Беларускі ПЭН зафіксаваў 738 парушэнняў культурных правоў за паўгоддзе. Хронікі рэпрэсій 3 жніўня
Беларускі ПЭН зафіксаваў сотні парушэнняў культурных правоў за першае паўгоддзе 2026 года. Тым часам пракуратура працягвае прызнаваць інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкімі», а МУС ліквідавала магчымасць анлайн праверыць, ці забаронены чалавеку выезд з краіны. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

Беларускі ПЭН: за паўгода зафіксавалі 738 парушэнняў культурных правоў
Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг сітуацыі з культурнымі правамі за першае паўгоддзе 2026 года. Паводле праваабаронцаў, нягледзячы на некалькі вызваленняў палітвязняў, агульная сітуацыя не палепшылася: улады працягваюць крымінальны пераслед дзеячаў культуры, цэнзуру, выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства і ціск як унутры краіны, так і за яе межамі.
За шэсць месяцаў аўтары даклада зафіксавалі 738 парушэнняў культурных правоў, а станам на 30 чэрвеня ў Беларусі было не менш за 61 палітвязня з ліку дзеячаў культуры. Агулам за кратамі, на «хіміі» або «хатняй хіміі» па палітычных матывах знаходзяцца не менш за 123 прадстаўнікі культурнай сферы.
Паводле маніторынгу, найбольш распаўсюджанымі формамі ціску сталі прызнанне культурных праектаў і матэрыялаў «экстрэмісцкімі», цэнзура, крымінальны пераслед, адвольныя затрыманні, а таксама пераслед арганізацый, выдавецтваў, музыкаў, пісьменнікаў і іншых прадстаўнікоў культурнай супольнасці. У ПЭНе адзначаюць, што рэпрэсіі ўсё часцей закранаюць не толькі асобных людзей, але і магчымасць захавання беларускай культуры, мовы і гістарычнай памяці.
Пракуратура Віцебскай вобласці за паўгода накіравала ў суды 108 заяў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі»
За першыя шэсць месяцаў 2026 года пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суды 108 заяў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
У паведамленні прэс-службы ведамства асобна згадваецца Instagram-старонка былога палітвязня і віцебскага культурнага менеджара Уладзіміра Булаўскага, якая была прызнаная «экстрэмісцкай» судом Чыгуначнага раёна Віцебска, піша «Віцебская Вясна».
Паводле версіі пракуратуры, на старонцы нібыта публікаваліся матэрыялы, якія «папулярызуюць пратэстную актыўнасць», а яе ўладальнік «размяшчаў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, выкарыстоўваў экстрэмісцкую сімволіку і фактычна ажыццяўляў пікетаванне ў сетцы Інтэрнэт».
Уладзімір Булаўскі быў асуджаны паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). У 2023 годзе суд Першамайскага раёна Віцебска прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі. Пасля вызвалення ён пакінуў Беларусь і ўжо ў эміграцыі пачаў весці Instagram-старонку, якую ў красавіку гэтага года прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
МУС закрыло анлайн-сэрвіс праверкі забароны на выезд з Беларусі
З сайта Міністэрства ўнутраных спраў знік сэрвіс, які дазваляў анлайн праверыць, ці дзейнічае ў дачыненні да чалавека часовая забарона на выезд з Беларусі. На гэта звярнула ўвагу «Гомельская Вясна».
У МУС сцвярджаюць, што гэта звязана з новымі правіламі працы базы даных. Цяпер атрымаць такую інфармацыю можна толькі асабіста — у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства.
Паводле ведамства, адказ павінны даць на працягу аднаго працоўнага дня.
Раней сэрвіс дазваляў за некалькі хвілін праверыць, ці не ўключаны чалавек у спіс тых, каму часова забаронены выезд з Беларусі. Цяпер такая магчымасць больш недаступная.