Масавыя затрыманні пад Расонамі, новыя «экстрэмісцкія» спісы і прысуд айцішніку. Хронікі рэпрэсій 30 ліпеня

 Пад Расонамі пасля рэйду сілавікоў затрымалі каля 350 удзельнікаў штогадовага злёту руху Rainbow Family, у тым ліку сем'і з дзецьмі. Тым часам у Мінску вынеслі чарговы прысуд паводле «экстрэмісцкага» артыкула, а Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», уключыўшы туды дзясяткі інтэрнэт-рэсурсаў.

1_1097_1.png

Пад Расонамі падчас міліцэйскага рэйду затрымалі каля 350 чалавек

Каля 350 чалавек былі затрыманыя падчас рэйду сілавікоў на штогадовым злёце прадстаўнікоў руху «Сям'я вясёлкі» (Rainbow Family). Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

Rainbow Family аб'ядноўвае людзей, якія выступаюць за гарманічнае суіснаванне з прыродай і крытычна ставяцца да каштоўнасцяў спажывецкага грамадства. Штогод удзельнікі руху збіраюцца ў маланаселеных мясцінах, ладзячы намётавыя лагеры паблізу вадаёмаў.

Паводле праваабаронцаў, на ўдзельнікаў злёту, якія прыехалі адпачыць на прыродзе і сустрэцца са знаёмымі, сілавікі здзейснілі маштабны рэйд. Людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі. Разам з дарослымі ноч у ізалятары часовага ўтрымання правялі і некалькі дзяцей.

На затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і паведамілі, што цягам двух месяцаў іх справы будуць разгледжаныя ў судах.

YouTube-канал гурта DZIECIUKI прызналі «экстрэмісцкім»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У новы пералік трапілі дзясяткі інтэрнэт-рэсурсаў у розных сацыяльных сетках.

У спіс уключылі Telegram-каналы: «Украинский Белорусофил», «Игорь Лосик», «Навальный LIVE», «СерпомПО», «БЧБ & КЗ Критическое мышление Беларусь», «wolnawyspa», «Пошукі старога Гомеля», «Популярная политика», «Острый угол», «Kaliyev channel», «Политизируйтесь с Кавказским».

Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя Instagram-старонкі: «bsmrtna (Podwiga Naroda-Bessmertna)», «happyyybeadsss», «project361.1», «wolnawyspa», «airrryn», «Пошукі старога Гомеля», «zhyvebelarus (ЖивеБеларусь)».

У пералік трапілі і старонкі ў Facebook: «dereviashki_palki», «Wyspa», «ИВАНОВО БЕЛАРУСЬ».

Сярод TikTok-акаўнтаў цяпер значацца: «Прастора "Pобiм разам"», «BITАЎТ», «БЕЛАРУСКАЯ МОЛАДЗЬ», «Iwanow Iwan», «sashka_1913».

Таксама ў спіс унесены старонкі ў Threads: «Ivan Mashkin 28.08.1993», «the_tema_bus», «Swieta Nilla», «Наталья Гладких».

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя інтэрнэт-рэсурсы «POLSKA AGENCJA PRASOWA» і «ПРАДСТАЎНІЦТВА ПА НАЦЫЯНАЛЬНЫМ АДРАДЖЭННІ Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі».

У раздзел YouTube-каналаў дадалі «Гордыя Беларусы», «harodnia.com» і DZIECIUKI.

За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» асудзілі айцішніка

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 28-гадоваму праграмісту Багдану Цяцёркіну. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляе «Наша Ніва».

Паводле інфармацыі выдання, верагодна, яму прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Багдан Цяцёркін нарадзіўся ў 1997 годзе, скончыў мінскую сярэднюю школу № 13 і працуе праграмістам. У сацыяльных сетках ён вядомы сваімі жартамі на IT-тэматыку.