У кватэры даследчыка сталінскіх рэпрэсій правялі ператрус. Хронікі рэпрэсій 14 ліпеня
У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Палітвязню павялічылі тэрмін зняволення да 18,5 гадоў пасля трэцяга прысуду, сілавікі правялі ператрус у кватэры даследчыка сталінскіх рэпрэсій, затрымалі Ніну Багінскую, а таксама абвясцілі новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Сабралі галоўныя падзеі апошніх дзён.

Палітвязню трэці раз дадалі тэрмін зняволення
Пацверджаныя звесткі пра тое, што аднаго з палітычных зняволеных, які адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна, трэці раз асудзілі і перавялі ў калонію ў Ваўкавыску, піша «Гомельская Вясна».
48-гадовага Андрэя Вячаслававіча Будая з Мінска, які з 2024 года адбываў пакаранне ў калоніі № 20, абвінавацілі ў «зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (артыкул 411 Крымінальнага кодэкса). Крымінальную справу паводле гэтага артыкула заводзяць з ініцыятывы адміністрацыі калоніі. Увесну гэтага года суд Мазырскага раёна прыгаварыў Андрэя яшчэ да паўтара года пазбаўлення волі.
Гэта ўжо другі прысуд Андрэю паводле артыкула аб «зацятым непадпарадкаванні». У 2024 годзе, калі палітвязень знаходзіўся ў калоніі № 2 у Бабруйску (Магілёўская вобласць), супраць яго таксама распачалі такую справу. Суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызначыў яму яшчэ два гады пазбаўлення волі. Пасля гэтага Андрэя перавялі ў калонію ў Мазырскім раёне.
У 2022 годзе Мінскі гарадскі суд па палітычна матываваным абвінавачанні прысудзіў Андрэя да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў. Пасля двух наступных прысудаў паводле артыкула 411 агульны тэрмін яго зняволення павялічыўся да 18,5 гадоў.
Паштовы адрас Андрэя цяпер: ПК № 11, вул. Ракасоўскага, 118, г. Ваўкавыск, Гродзенская вобласць, 231900.
Зноў затрымалі Ніну Багінскую
Вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую сілавікі затрымалі на вуліцы. Без усялякіх тлумачэнняў яны правялі агляд яе асабістых рэчаў і забралі з сумкі кнігу.
Пра гэта паведамілі «Белсату» відавочцы інцыдэнту.
Невядома, якая менавіта кніга была ў сумцы Багінскай. Гэтым разам абышлося без дастаўлення пенсіянеркі ў РУУС, аднак вярнуць кнігу супрацоўнікі міліцыі адмовіліся.
Ператрус у кватэры даследчыка сталінскіх рэпрэсій
Сілавікі правялі ператрус у мінскай кватэры вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча.
Пра ператрус ён даведаўся ад былой жонкі, з якой знаходзіцца ў разводзе ўжо 18 гадоў. З яе тэлефона Станкевічу патэлефанаваў невядомы, які паспрабаваў паразмаўляць з даследчыкам, што цяпер знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. На патрабаванне Ігара Станкевіча суразмоўца не назваў сябе, а толькі заявіў, што даследчык нібыта «вярбуе сабе людзей, каб атрымліваць пад гэта гранты».
Як адзначае сам Ігар Станкевіч, ягоныя сваякі пастаянна адчуваюць ціск з боку сілавікоў: у адных бралі ўзоры ДНК, у іншых перыядычна праводзяць ператрусы і распытваюць, чым і дзе займаецца іх сваяк, паведамляе @vicspring.
Ігар Станкевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Старонкі ягонай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», а імя даследчыка ўнесена ў базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Шматдзетную маці асудзілі па палітычнай справе
На 33-гадовую Эльвіру Ільіну, маці трох дачок і ўладальніцу івэнт-агенцтва, завялі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
Эльвіра Ільіна нарадзілася ў 1992 годзе і жыве ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна. Як мінімум з 2018 года яна працавала як індывідуальная прадпрымальніца і вяла ўласны бізнес.
Эльвіра кіравала Event Agency Imbir, займалася арганізацыяй і дэкорам святаў любой складанасці, стварэннем фотазон і кэндзі-бараў, а таксама вітрыністыкай. Паводле адкрытых даных, яе асноўным відам дзейнасці быў інтэрнэт-гандаль. Акрамя таго, яна здавала ў арэнду памяшканні для правядзення мерапрыемстваў.
У Беларусі абвясцілі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»
МУС і КДБ унеслі ў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» яшчэ два праекты — «Белорусское подразделение специального назначения 1514» і «Kamarouka».
Паводле ведамстваў, дачыненне да іх маюць:
Андрэй Трацэўскі, Станіслаў Шашко і былы палітвязень Кірыл Балахонаў («Белорусское подразделение специального назначения 1514»);
Дзмітрый Завадскі, Вольга Касянчук і Ксенія Каменка («Kamarouka»).