+21 новы палітвязень і падрабязнасці масавых затрыманняў пад Расонамі. Хронікі рэпрэсій 31 ліпеня
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 21 чалавека. Тым часам сталі вядомы падрабязнасці рэйду на злёце Rainbow Family пад Расонамі, дзе сілавікі затрымалі сотні людзей. Сабралі галоўныя праявы палітычнага пераследу ў Беларусі за апошнія дні.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 21 чалавека
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 21 чалавека.
У першую заяву ўвайшлі 13 чалавек: Аксана Вальвачова, Юрый Дашкевіч, Генадзь Карнеевец, Дзмітрый Мязяк, Кірыл Слівец, Іван Літвін, Алесь Масюк, Павел Севасцьян, Віктар Марчык, Віталіна Міхаленя, Андрэй Печань, Андрэй Гарбанаў і Вадзім Багданаў.
Пазней праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ васьмярых: Віталя Мусіловіча, Вадзіма Саракавіка, Андрэя Судзібора, Аляксандра Аўдзевіча, Аляксандра Яжэўскага, Аляксея Шахлая, Міхаіла Філіпенку і Мікалая Багданчыка.
Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед гэтых людзей звязаны з мірнай рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый. Яны таксама чарговы раз звярнулі ўвагу на выкарыстанне «экстрэмісцкіх» артыкулаў і абвінавачанняў у «здрадзе дзяржаве» для крымінальнага пераследу апанентаў улады.
МУС пацвердзіла масавыя затрыманні ўдзельнікаў злёту Rainbow Family пад Расонамі
МУС пацвердзіла масавае затрыманне ўдзельнікаў штогадовага злёту руху «Сям'я вясёлкі» (Rainbow Family) ў Расонскім раёне. Паводле афіцыйнай інфармацыі, былі затрыманыя не менш за 277 чалавек, у тым ліку 26 дзяцей, а таксама 68 замежных грамадзян, з якіх 67 — грамадзяне Расіі і адзін — Ізраіля. Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».
Паводле незалежных крыніц, удзельнікаў злёту магло быць каля 350 чалавек. Людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі, а дзяцей разам з бацькамі на ноч размясцілі ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры.
Міліцыя сцвярджае, што выехала пасля паведамлення пра «шумнае мерапрыемства». У дачыненні да ўдзельнікаў распачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 24.23 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), а на частку затрыманых таксама склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Дзяржаўныя медыя таксама сцвярджаюць, што арганізатарамі злёту былі двое жыхароў Мінска, якіх назвалі «радыкальнымі прадстаўнікамі апазіцыі». Гэтыя сцвярджэнні не пацверджаныя незалежнымі крыніцамі.
Старонку Паўла Севярынца, бот «Кіберпартызан» і «ДРОН МЕДИА» прызналі «экстрэмісцкімі»
Міністэрства інфармацыі папоўніла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У спіс уключылі Telegram-боты «Кибер-Партизанбот», «КП Срочно!», «КП join», «П-тг техподдержка», «Partisan QA».
«Экстрэмісцкімі» таксама прызналі Instagram-старонкі Віталіі Вішняковай, «memorial.society» і «volya_vysotskaia», старонку Паўла Севярынца ў «Аднакласніках», старонкі ў Threads «nikolai_tiko», «swetlanapolakowa» і «belarusiancorps», Facebook-старонку «Вялікае Княства Мэмоўскае», а таксама інтэрнэт-рэсурсы «Слово i дiло» і «ДРОН МЕДИА».
Акрамя таго, у пералік унеслі лагатыпы Telegram-рэсурсаў «Киберпартизаны BY», «Кибер-Партизанбот», «Вялікае Княства Мэмоўскае», «П-тг техподдержка» і «Partisan QA».
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ пяць чалавек
МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У новы пералік дадалі яшчэ пяць чалавек. Цяпер у ім 6811 прозвішчаў.
Сярод новых фігурантаў — палітвязень Аляксандр Баранаў, асуджаны па «справе Гаюна».
Айцішніка родам з Мазыра асудзілі па шэрагу палітычных артыкулаў
Вэб-распрацоўшчыка Юрыя Філаменку судзілі паводле артыкулаў аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёпе на Лукашэнку» і «дыскрэдытацыі Беларусі». Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Дакладныя абставіны і дата яго затрымання невядомыя.
Паводле звестак выдання, мужчыну пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі. Дакладны прысуд не паведамляецца, аднак імаверна, што яму прызначылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
«Вясна» апублікавала агляд рэпрэсій у рэгіёнах Беларусі
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў агляд палітычнага пераследу ў рэгіёнах Беларусі за ліпень.
Паводле праваабаронцаў, рэпрэсіі працягваюцца па ўсёй краіне. У Гродзенскай вобласці працягваецца ціск на праваабаронцаў, журналістаў, святароў і актывістаў, у Брэсцкай — выносяцца новыя палітычна матываваныя прысуды і пашыраецца практыка прызнання інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі», у Магілёўскай — працягваецца пераслед палітвязняў, у Віцебскай — затрыманні і новыя крымінальныя справы, а ў Гомельскай вобласці рэгулярна выносяцца прысуды паводле палітычных артыкулаў, у тым ліку па «справе Гаюна». Поўны агляд даступны на сайце «Вясны».