Не менш за 57 палітвязняў — пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Хронікі рэпрэсій 16 ліпеня

 У Беларусі за кратамі працягваюць утрымліваць дзясяткі людзей сталага ўзросту, суды выносяць новыя палітычныя прысуды, прапагандысты адкрыта абяцаюць працяг «зачысткі» беларускай культуры, а Міністэрства інфармацыі папаўняе «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед за апошнія дні.

1_1097_1.png

Не менш за 57 палітвязняў знаходзяцца ў пенсійным і перадпенсійным узросце

За гады паслявыбарчых рэпрэсій беларускія ўлады не спыняліся перад пераследам найбольш уразлівых груп. За кратамі апынуліся людзі з інваліднасцю, адзінокія бацькі, шматдзетныя маці, цяжкахворыя, а таксама людзі сталага ўзросту. Узрост і цяжкі стан здароўя не сталі для іх абаронай ад крымінальнага пераследу.

Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на 14 ліпеня ў Беларусі ў няволі ўтрымліваюцца як мінімум 57 палітвязняў пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Дзевяці з іх ужо споўнілася 70 гадоў.

Па стане на 14 ліпеня мінімум 42 палітвязні ўжо дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Сярод іх — 24 мужчыны і 18 жанчын. Большасць — 32 чалавекі — маюць 60 гадоў і больш, у тым ліку дзевяць — больш за 70 гадоў. Яшчэ 10 чалавек — гэта жанчыны, якія ўжо маюць права на пенсію паводле ўзросту, а таксама былыя супрацоўнікі сілавых структур, што атрымліваюць пенсію за выслугу гадоў.

Акрамя таго, яшчэ 15 палітвязняў — мужчыны ва ўзросце ад 60 да 62 гадоў. Паводле беларускага заканадаўства, яны яшчэ не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (63 гады), але ўжо знаходзяцца ў перадпенсійным узросце.

Такім чынам, агулам у беларускіх месцах зняволення ўтрымліваюцца не менш за 57 палітвязняў пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Многія з іх маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Былы спецназавец атрымаў прысуд па пяці палітычных артыкулах

Гродзенскі абласны суд асудзіў 34-гадовага жыхара Бакштаў Аляксандра Аўдзевіча. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Яго прызналі вінаватым адразу паводле пяці палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130), «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342), а таксама ў паклёпе і абразе Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368).

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мужчыну пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі. Дакладны тэрмін пасля закрытага судовага працэсу не агучваўся, аднак вядома, што Аляксандр Аўдзевіч ужо адбывае пакаранне ў калоніі. Яго затрымалі напрыканцы мінулага або на пачатку гэтага года.

Гігін адкрыта паабяцаў працяг «зачысткі» беларускай культуры

Закрыццё этна-крам Ragna, HONAR і LSTR Adzieńnie, а таксама адмену фестывалю «Наш Грунвальд» у эфіры прапагандыста Рыгора Азаронка пракаментаваў дэпутат і кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, піша @zerkalo_io.

Ён заявіў, што ўлады не збіраюцца спыняць пераслед беларускай культурнай прасторы.

«Гэтыя спробы сказаць: "Ну калі ж ужо ўлада супакоіцца... Ці будзе адліга?" Будзе вам па галаве адліга. Будзем выкараняць да канца. <...> Калі вы думаеце, што мы нюх страцілі, калі вы думаеце, што не бачым тое, што вы спрабуеце тут укараніць, то ўсё мы бачым».

У якасці прыкладу Гігін прыгадаў, як сілавікі раней «выпалілі» кнігарню «Кнігаўка».

У сваю чаргу Азаронак заявіў, што асабіста адсочвае інтэрнэт у пошуках таго, што ён называе «крамолай»: сочыць, «дзе што прадаюць» і «дзе якія паэткі збіраюцца выступаць».

Нагадаем, сёлета арганізатары адмянілі фестываль «Наш Грунвальд». Прыкладна ў той жа час пад ціскам сілавікоў спынілі працу некалькі вядомых беларускіх брэндаў і крамаў нацыянальнай сімволікі.

«Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» зноў папоўніўся

Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўніла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго ўключылі:

  • старонкі ў Facebook «Алла Колесникович», «Дмитро Король», «Міхаiл Бойка»;
  • Telegram-стыкеры «TORGASH.1»;
  • старонку ў Threads «Навіны Магілеўскага рэгіёну»;
  • старонку ў TikTok «Belultras. Ультрас Беларуси».