Палітвязень Вячаслаў Арэшка амаль аслеп у калоніі. Хронікі рэпрэсій 12 жніўня
71-гадовы палітвязень Вячаслаў Арэшка за чатыры гады зняволення практычна страціў зрок, але інваліднасць яму дагэтуль не аформілі. Таксама стала вядома пра новае затрыманне па «справе Гаюна».

Палітвязень Вячаслаў Арэшка амаль аслеп у калоніі
71-гадовы актывіст прафсаюза РЭП Вячаслаў (Вацлаў) Арэшка знаходзіцца за кратамі ўжо больш за чатыры гады.
Напачатку 2023 года палітвязня асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі па справе беларускіх незалежных прафсаюзаў. За час зняволення Вячаслаў практычна аслеп, але інваліднасць у калоніі яму да гэтага часу не афармляюць. Нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць пенсіянера ў няволі.
«Вясна» паразмаўляла з былым палітвязнем, які адбываў пакаранне разам з Вячаславам Арэшкам, і даведалася апошнія навіны пра яго.
«Праз тое, што ён нічога не бачыць, яму дужа цяжка хадзіць у сталоўку ці ў медчастку, заўсёды з ім ідзе чалавек, які яго суправаджае! Гэты чалавек, у асноўным, не адзін і той самы, а розныя».
У Беларусі працягваюцца затрыманні па «справе Гаюна»
На гэтым тыдні праваабаронцам стала вядома пра чарговае затрыманне ў Наваполацку па «справе Гаюна». Падрабязнасці пра асобу і абставіны затрымання пакуль не паведамляюцца, таму гаварыць пра канкрэтныя абвінавачанні заўчасна. Аднак сам факт гэтага пераследу паказвае, што справа працягвае працаваць як інструмент рэпрэсій.
Нагадаем, на чэрвень 2026 года вядома ўжо пра не менш за 220 чалавек, асуджаных па гэтай справе, аднак рэальная колькасць фігурантаў значна большая. Варта адзначыць, што затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі і працягваюцца да гэтага часу.
Першапачаткова затрыманым прад'яўлялі абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Пакаранні прызначаюць розныя: ад «хатняй хіміі» і «хіміі» да рэальных тэрмінаў у калоніі. Таксама вядомыя выпадкі ціску на затрыманых і спробы прымусіць іх «адкупіцца» ад крымінальнага пераследу праз так званыя добраахвотныя ахвяраванні дзяржаўным установам.