7 гадоў калоніі Валянціне Навумавай, новыя «тэрарысты» і «экстрэмісты». Хронікі рэпрэсій 24 ліпеня
Палітзняволеную Валянціну Навумаву асудзілі да сямі гадоў калоніі, КДБ і МУС папоўнілі «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» спісы, а праваабаронцы паведамілі пра працяг пераследу вернікаў у межах «справы Гаюна». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія суткі.

Палітзняволеную актывістку Валянціну Навумаву асудзілі да 7 гадоў калоніі
Гродзенскі абласны суд 24 ліпеня агучыў прысуд грамадскай актывістцы Валянціне Навумавай — сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Гарадзенская Праваабарона». Менавіта такое пакаранне прасіў пракурор.
Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».
Нагадаем, Навумава доўгі час была сябрай партыі «Справядлівы свет». У 2017 годзе яе аштрафавалі на 15 базавых велічынь за ўдзел у акцыі супраць «дэкрэта аб дармаедах».
Палітвязня з інваліднасцю пасля збіцця прымушаюць працаваць у калоніі і змяшчаюць у ШІЗА
Былы супрацоўнік мытнай службы Яўген Гурыновіч знаходзіцца за кратамі прыкладна з вясны 2022 года. Ініцыятыва dissidentBY раней паведамляла, што падчас затрымання яго жорстка збілі. Пасля гэтага палітвязень доўгі час не мог хадзіць, карыстаўся інвалідным вазком і мыліцамі. Паводле інфармацыі крыніцы «Вясны», яму зламалі пазванок.
У 2024 годзе Гурыновіча асудзілі да 13,5 года калоніі паводле шасці крымінальных артыкулаў. З-за стану здароўя суд адбываўся непасрэдна ў СІЗА №1.
Як паведамляе «Вясна», у магілёўскай калоніі №15 палітвязня ўтрымліваюць у гаспадарчым атрадзе асобна ад іншых асуджаных. Нягледзячы на інваліднасць, яго прымушаюць працаваць у прамысловай зоне, куды ён дабіраецца на мыліцах. Таксама яму рэгулярна выносяць спагнанні і змяшчаюць у ШІЗА, як адзначаюць крыніцы, без істотных падстаў.
Пінскага святара асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»
Праваслаўнага святара Аляксея Пыцько асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). 24 ліпеня яго імя таксама з'явілася ў «спісе экстрэмістаў» МУС.
Брэсцкі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Як паведамляе @christianvision, магчыма, пераслед звязаны са «справай Гаюна».
Аляксею Пыцько 43 гады. Ён служыць у Пінскай дыяцэзіі і разам з жонкай выхоўвае пецярых дзяцей.
Паводле «Хрысціянскай візіі», не менш за дзесяць вернікаў былі асуджаныя або, імаверна, асуджаныя ў межах «справы Гаюна» .
Сярод іх — два святары, пастар, прапаведнік і шэсць свецкіх вернікаў. Яны належаць да праваслаўнай, каталіцкай, грэка-каталіцкай і розных пратэстанцкіх цэркваў.
У чатырох выпадках перадача звестак маніторынгаваму праекту пацверджаная. Яшчэ ў шасці сувязь са «справай Гаюна» мяркуецца паводле абставінаў пераследу і прад'яўленых абвінавачанняў. Рэальная колькасць можа быць большай, бо суды праходзяць у закрытым рэжыме.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек
24 ліпеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У пералік уключылі яшчэ 12 чалавек, у тым ліку грамадзяніна Украіны Віктара Келера, асуджанага паводле абвінавачання ў «садзейнічанні экстрэмізму».
Цяпер у «спісе экстрэмістаў» — 6806 чалавек.
КДБ папоўніў «спіс тэрарыстаў» яшчэ на 14 чалавек
КДБ абнавіў пералік «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго ўключылі яшчэ 14 чалавек, сярод якіх тры жанчыны.
У спіс дадалі Аляксандра Зубрыка, Станіслава Прыгодзіча, Арцёма Сабалеўскага, Яўгена Пергаева, Алену Жылачкіну, Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка, Цімафея Малахоўскага, Аксану Вальвачову, Сяргея Пако, Валерыя Рынкевіча, Даната Дашкоўскага, Анатоля Вайцяхоўскага і Уладзіміра Карчэўнага.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1471 чалавек, з іх 719 — беларусы.
У «спіс тэрарыстаў» уключылі беларуса, які вярнуўся праз «камісію па вяртанні»
Сярод новых прозвішчаў у «тэрарыстычным спісе» — Анатоль Вайцяхоўскі.
Раней ён вярнуўся ў Беларусь праз «камісію па вяртанні». Да гэтага зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ, а пасля смерці суседа Уладзіміра Усера звярнуўся ў «камісію» і даў яшчэ адно інтэрв'ю дзяржаўным медыя.
Нягледзячы на гэта, Вайцяхоўскага асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў — за заклікі да санкцый, «паклёп» і «абразу» Лукашэнкі, а таксама «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Раней яго ўжо ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».
Журналістку Яўгенію Курловіч спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ
Журналістка Malanka Media Яўгенія Курловіч паведаміла, што чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ, звязаўся з ёй праз Telegram з нумара яе брата. Пра гэта распавяла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Пасля адмовы размаўляць па тэлефоне перапіска працягнулася ў Telegram. Суразмоўца прапаноўваў дапамогу з вяртаннем у Беларусь у абмен на перадачу інфармацыі, а выкарыстанне нумара брата тлумачыў «клопатам пра здароўе маці».
«Размаўляць з КДБ я не хачу і не буду», — заявіла Курловіч.
Нагадаем, Malanka Media беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», а асабісты TikTok-канал журналісткі — «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Вакалістку Dymna Lotva будуць судзіць завочна
Мінскі гарадскі суд 14 жніўня пачне завочны разгляд справы 37-гадовай вакалісткі гурта Dymna Lotva Кацярыны Манкевіч.
Ёй інкрымінуюць «прапаганду тэрарызму», «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «пагрозу гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі» і «абразу Лукашэнкі».
Сілавікі праводзяць праверку супраць беларуса з Польшчы за відэа ў TikTok
Паводле версіі МУС, 39-гадовы ўраджэнец Ваўкавыска, які жыве ў Польшчы, публікаваў у TikTok відэа пра наркапрытоны ў родным горадзе, сцвярджаючы, што іх пакрывае міліцыя.
Цяпер сілавікі праводзяць праверку. Паводле версіі ведамства, дзеянні мужчыны могуць кваліфікаваць як «паклёп», «абразу прадстаўнікоў улады» і «распальванне варожасці».
У 2024 годзе яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. Паводле паведамлення МУС, супраць яго ўжо распачалі 13 крымінальных спраў, звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю».
Instagram LookByMedia прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Суд Горацкага раёна 22 ліпеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-старонку незалежнага беларускага фотаагенцтва LookByMedia.
У пералік таксама ўключылі Instagram-старонкі «Адраджэнне», «kalinouski.shop», «ales_minau», старонку Revival Belarus у Facebook, а таксама старонкі Alexandr Rudenok у Instagram, Threads і YouTube, «История Беларуси» ва «УКантакце» і старонкі Kolegium Europy Wschodniej у Instagram, Facebook і X.