Больш за 2 тысячы ліквідаваных НКА і новае папаўненне «экстрэмісцкага» спісу. Хронікі рэпрэсій 5 жніўня

 У Беларусі працягваецца ціск на грамадзянскую супольнасць. Lawtrend паведамляе, што з 2020 года ўлады ліквідавалі больш за дзве тысячы некамерцыйных арганізацый. Тым часам Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «экстрэмісцкі» спіс новыя інтэрнэт-рэсурсы, а ў Віцебску міліцыя зноў пачала праверкі людзей, уключаных у базу «Беспорядки».

1_1097_1.png

Больш за 2 тысячы НКА ліквідавалі ў Беларусі з 2020 года

Па стане на канец ліпеня 2026 года ў Беларусі спынілі існаванне не менш за 2053 некамерцыйныя арганізацыі. Пра гэта паведамляе Lawtrend у маніторынгу сітуацыі са свабодай асацыяцый і становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці за ліпень 2026 года.

З іх:

  • 1249 НКА былі прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі;
  • 804 арганізацыі прынялі рашэнне аб самаліквідацыі.

У ліпені Мінскі гарадскі суд ліквідаваў грамадскія аб'яднанні «МашЫна времени», Этнагістарычны цэнтр «Явар», аб'яднанне ліквідатараў аварыі на ЧАЭС «1986», а таксама інфармацыйна-даследчую ўстанову «Клуб грамадзянскіх філосафаў» і «Цэнтр медыяцыі і перамоваў».

Акрамя таго, не менш за чатыры арганізацыі прынялі рашэнне аб добраахвотнай ліквідацыі. У Lawtrend адзначаюць, што ў большасці выпадкаў такія рашэнні з'яўляюцца вымушанымі — праз рэпрэсіі і немагчымасць працягваць дзейнасць.

Мінінфарм папоўніў «экстрэмісцкі» спіс: Euronews, «Вольны хор», боты НАУ і «Стоп Пропаганда»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У новы пералік увайшлі:

  • Instagram-старонкі: «ВОЛЬНЫ ХОР | VOLNY CHOR», «Честная газета. Самиздат», «svetlana_shatilina», «neiserika», «look.at.grodno» (а таксама яе лагатып), «Рэзка»;
  • Threads-старонка: «Рэзка»;
  • TikTok-акаўнты: «Look at Grodno» (а таксама яго лагатып);
  • Telegram-каналы і групы: «Познавательно однако», «СП», «Telegraf SP», «sp_telegraf», «Ве1», «Nasch DRUG», «МЫ НЕ ХОЛОПЫ non-extremist», а таксама лагатып канала «Стоп Пропаганда»;
  • Telegram-боты: «Беларусы Замежжа – бот», «Вернём Награбленное!», «Чат-бот "Беларусов Зарубежья"», «FreeZhlobinContactBot», «БелаМедиа бот», «Беларусь_за_перемены. Бот для приема сообщений», «НАУ», а таксама лагатып бота «Бот Стоп Пропаганды»;
  • Telegram-акаўнт: «Николай Масловский»;
  • YouTube-каналы: «Горячая новость», «1467»;
  • X (Twitter): «Горячая новость»;
  • «УКантакце»: група «Плохие новости»;
  • Інтэрнэт-сайты і рэсурсы: «EUvsDisinfo», «euro news.».

За пяць з паловай гадоў пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў суды больш за паўтары тысячы заяў аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі»

За пяць з паловай гадоў пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў суды больш за 1,5 тысячы заяў аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі». Пра гэта паведамляе «Вясна».

Паводле інфармацыі сілавікоў, у першым паўгоддзі 2026 года асноўная ўвага надавалася папулярным інтэрнэт-пляцоўкам — YouTube, Telegram, Instagram і Threads.

За гэты перыяд пракуроры Мінскай вобласці накіравалі ў суды 174 заявы. Па стане на пачатак ліпеня суды паспелі разгледзець і задаволіць 146 з іх, уключыўшы адпаведныя рэсурсы ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У якасці прыкладу ведамства прыводзіць Threads-акаўнт «Екатерина Ерусалимская», які, паводле версіі пракуратуры, утрымліваў «экстрэмісцкія матэрыялы». Па заяве пракурора суд прызнаў матэрыялы «экстрэмісцкімі», палічыўшы, што яны змяшчаюць «знявагу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варожасці».

У Віцебску зноў пачаліся праверкі людзей з базы «Беспорядки»

У Віцебску супрацоўнікі міліцыі зноў наведваюць людзей, якіх раней уключылі ў базу «Беспорядки». Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

Паводле праваабаронцаў, міліцыянты прыходзяць дадому да людзей, якіх прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Яны правяраюць месца жыхарства і аглядаюць мабільныя тэлефоны.

Ужо вядома пра некалькі выпадкаў, калі пасля такіх праверак супраць людзей распачыналі адміністрацыйныя справы паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі»). Ім пагражаюць штрафы або адміністрацыйны арышт.

База «Беспорядки» была створаная па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі пасля масавых пратэстаў 2020 года. Афіцыйна яна называецца «Адзіная інфармацыйная сістэма ўліку ўдзельнікаў акцый пратэсту», а пра яе запуск улады паведамілі ў снежні 2020 года.