еўропы і мелі ранейшыя палітычныя пратаколы.
«Тэхналогію» прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй»
Беларускае выдавецтва «Тэхналогія» прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Адпаведнае рашэнне 10 чэрвеня прыняў Эканамічны суд Мінска. Запіс пра выдавецтва ў пераліку экстрэмісцкіх фармаванняў з'явіўся 20 жніўня.
«Тэхналогія» — адно з вядомых прыватных выдавецтваў Беларусі. За гады працы яно выпусціла шмат кніг на беларускай мове, у тым ліку гістарычных, навуковых, навукова-папулярных, даведачных і мастацкіх.
У лютым 2026 года выдавецтва паведаміла пра прыпыненне працы. У красавіку Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла дзеянне пасведчання «Тэхналогіі» як распаўсюдніка друкаваных выданняў.
Раней паведамлялася пра затрыманні дырэктара выдавецтва Вацлава Багдановіча, яго жонкі Алены і дзвюх дачок. Беларускі ПЭН таксама адзначаў прыпыненне дзейнасці «Тэхналогіі» ў кантэксце чарговай хвалі ціску на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў.
Двух былых футбалістаў зборнай Беларусі абвясцілі ў вышук
У Беларусі абвясцілі ў вышук былога гульца зборнай Беларусі Мікалая Золатава і былога брамніка нацыянальнай каманды Генадзя Туміловіча.
31-гадовага Золатава, які цяпер выступае за малдаўскі «Зімбру», шукаюць у Віцебскай вобласці па крымінальнай справе. У вышук яго дадалі 7 ліпеня, паведамляла «Трыбуна».
Раней Золатаў крытыкаваў беларускія ўлады і асуджаў вайну Расіі супраць Украіны. У 2025 годзе ён заявіў, што «шчыра раскайваецца» за свае ранейшыя словы.
Таксама ў вышук трапіў экс-брамнік зборнай Беларусі Генадзь Туміловіч. Пра гэта 20 жніўня паведамілі беларускія медыя.
Пачаўся завочны суд над пяццю «каліноўцамі»
Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да пяці прадстаўнікоў і ўдзельнікаў «Палка Каліноўскага».
Завочна судзяць: 37-гадовага Мікалая Бойку, 31-гадовага Юрыя Макітава, 56-гадовую былую палітзняволеную Наталлю Нікіціну, 28-гадовую Крысціну Станкевіч, 41-гадовага Міхаіла Чупрынскага.
Раней Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў іх дачыненні.
Ім ставяць у віну шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ўдзел у злачыннай арганізацыі, змову з мэтай захопу ўлады, удзел у «экстрэмісцкім фармаванні», удзел ва ўзброеным фармаванні за мяжой, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, праходжанне падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзел у «тэрарыстычнай арганізацыі».
У «справе Гаюна» — каля 200 фігурантаў
«Справа Гаюна» застаецца адной з самых масавых палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі.
Паводле пацверджаных даных, у справе «Гаюна» ужо каля 200 фігурантаў, з якіх 180 імёнаў вядомыя публічна. 176 чалавек ужо атрымалі прысуды. Усіх судзяць па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша Dissidentby. Пры гэтым агульная колькасць фігурантаў значна большая, а затрыманні працягваюцца.
Людзей пераследуюць за перадачу інфармацыі пра перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі праз Telegram-бот праекта «Беларускі Гаюн». Пасля ўзлому бота ў лютым 2025 года беларускія сілавікі атрымалі доступ да даных карыстальнікаў.
Dissidentby таксама паведамляе пра новую практыку: калі следству ўдаецца ўстанавіць асобу чалавека, які адпраўляў інфармацыю ў бот, яму могуць прапанаваць зрабіць «ахвяраванне» на некалькі тысяч еўра на карысць Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання замест крымінальнага пераследу. Паводле гэтай інфармацыі, большасць людзей пагаджаецца заплаціць, аднак дакументаў аб закрыцці справы ім не выдаюць.
Прымусовыя «дабрачынныя ўзносы» ў межах палітычна матываваных спраў ужо фіксаваліся раней. «Вясна» паведамляла пра такія выпадкі ў кантэксце «справы Гаюна» і адзначала, што іх выкарыстоўваюць як форму фінансавага ціску.