Студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, выклікаюць у КДБ. Хронікі рэпрэсій 23 ліпеня
Беларускіх маладзёнаў, якія навучаюцца ў Польшчы або рыхтуюцца да паступлення, пачалі выклікаць на размовы ў КДБ. Тым часам у Мінску прызначылі новы завочны суд над прадстаўнікамі Палка Каліноўскага, а праваабаронцы паведамляюць пра новыя палітычныя справы і затрыманні. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі.

У жніўні пачнецца завочны суд над пяццю прадстаўнікамі Палка Каліноўскага
Мінскі гарадскі суд 20 жніўня пачне разгляд крымінальнай справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да пяці прадстаўнікоў і ўдзельнікаў Палка Каліноўскага.
Завочна будуць судзіць Мікалая Бойку, Юрыя Макітава, Наталлю Нікіціну, Крысціну Станкевіч і Міхаіла Чупрынскага. Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ўдзел у «злачыннай арганізацыі», «экстрэмісцкім фармаванні», «тэрарыстычнай арганізацыі» і «змову з мэтай захопу ўлады».
Маладзёнаў, якія навучаюцца ў Польшчы, пачалі выклікаць у КДБ
Паводле звестак «Вясны», у Беларусі навучэнцаў, якія ўжо вучацца ў Польшчы або рыхтуюцца да паступлення, пачалі выклікаць на размовы ў КДБ.
Сустрэчы адбываюцца і з непаўналетнімі — у прысутнасці бацькоў. Супрацоўнікі цікавяцца навучаннем, планамі на будучыню, знаёмымі ў Польшчы, а таксама могуць пытацца пра іншых беларусаў, праглядаць або фатаграфаваць змест тэлефонаў і Telegram.
Кіраўніка «Рускай праваслаўнай царквы Царскай Імперыі» будуць судзіць за экстрэмізм
Генеральная пракуратура паведаміла пра перадачу ў суд справы 51-гадовага мужчыны.
Паводле версіі следства, ён кіраваў незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй і аднайменным «экстрэмісцкім фармаваннем», дзейнасць якога, як сцвярджаюць сілавікі, была накіраваная на «распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці». Яму інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэкса.
Бізнесмена, які прадаваў тавары праз Wildberries і Ozon, асудзілі па палітычнай справе
У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд бізнесмену Максіму Кісялю. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», яго прызналі вінаватым паводле артыкула аб садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» і прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Паводле выдання, у лютым гэтага года Кісяль вярнуўся з адпачынку ў Аўстрыі, пасля чаго знік з сацыяльных сетак. Мяркуецца, што тады яго і затрымалі.
Затрыманыя ў Слоніме актывісты праходзяць па справе «Беларускай рады культуры»
Як паведамляе «Гарадзенская праваабарона», затрыманні ў Слоніме адбыліся ў межах групавой крымінальнай справы, звязанай з дзейнасцю «Беларускай рады культуры». Падобныя затрыманні прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі.
Паводле праваабаронцаў, затрыманыя ўдзельнічалі ў культурніцкіх сустрэчах, што беларускія ўлады цяпер трактуюць як удзел у дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання».
Нагадаем, учора стала вядома, што напрыканцы красавіка 2026 года ў Слоніме былі затрыманыя мясцовыя грамадскія актывісты: сябра БХД Алесь Масюк, актывісты Партыі БНФ Павел Севасцьян і Віктар Марчык.