Беларусь запатрабавала ад Польшчы выдаць журналіста. Хронікі рэпрэсій 7 жніўня

Беларускія ўлады працягваюць пашыраць палітычны пераслед і за межамі краіны. Генеральная пракуратура накіравала ў Польшчу запыт на экстрадыцыю журналіста Дзмітрыя Салаўёва. Тым часам праваабаронцы паведамілі, што не менш за 178 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы, а МУС і Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўнілі «экстрэмісцкія» спісы.

1_1097_1.png

Беларусь запатрабавала ад Польшчы выдаць журналіста Дзмітрыя Салаўёва

Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Міністэрства юстыцыі Польшчы запыт аб экстрадыцыі былога галоўнага рэдактара партала «Магілёўскі рэгіён» Дзмітрыя Салаўёва.

Пра гэта паведаміў сам журналіст, піша MAYDAY TEAM.

Раней было вядома, што супраць Салаўёва распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361 КК («стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Цяпер, як вынікае з запыту Генпракуратуры, яму таксама інкрымінуюць ч. 1 арт. 357 КК («змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Паведамляецца, што санкцыя на яго заключэнне пад варту ўжо выдадзеная.

Паводле Салаўёва, ён ужо пракансультаваўся з польскай пракуратурай. Па яго словах, польскі бок разумее характар гэтай справы, таму разгляду пытання аб экстрадыцыі не чакаецца.

Не менш за 178 палітвязняў знаходзяцца ў асаблівай рызыцы

Па стане на 7 жніўня 2026 года праваабаронцам вядома як мінімум пра 178 палітвязняў, якія знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы.

Сярод іх:

  • 60 чалавек маюць цяжкія праблемы з фізічным здароўем;
  • 8 чалавек — інваліднасць;
  • 35 чалавек старэйшыя за 60 гадоў, многія з якіх таксама маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем;
  • 6 чалавек — з ментальнымі разладамі;
  • 35 чалавек знаходзяцца ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем'і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Да гэтай колькасці праваабаронцы таксама адносяць палітвязняў, якія падвяргаюцца асаблівым формам пераследу, у тым ліку людзей, якіх утрымліваюць у рэжыме інкамунікада, а таксама тых, каго не вызваляюць нават пасля заканчэння прызначанага судом тэрміну пакарання.

Жыхара Пінска асудзілі па справе аб «масавых беспарадках»

32-гадовага Максіма Дземчука з Пінска асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК («удзел у масавых беспарадках»), паведамляе «Наша Ніва».

Вядома, што Дземчук працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях у Пінску, а пасля значную частку жыцця — у Расіі. Паводле інфармацыі з ягоных сацыяльных сетак, пасля 2020 года ён таксама працаваў у Расіі. Калі і пры якіх абставінах мужчыну затрымалі, невядома.

Прысуд па яго справе не агучваўся. Санкцыя ч. 2 арт. 293 КК прадугледжвае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Паводле інфармацыі выдання, цяпер Максім адбывае пакаранне.

У «спісе экстрэмістаў» ужо 6815 чалавек

7 жніўня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У яго дадалі яшчэ чатыры прозвішчы. Цяпер у пераліку 6815 чалавек.

Сярод новых фігурантаў — палітвязень Васіль Краўчук, комік з Пінска, асуджаны паводле арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).

Таксама ў пералік унеслі Валянціна Лазоўскага, Андрэя Цыганкова і Максіма Дземчука, якога асудзілі ў судзе Пінскага раёна і Пінска паводле ч. 2 арт. 293 КК («удзел у масавых беспарадках»).

Мінінфарм папоўніў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўключылі:

TikTok-акаўнты: «Жыве Беларусь», «stop_tarakan», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ», «жыве Беларусь Гомель 222334455»;

Telegram-каналы: «Розовые Косынки», «MZ live», «FREEДОМ»;

Instagram-старонкі: «leanidsudalenka», «kajusizo».