Суды над Міхалком і ціск на палітвязняў пасля вызвалення. Хронікі рэпрэсій 29 ліпеня
Пракуратура Брэсцкай вобласці працягвае маштабную кампанію па прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі», у Мінску пачынаюць завочна судзіць музыканта Сяргея Міхалка, а былыя палітвязні пасля памілавання працягваюць сутыкацца з незаконнымі абмежаваннямі. Расказваем пра галоўныя праявы палітычнага пераследу за апошнія дні.

Пасля памілавання былыя палітвязні працягваюць сутыкацца з незаконнымі абмежаваннямі
Памілаванне ў Беларусі не азначае спынення пераследу. Пра гэта сведчыць досвед былых палітвязняў, пра які распавялі «Вясне» адзін з вызваленых зняволеных і праваабаронца Уладзь Лабковіч.
Былы палітвязень Антон (імя змененае з меркаванняў бяспекі) паведаміў, што ўжо праз некалькі дзён пасля вызвалення высветлілася: ягоны пашпарт ануляваны, а атрымаць новы дзяржава адмовілася. Без дзейнага пашпарта чалавек фактычна пазбаўляецца магчымасці адкрыць банкаўскі рахунак, атрымаць шэраг дзяржаўных паслуг, аформіць дакументы або распараджацца маёмасцю.
Яшчэ адной праблемай стаў прафілактычны ўлік. Паводле Антона, былым палітвязням забараняюць наведваць масавыя мерапрыемствы і нават збірацца кампаніяй больш за двух чалавек. Першыя тыдні пасля вызвалення іх прымушаюць амаль штодня адзначацца ў міліцыі, рэгулярна адбіраюць біяметрычныя ўзоры і фатаграфуюць.
Акрамя таго, вызваленых абавязваюць працаўладкавацца ў кароткія тэрміны, хоць праз судзімасць і знаходжанне ў спісах «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» знайсці працу вельмі складана. Паводле слоў былога палітвязня, супрацоўнікі міліцыі пагражалі прымусовым працаўладкаваннем.
Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч адзначае, што значная частка гэтых абмежаванняў не прадугледжаная законам і супярэчыць як нацыянальнаму заканадаўству, так і міжнародным стандартам. На яго думку, такая практыка фактычна становіцца працягам палітычнага пераследу пасля вызвалення.
Брэсцкая пракуратура працягвае маштабную зачыстку інтэрнэт-рэсурсаў
За першае паўгоддзе 2026 года пракуратуры Брэсцкай вобласці накіравалі ў суды 117 заяў аб прызнанні інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі».
У выніку ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі ўключаныя дзясяткі старонак і акаўнтаў у Instagram, TikTok, Threads, Facebook, YouTube, Telegram, X, «УКантакце», а таксама сайты і мабільныя дадаткі.
Сярод апошніх рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», — Instagram-акаўнт незалежнага медыя KYKY.org, TikTok-акаўнты «Пояс Белавежы» і «Па першае, я з Пінска», а таксама шэраг іншых інтэрнэт-пляцовак.
Акрамя гэтага, пракуратура дамаглася абмежавання доступу да сайта «Зялёнага тэлефона» — экалагічнай ініцыятывы, якая займалася кансультацыямі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.
У ведамстве паведамілі, што яшчэ 10 інфармацыйных рэсурсаў ужо накіраваныя на экспертызу. Пасля яе завяршэння могуць быць пададзеныя новыя заявы аб прызнанні іх «экстрэмісцкімі».
У Мінску завочна пачынаюць судзіць Сяргея Міхалка
29 ліпеня Мінскі гарадскі суд пачынае разгляд крымінальнай справы супраць музыкі Сяргея Міхалка.
54-гадоваму лідару гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Brutto інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («абраза Лукашэнкі»).
Справу будуць разглядаць завочна.
Супрацоўніка агенцтва нерухомасці асудзілі па палітычнай справе
28-гадовага Мікіту Ломскага, які да затрымання працаваў памочнікам маркетолага ў агенцтве «Авангард-нерухомасць», асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
Як паведамляе «Наша Ніва», мужчыну затрымалі і змясцілі ў СІЗА, пасля чаго Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Паводле інфармацыі выдання, імаверна, Мікіту Ломскаму прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).