У Беларусі +1 новы палітвязень, пракурор патрабуе 7 гадоў для Валянціны Навумавай. Хронікі рэпрэсій 21 ліпеня
Пракуратура Магілёўскай вобласці за паўгода накіравала ў суды 234 заявы аб прызнанні інтэрнэт-матэрыялаў «экстрэмісцкімі», Вярхоўны суд РФ прызнаў «Кіберпартызан» «экстрэмісцкай арганізацыяй», праваабаронцы прызналі новага палітвязня, а суд адмовіўся прыняць апеляцыю Леаніда Судаленкі.

Пракуратура Магілёўскай вобласці патрабавала прызнаць «экстрэмісцкімі» яшчэ 234 інтэрнэт-рэсурсы
Пракуратура Магілёўскай вобласці паведаміла, што ў першым паўгоддзі 2026 года выявіла больш за 230 інтэрнэт-рэсурсаў, якія ведамства лічыць «дэструктыўнымі».
Па выніках маніторынгу пракуроры накіравалі ў раённыя суды 234 заявы аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі».
Паводле версіі пракуратуры, кантэнт быў накіраваны на «папулярызацыю пратэстнай актыўнасці» і «дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне». Таксама ведамства паведамляе, што асобна адсочвала матэрыялы з нацысцкай сімволікай і публікацыі, якія палічыла рэабілітацыяй нацызму.
Вярхоўны суд Расіі прызнаў «Кіберпартызан» «экстрэмісцкай арганізацыяй»
Вярхоўны суд РФ прызнаў беларускую групу хактывістаў «Кіберпартызаны» і групу Silent Crow «экстрэмісцкімі арганізацыямі» і забараніў іх дзейнасць на тэрыторыі Расіі.
Як звярнула ўвагу выданне Reform.news, справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэнні.
Паводле версіі расійскага боку, удзельнікі групаў датычныя да кібератак на крытычную інфраструктуру і дзяржаўныя ўстановы РФ.
Пракурор запрасіў сем гадоў зняволення для Валянціны Навумавай
24 ліпеня павінна адбыцца апошняе судовае пасяджэнне па палітычна матываванай справе гарадзенкі Валянціны Навумавай.
Як паведамляе «Гарадзенская Праваабарона», пракурор запрасіў для жанчыны сем гадоў пазбаўлення волі.
Навумаву абвінавачваюць паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».
Яе затрымалі 5 верасня 2025 года. З таго часу яна знаходзіцца пад вартай.
Мінчука асудзілі за данаты ў 5 долараў і 10 еўра
Мінскі гарадскі суд вынес прысуд жыхару сталіцы, якога абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» і незаконным абароце агнястрэльнай зброі, піша reform.news.
Паводле версіі пракуратуры, падставай для абвінавачання паводле ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса сталі два данаты — 5 долараў у фонд BYSOL і 10 еўра ў адрас «Беларускай рады культуры», якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Яшчэ адзін эпізод справы датычыўся набыцця ў снежні 2024 года траўматычнага рэвальвера «БУЛЬДОГ», які, паводле заключэння эксперта, быў прызнаны агнястрэльнай зброяй траўматычнага дзеяння. Пракуратура сцвярджае, што мужчына незаконна захоўваў і перавозіў яго ў сваім аўтамабілі.
Суд прызначыў мінчуку пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, штраф у памеры 100 базавых велічынь, а таксама пастанавіў канфіскаваць рэвальвер і аўтамабіль.
Суд не прыняў апеляцыю Леаніда Судаленкі
Суд Маладзечанскага раёна адмовіўся прыняць апеляцыйную скаргу праваабаронцы Леаніда Судаленкі на рашэнне аб прызнанні яго TikTok-старонкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У судзе заявілі, што ў скарзе адсутнічаюць звесткі, якія пацвярджаюць прыналежнасць старонкі Судаленку, а таксама доказы таго, што рашэнне закранае яго правы і законныя інтарэсы.
Праваабаронца ўжо падаў прыватную скаргу ў Мінскі абласны суд.
Яшчэ адзін чалавек прызнаны палітвязнем
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем Юрыя Трашчынскага.
Больш за дваццаць гадоў ён працаваў гукарэжысёрам у Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў 2020 года Трашчынскі падпісаў петыцыю супраць гвалту сілавікоў і пазней выехаў у Польшчу. Яго затрымалі ў лістападзе 2025 года пасля вяртання ў Беларусь.
4 траўня 2026 года Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула аб «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» і прысудзіў 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічынь.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У абноўлены спіс унеслі:
Telegram-каналы «Werewolfcorps», «Suur-Suomen Sotilaat», «The Cult of the North», «Цёмны лес», «Адраджэнне», «Беларускі летнік у ЗША»;
Instagram-старонку the_last_silent_place;
старонкі ва «УКантакце» «Belultras.cоm/Ультрас Беларуси и мира», «Координационный совет», «ИВАНОВО БЕЛАРУСЬ».