Гісторыя ўцёкаў Кудзіненкі і новыя абмежаванні свабоды веравызнання. Хронікі рэпрэсій 28 ліпеня
У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» асудзілі рэкламшчыцу з Мсціслава, рэжысёр Андрэй Кудзіненка распавёў пра ператрусы і вымушаны ад'езд з краіны, а ўлады фактычна пацвердзілі курс на яшчэ больш жорсткі кантроль над рэлігійным жыццём.

Андрэй Кудзіненка распавёў пра ператрусы і вымушаны ад'езд з Беларусі
Беларускі рэжысёр і дырэктар прыватнай кінашколы «КінаКалайдар» Андрэй Кудзіненка ў інтэрв'ю «Белсату» расказаў падрабязнасці ператрусаў, пасля якіх быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Паводле яго, раніцай 22 ліпеня ў дзверы ягонай кватэры пачалі грукаць сілавікі.
«Ты спіш, і пачынаюць біць у дзверы. Не званіць — адразу біць і раўці... Паглядзеў у вочка, а там мне свецяць у вочы, напісана "АМАП", крычаць: "Міліцыя"».
У кватэру ўварваліся восем супрацоўнікаў АМАПу і двое прадстаўнікоў КДБ.
«Заляцелі, пасадзілі мяне, быў у трусах, надзелі кайданкі. Паўдня быў голы, пакуль не павезлі ў офіс. Не еў, не піў».
Сілавікі, паводле слоў Кудзіненкі, шукалі «экстрэмісцкія дакументы», сімволіку і распытвалі пра замежнае фінансаванне кінашколы. Пасля ператрусу ў кватэры яго павезлі ў офіс школы. Агулам следчыя дзеянні працягваліся каля 15 гадзін. У рэжысёра канфіскавалі пашпарт і тэлефон.
Пра тое, што Кудзіненка быў вымушаны пакінуць Беларусь, паведаміў ягоны сябар Януш Гаўрылюк. Ён таксама папярэдзіў, што ўсе мэсэнджары і акаўнты рэжысёра ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ.
Сам Кудзіненка назваў прозвішчы двух супрацоўнікаў КДБ, якія, паводле яго слоў, удзельнічалі ў ператрусах, — Лапацін і Белаванаў.
Ураджэнку Мсціслава, якая жыве ў Расіі, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
39-гадовую Ірыну Дундукову Магілёўскі абласны суд прызнаў вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Ірына родам з Мсціслава. Значную частку жыцця яна правяла ў Маскве, дзе ў 2011 годзе скончыла Маскоўскую фінансава-юрыдычную акадэмію па спецыяльнасці «рэклама». Жанчына жыла ў Падмаскоўі, працавала дыстанцыйна і перыядычна прыязджала ў Беларусь да бацькоў.
Паводле інфармацыі выдання, яе, імаверна, затрымалі падчас адной з такіх паездак.
Як адзначае «Наша Ніва», верагодна, суд прызначыў Ірыне Дундуковай абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Беларускія ўлады працягваюць узмацняць кантроль над рэлігійным жыццём
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый у Мазыры заявіў, што ў Беларусі заканадаўча абмежавалі місіянерскую дзейнасць замежных грамадзян і «паставілі перашкоду» спробам навязаць беларусам «чужую веру».
Паводле ацэнкі ініцыятывы «Хрысціянская візія», гэтыя заявы фактычна пацвярджаюць жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне свабоды веравызнання і супярэчаць міжнародным стандартам, у тым ліку артыкулу 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які гарантуе права чалавека выбіраць і змяняць сваю рэлігію або перакананні.
«Хрысціянская візія» таксама звярнула ўвагу, што пасля сустрэчы дзяржаўныя медыя адрэдагавалі свае матэрыялы. Першапачаткова паведамлялася, што ўдзельнікі абмяркоўвалі прычыны ліквідацыі каталіцкіх і праваслаўных парафій у Беларусі, аднак пасля гэтая інфармацыя была выдаленая. Тэма захавалася толькі ў сюжэце мясцовага тэлебачання.
Яшчэ адной важнай зменай стала перападпарадкаванне інстытута ўпаўнаважанага непасрэдна Аляксандру Лукашэнку. Раней яго апарат уваходзіў у сістэму Савета Міністраў, цяпер жа дзейнасць упаўнаважанага курыруе Адміністрацыя прэзідэнта. Згодна са змяненнямі, ён павінен інфармаваць кіраўніка дзяржавы праз Адміністрацыю прэзідэнта і забяспечваць яе аналітычнымі матэрыяламі па рэлігійнай і нацыянальнай сферах.
На думку «Хрысціянскай візіі», гэта сведчыць не пра тэхнічную рэарганізацыю, а пра ўзмацненне палітычнага кантролю над рэлігійнай сферай.