Праваабаронцы: падстаў казаць пра змяншэнне ціску няма. Хронікі рэпрэсій 6 жніўня
Праваабаронцы заяўляюць, што размовы пра змяншэнне рэпрэсій у Беларусі не пацвярджаюцца фактамі. У новым аглядзе яны фіксуюць рост колькасці палітвязняў, працяг катаванняў, трансгранічнага пераследу і пашырэнне выкарыстання «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства. Тым часам супраць палітвязня Вадзіма Здаравеннава рыхтуюць новую крымінальную справу, а пасля масавых затрыманняў на злёце «Сям'і вясёлкі» пачалі вызваляць першых асуджаных на адміністрацыйны арышт.

Праваабаронцы: падстаў казаць пра змяншэнне ціску няма
Праваабаронцы апублікавалі агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за ліпень 2026 года. Паводле іх, нягледзячы на асобныя памілаванні, сістэмны палітычны пераслед працягваецца і закранае ўсё больш шырокае кола людзей — ад палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў да дзеячаў культуры, студэнтаў, прадпрымальнікаў, а таксама тых, хто падтрымліваў Украіну або вярнуўся ў Беларусь пасля эміграцыі.
На канец ліпеня ў Беларусі ў няволі знаходзіліся 880 палітвязняў, у тым ліку 120 жанчын. Толькі за адзін месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 39 чалавек. Не менш за 180 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз узрост, стан здароўя або ўмовы ўтрымання.
У аглядзе адзначаецца, што працягваюцца катаванні і жорсткае абыходжанне ў месцах зняволення, трансгранічны пераслед беларусаў за мяжой, масавыя затрыманні і пераслед за ўдзел у мірных сходах. Праваабаронцы таксама фіксуюць пашырэнне выкарыстання «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства супраць культурных, экалагічных і грамадскіх ініцыятыў, узмацненне ціску на беларускую культуру, нацыянальна арыентаваны бізнес, дзяржаўныя прадпрыемствы, а таксама на студэнтаў, якія вучацца за мяжой або афармляюць дакументы для выезду.
Аўтары агляду робяць выснову, што гэтыя факты не пацвярджаюць сцвярджэнняў пра змяншэнне маштабаў палітычнага пераследу. На іх думку, нават заканчэнне тэрмінаў прыцягнення да адказнасці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года не азначае спынення рэпрэсій, бо ўлады працягваюць выкарыстоўваць іншыя механізмы крымінальнага і адміністрацыйнага ціску.
Палітвязню Вадзіму Здаравеннаву рыхтуюць другі крымінальны працэс
Супраць палітвязня Вадзіма Здаравеннава, які ўжо адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі, распачалі яшчэ адну крымінальную справу.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах, дзе ён будзе чакаць новага суда. Разгляд справы можа адбыцца прыкладна праз месяц.
Паводле наяўнай інфармацыі, цяпер палітвязню інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 КК («арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 130 КК («распальванне сацыяльнай варожасці») і ч. 1, 2 арт. 363-1 КК («незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»).
Паведамляецца, што справа звязаная з каментарыямі і фотаздымкамі, якія, паводле версіі следства, былі знойдзеныя ў ягоным ноўтбуку.
Яшчэ ў лютым 2026 года стала вядома пра ўзбуджэнне супраць Здаравеннава другой крымінальнай справы, але падрабязнасці абвінавачанняў да гэтага часу не раскрываліся.
Пасля рэйду на злёце «Сям'і вясёлкі» пачалі вызваляць асуджаных на адміністрацыйны арышт
Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту на волю пачалі выходзіць удзельнікі злёту «Сям'і вясёлкі», затрыманыя падчас масавага рэйду ў Расонскім раёне. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Як стала вядома выданню, увечары 5 жніўня пасля сямі сутак арышту вызвалілі 52-гадовага жыхара Мінска, якога міліцыя ў першы дзень пасля затрыманняў назвала адным з «арганізатараў» мерапрыемства.
Нагадаем, 29 ліпеня ў Расонскім раёне былі затрыманыя каля 300 удзельнікаў злёту Rainbow Family («Сям'я вясёлкі»), які праводзіцца ўжо шмат гадоў. Пасля рэйду дзясяткі людзей атрымалі адміністрацыйныя пратаколы, частку з іх асудзілі да штрафаў і адміністрацыйнага арышту.