Новыя прысуды палітвязням і пераслед Андрэя Кудзіненкі. Хронікі рэпрэсій 27 ліпеня
У Беларусі вынеслі новыя палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку актывістам «Green Network» і беларусу, які больш за два дзесяцігоддзі жыве ў Польшчы. Пра пераслед і вымушаны выезд паведаміў таксама рэжысёр Андрэй Кудзіненка.

Палітвязням па справе «Green Network» прызначылі па шэсць гадоў калоніі
Вынесены прысуд палітвязням Глебу Герасімовічу і Аляксандру Мількамановічу. Суд прызначыў кожнаму па шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічынь. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
Крымінальны пераслед звязаны з рашэннем КДБ ад 30 ліпеня 2025 года аб прызнанні кааліцыі ініцыятыў «Green Network» «экстрэмісцкім фармаваннем». Улады ўключылі ў яе праекты «Belarus Beehive», «Зялёны Партал» і грамадскае аб'яднанне «Экадом». Таксама вядома, што Герасімовіч і Мількамановіч былі заснавальнікамі беларускай стартап-школы Malimon.
Завочна асудзілі Паўла Міцкевіча, які больш за 20 гадоў жыве ў Польшчы
Суд завочна прызначыў беларусу Паўлу Міцкевічу пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго абавязалі выплаціць штраф у памеры 22 500 рублёў (500 базавых велічынь), паведамляе «Вясна».
Павел Міцкевіч — заснавальнік, старшыня праўлення і кіраўнік праектаў фонду «Okno na Wschód». Да 2020 года арганізацыя займалася польска-беларускімі і польска-ўкраінскімі адукацыйнымі і культурнымі праектамі. Пасля фонд засяродзіўся на дапамозе перасяленцам з Беларусі, Украіны і Расіі ў Беластоку, а таксама іх інтэграцыі.
Рэжысёр Андрэй Кудзіненка быў вымушаны пакінуць Беларусь праз пераслед
Беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка пакінуў краіну пасля пераследу з боку сілавікоў. Пра гэта ў Facebook паведаміў ягоны сябар, арт-менеджар і рэжысёр Януш Гаўрылюк.
«Увага: усе мэсэнджары і акаўнты Андрэя ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ», — напісаў ён.
Паводле слоў Гаўрылюка, Кудзіненку абвінавачваюць у «экстрэмізме». У яго дома і ў кінашколе прайшлі ператрусы, якія працягваліся каля 15 гадзін. У іх удзельнічалі супрацоўнікі АМАПу і КДБ. У рэжысёра канфіскавалі пашпарт і тэлефон, а таксама паведамілі, што яму пагражае ад васьмі да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.
За паўгода ў Беларусі па палітычна матываваных артыкулах асудзілі 12 непаўналетніх
Паводле афіцыйнай статыстыкі Вярхоўнага суда, за першае паўгоддзе 2026 года суды вынеслі прысуды 239 непаўналетнім. З іх 12 былі асуджаныя па палітычна матываваных артыкулах.
Як вынікае са справаздачы, дзевяць падлеткаў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Таксама непаўналетніх судзілі паводле артыкулаў аб «закліках да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў».
Паводле агульнай судовай статыстыкі, 22 непаўналетнія атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі.
Айцішніка з вялікім досведам асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму» і зброю
Айцішнік Мікалай Буры, які працуе ў IT-сферы больш за дзесяць гадоў і пачынаў кар'еру ў EPAM, сёлета быў асуджаны па палітычна матываванай справе. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Паводле звестак выдання, мужчыну затрымалі ў верасні 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Праз больш чым паўгода Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 2 арт. 295 («незаконныя дзеянні са зброяй або выбуховымі рэчывамі»).
Дакладны прысуд пакуль невядомы. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», верагодна, гаворка ідзе пра абмежаванне волі («хатнюю хімію»).
27-гадовага тэсціроўшчыка асудзілі пасля вяртання з Польшчы
Брэсцкі абласны суд вынес прысуд 27-гадоваму тэсціроўшчыку Вадзіму Багданаву паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра гэта паведаміла «Наша Ніва».
Багданаў нарадзіўся ў Кобрынскім раёне, пасля працаваў у розных сферах, а пазней перайшоў у IT і стаў тэсціроўшчыкам праграмнага забеспячэння. Паводле інфармацыі выдання, у 2024 годзе ён пераехаў у Польшчу, аднак напрыканцы 2025 года быў затрыманы пасля вяртання ў Беларусь і змешчаны ў СІЗА.
Паводле звестак «Нашай Нівы», верагодна, мужчыну прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.