Палітычныя чысткі на БелАЭС працягваюцца. Хронікі рэпрэсій 20 ліпеня
На Беларускай АЭС працягваюцца звальненні супрацоўнікаў праз меркаваную «нелаяльнасць», палітвязня Васіля Верамейчыка перавялі на турэмны рэжым, а стан здароўя журналіста Ігара Ільяша пасля працяглага знаходжання ў ШІЗА значна пагоршыўся. Сабралі галоўныя навіны пра палітычны пераслед у Беларусі.

На БелАЭС працягваюцца палітычныя чысткі
На Беларускай АЭС працягваецца хваля звальненняў праз меркаваную «нелаяльнасць». Як стала вядома «Люстэрку», са станцыі звольнілі начальніка лабараторыі дэфектаскапіі Уладзіміра Вашчылу — ключавога спецыяліста, які калісьці настаяў на праверцы корпуса рэактара пасля таго, як ён зваліўся падчас разгрузкі. Мужчыну арыштавалі на сем сутак пасля праверкі тэлефона супрацоўнікамі КДБ, а пасля звольнілі «за прагулы».
Паводле крыніц, сапраўднай прычынай сталі яго актыўнасць у сацыяльных сетках да 2020 года, а таксама «абуральныя паводзіны»: адмова прымушаць падначаленых удзельнічаць у праўладных мітынгах у 2020 годзе і ўхіленне ад арганізацыі прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газеты.
Пасля звальнення супрацоўнікам лабараторыі разаслалі папераджальныя лісты з патрабаваннем «пачысціць» свае сацыяльныя сеткі. У паведамленні ўтрымлівалася пагроза: «Хто недагледзеў, той будзе мець праблемы».
Былы каліновец Васіль Верамейчык пераведзены на турэмны рэжым
Як стала вядома «Нашай Ніве», палітвязню Васілю Верамейчыку змянілі рэжым утрымання.
Паводле інфармацыі, атрыманай ад яго блізкіх, 9 ліпеня былога байца палка Каліноўскага перавезлі са шклоўскай калоніі №17 у турму №4 у Магілёве. На які тэрмін яго перавялі на турэмны рэжым, пакуль невядома. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Яўгенія Верамейчык.
У чэрвені стала вядома, што Верамейчык мае сур'ёзныя праблемы са здароўем і ўжо быў уключаны праваабаронцамі ў гуманітарныя спісы. Мяркуючы па прызначаных яму леках, ён мог перанесці інфаркт міякарда або знаходзіцца ў стане высокай рызыкі яго развіцця.
Стан здароўя Ігара Ільяша пасля ШІЗА значна пагоршыўся
Журналіст Ігар Ільяш адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі №2 з канца 2025 года. Яго жонка, журналістка Кацярына Андрэева, не мае з ім непасрэднай сувязі, але праз свае крыніцы даведалася, што пасля 60 дзён у штрафным ізалятары стан яго здароўя істотна пагоршыўся. Пра гэта яна распавяла «Радыё Свабода».
Паводле яе слоў, вільготныя камеры ШІЗА і цяжкая праца на перапрацоўцы гумы адбіліся на фізічным стане Ільяша. У яго з'явіліся ацёкі рук і ног, пагоршыўся зрок, узніклі праблемы з каардынацыяй рухаў, ён пачаў кульгаць. З-за недастатковага харчавання і забароны на перадачы журналіст таксама моцна схуднеў.
«Ягонае здароўе — гэта тое, што мне баліць увесь час, а з астатнім, ведаю, ён дасць рады. Маральны стан у яго добры. Ён шмат чытае кніг, і паход у бібліятэку для яго важнейшы за паход у турэмную краму», — расказала Кацярына Андрэева.
Маці непаўналетняга дзіцяці асудзілі па палітычнай справе
Брэсцкі абласны суд вынес прысуд 38-гадовай жыхарцы Кобрына Алене Варонінай. Яе судзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», жанчыну, верагодна, асудзілі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Вядома, што Алена Вароніна выхоўвае 13-гадовае дзіця.
Стала вядома пра прысуд былому вайскоўцу Антону Чарамных
Палітвязень Антон Чарамных знаходзіцца за кратамі амаль тры з паловай гады. Увесну 2024 года яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 356 КК («здрада дзяржаве» для ваеннаслужачых) і ч. 3 арт. 130 КК («распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»).
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што суд прызначыў Чарамных 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Антон Чарамных — падпалкоўнік, былы намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Ён мае дваіх дзяцей.
Жыхара Нароўлі асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
У Гомельскім абласным судзе 51-гадовага жыхара Нароўлі Сяргея Яскаўца прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Як паведамляе «Гомельская Вясна», мужчыну, імаверна, прысудзілі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Сяргей Яскавец родам з вёскі Зашыр'е Ельскага раёна. Ён жыве ў Нароўлі, працаваў выкладчыкам у мясцовым прафесійным ліцэі, а таксама зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік у сферы паслуг таксі.