Смерці ў месцах зняволення, пераслед за мяжой і новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы. Хронікі рэпрэсій 11 жніўня
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў агляд смерцяў, звязаных з палітычным пераследам пасля 2020 года. Таксама беларусы за мяжой паведамляюць пра падазроныя спробы выйсці з імі на сувязь, а Мінінфарм зноў папоўніў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Пасля 2020 года ў Беларусі зафіксавалі смерці зняволеных і іншыя смерці, звязаныя з палітычным пераследам
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў інфармацыйна-аналітычны агляд «Палітычныя забойствы і смерці па віне рэжыму. Частка 2».
У ім сабраныя вядомыя выпадкі смерцяў людзей у месцах пазбаўлення волі пасля 2020 года, смерцяў неўзабаве пасля вызвалення, суіцыдаў, якія праваабаронцы звязваюць з палітычным пераследам, смерцяў пры нявысветленых абставінах, а таксама выпадку смерці ў выніку выкарыстання сілавікамі зброі. Дакумент таксама разглядае асобныя абставіны гэтых смерцяў і праблемы з іх расследаваннем.
Аўтары адзначаюць, што ў калоніях, турмах і СІЗА працягваюць фіксавацца смерці пасля рэзкага пагаршэння здароўя, несвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі, суіцыды і смерці пры нявысветленых абставінах. Гэта адбываецца на фоне пагаршэння ўмоў утрымання, адсутнасці доступу да незалежных лекараў і адвакатаў і фактычнай адсутнасці празрыстых расследаванняў.
У дакуменце асобна разглядаюцца выпадкі Дзяніса Кузняцова, Вадзіма Храсько, Ігара Ледніка, Аляксандра Кулініча, Дзмітрыя Шлетгаўэра, Андрэя Паднябеннага і Валянціна Штэрмера, якія памерлі ў месцах пазбаўлення волі пасля 2020 года. Сярод прычынаў смерці ў дакуменце згадваюцца пнеўманія, спыненне сэрца, ішэмічная хвароба сэрца, механічная асфіксія і іншыя абставіны, у частцы выпадкаў — невядомыя.
Яшчэ восем выпадкаў датычацца людзей, якія памерлі неўзабаве пасля вызвалення. Сярод згаданых у аглядзе — Віталь Бычкоў, Валянцін Іваноўскі, Тамара Каравай, Валерый Богдан, Валерый Цімашэнка, Раман Раманаў і Алена Панкова. Аўтары адзначаюць, што ў шэрагу выпадкаў людзі паміралі праз некалькі месяцаў пасля вызвалення, у тым ліку пасля перанесеных у зняволенні захворванняў і працяглых праблем са здароўем.
У агляд таксама ўключаныя тры выпадкі суіцыду, якія праваабаронцы звязваюць з палітычна матываваным пераследам, і два выпадкі смерці пры нявысветленых абставінах — Аляксандра Будніцкага і Віталя Шышова. Яшчэ адзін выпадак — смерць Паўла Сібілева, які, паводле аўтараў дакумента, загінуў у выніку невыбіральнага выкарыстання зброі сілавікамі.
Праваабаронцы падкрэсліваюць: у большасці выпадкаў немагчыма ўстанавіць канкрэтных вінаватых праз закрытасць афіцыйных расследаванняў і адсутнасць публічнай інфармацыі. Паводле аўтараў агляду, праверкі альбо не праводзіліся, альбо насілі фармальны характар. Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што некаторыя звесткі заснаваныя на сведчаннях былых зняволеных і пакуль не могуць быць дакументальна пацверджаныя.
Галоўная выснова даследавання: гэтыя выпадкі не з'яўляюцца ізаляванымі эпізодамі. Яны, на думку аўтараў, паказваюць на сістэмную праблему — адсутнасць эфектыўнай абароны жыцця і здароўя людзей, якія знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы ў месцах пазбаўлення волі. Закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы і адсутнасць празрыстых расследаванняў, як адзначаецца ў дакуменце, ствараюць умовы для беспакаранасці.
Беларусам за мяжой пішуць невядомыя, якія могуць быць звязаныя з беларускімі спецслужбамі
Практычна кожны дзень праваабаронцам «Вясны» паведамляюць беларусы, якія знаходзяцца за мяжой: ім у Telegram пішуць невядомыя і спрабуюць выйсці на сувязь.
Камусьці прапануюць «абмеркаваць далікатнае пытанне», камусьці — «перастаць гуляць у маўчанку» і паразмаўляць з невядомым чалавекам з Мінска.
Праваабаронцам вядомыя акаўнты, з якіх такія паведамленні ўжо паступалі: Khaled5282, home_N17, mpv2034, crazy_frog73, crazy_frog88. Таксама вядомыя ID акаўнтаў, якія пішуць: 7215425509, 5239146665, 7704668859, 7106779624.
Калі вы знаходзіцеся за межамі Беларусі і атрымалі паведамленне з аднаго з гэтых акаўнтаў, не ўступайце ў кантакт, не перадавайце асабістыя звесткі і не паведамляйце інфармацыю пра сябе, сваіх блізкіх або знаёмых. Пры неабходнасці акаўнт можна заблакаваць.
Падобная практыка не новая: беларусы за мяжой ужо некалькі гадоў атрымліваюць паведамленні ад невядомых асобаў, якія спрабуюць даведацца пра іх ці схіліць да кантакту.
Эстонская газета Postimees і старонка Паўла Латушкі папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На гэты раз у яго трапілі:
- Telegram-боты: «FrayMarta», «Чёрная Карта оккупантов» (а таксама яго лагатып), «Листовки бот», «Бот ByProsvet», «Дистрибьютор бот»;
- Telegram-каналы: «ПОГОНЯ», «BELZHD EDITOR»;
- Instagram-акаўнт: «ruhvolia» (Рух Воля);
- Threads-старонка: «Павел Латушка»;
- TikTok-акаўнт: «Валера Беларус»;
- сайты і рэсурсы: «Postimees».