У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ сем чалавек, экс-палітвязняў абвясцілі ў вышук. Хронікі рэпрэсі 13 жніўня
КДБ папоўніў «спіс асобаў, дачынных да тэрарыстычнай дзейнасці» яшчэ сямю прозвішчамі. Сярод іх — людзі, асуджаныя па «справе Гаюна» і «справе дваровых чатаў». Тым часам у Беларусі і Расіі ў вышук абвясцілі двух былых палітвязняў, якіх пасля вызвалення прымусова вывезлі ў Літву.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ сем чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, дачынных да тэрарыстычнай дзейнасці» — у яго дадалі яшчэ сем чалавек.
Сярод уключаных — Яраслаў Галоўчанка, якога ў сярэдзіне траўня 2026 года ў Брэсцкім абласным судзе асудзілі да 11 гадоў калоніі. Мяркуецца, што ягоная крымінальная справа звязаная са «справай Гаюна».
Таксама ў пералік дадалі Святлану Мяцельскую, затрыманую ў кастрычніку 2024 года па справе «дваровых чатаў». 19 сакавіка 2026 года ў Мінску ёй вынеслі прысуд паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса («змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») — 10 гадоў калоніі і штраф у памеры 1000 базавых велічыняў.
Акрамя Яраслава Галоўчанкі і Святланы Мяцельскай, у спіс трапілі Дзяніс Адамін, Шарлан Яўген, Аўдзевіч Аляксандр, Літвін Дзмітрый і Ніна Гнядзько.
Такім чынам, у «тэрарыстычным спісе» цяпер 1475 чалавек, з якіх 726 — беларусы.
Экс-палітвязняў Вячаслава Лазарава і Дзмітрыя Казлова абвясцілі ў вышук
Экс-палітвязняў Вячаслава Лазарава і Дзмітрыя Казлова ўключылі ў базы вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю/Новости Витебска» звярнуў увагу на тое, што на сайце расійскага выдання SOTA з’явіўся спіс асобаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку на тэрыторыі Расіі. У гэтым спісе пазначаныя і людзі, якіх уключылі ў базу вышуку пасля красавіка гэтага года.
Паводле абноўленай базы на сайце SOTA, у вышуку знаходзяцца блогер Дзмітрый Казлоў з Аршанскага раёна і віцебскі відэааператар Вячаслаў Лазараў. Там пазначана, што падставай для вышуку сталі крымінальныя справы — найхутчэй, распачатыя ўжо пасля іх вызвалення з-за кратаў у верасні 2025 года.
Нагадаем, абодвух прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву, а пазней анулявалі іх беларускія пашпарты.
Віцебскі тэлеграм-канал таксама адсачыў, што ў абноўлены спіс уключылі віцебскую актывістку Караліну Цярэнцьеву. Яе сястра Станіслава ў гэтым спісе апынулася яшчэ раней.
У Гомелі вызваліўся яшчэ адзін фігурант справы «кактэйляў Молатава»
Пасля заканчэння тэрміну зняволення вызваліўся Леанід Кавалёў. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
У 2021 годзе яго разам з наймалодшым палітычным абвінавачаным у краіне Мікітам Залатаровым і жыхаром Добрушскага раёна Дзмітрыем Карнеевым асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 172 (уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства), арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) і арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў).
Леанід Кавалёў быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і адбываў пакаранне ў ПК № 22.