У Дзярэчыне арыштавалі каталіцкага святара. Хронікі рэпрэсій 13 ліпеня

У Дзярэчыне на 15 сутак арыштавалі каталіцкага святара Юрыя Грыцко. Тым часам праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ сем чалавек, супраць былога палітвязня Паўла Мажэйкі распачалі новую крымінальную справу, а родныя Дзяніса Івашына мяркуюць, што яго зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Таксама ўлады працягваюць прызнаваць «экстрэмісцкімі» арганізацыі, кнігі і старонкі ў сацыяльных сетках. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ сем чалавек

Гэта Алена Свірыдзенка, Ігар Свірыдзенка, Павел Кучэрын, Аляксандр Пелеш, Аляксей Ігнаценка, Яўген Цімашук і Аляксей Рамасюк.

Алена Свірыдзенка змешчаная пад варту паводле абвінавачання ў «закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК).

Ігар Свірыдзенка таксама знаходзіцца пад вартай паводле гэтага ж артыкула.

Павел Кучэрын змешчаны пад варту па абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Аляксандра Пелеша асудзілі паводле артыкулаў аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў, абразе прадстаўніка ўлады, суддзі і Аляксандра Лукашэнкі, распальванні варожасці і прызначылі шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

Аляксей Ігнаценка асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады і Аляксандра Лукашэнкі да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Ён адбывае пакаранне.

Яўген Цімашук адбывае два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову па абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама ў сувязі з інфармацыяй пра асуджэнне Аляксея Рамасюка да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») праваабаронцы яшчэ раз пацвердзілі пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве ад 10 жніўня 2020 года. Яны адзначылі, што лічаць пераслед людзей, асуджаных па гэтым артыкуле ў сувязі з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў, палітычна матываваным.

Супраць былога палітвязня Паўла Мажэйкі распачалі новую крымінальную справу

Улады распачалі новую крымінальную справу супраць былога палітвязня Паўла Мажэйкі яшчэ 11 траўня 2026 года. Верагодна, гаворка ідзе пра арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Гарадзенская Праваабарона».

«Я не ведаю, чаго дакладна тычыцца заведзеная справа. Ведаю пра дзясяткі так званых працэсуальных дзеянняў у дачыненні да маіх родных, сваякоў і знаёмых: ператрусы, допыты, у тым ліку нефармальныя размовы», — кажа Павел.

Паводле яго слоў, групы сілавікоў падчас ператрусаў шукаюць менавіта яго і «здзіўляюцца», што не могуць знайсці.

Адначасова падчас допытаў супрацоўнікі КДБ перадаюць яго родным, што ён нібыта можа «бяспечна» вярнуцца ў Беларусь.

Паводле Мажэйкі, падобныя прапановы атрымліваюць і іншыя былыя палітвязні, якіх прымусова вывезлі з краіны.

Родныя Дзяніса Івашына мяркуюць, што яго зноў змясцілі ў ШІЗА

18 чэрвеня Дзяніса Івашына вярнулі ў магілёўскую калонію пасля трох гадоў утрымання ў турме № 8 у Жодзіне.

Пра гэта распавяла БАЖ яго жонка Вольга Івашына.

Пасля ліста ад 21 чэрвеня сям'я больш не атрымала ад палітвязня ніводнага паведамлення.

«Адразу па прыбыцці ў калонію мужа мусілі памясціць у каранцін. Але адтуль лісты даходзілі. Зараз, калі лістоў няма ўжо 22 дні, выглядае на тое, што яго кінулі ў ШІЗА. Мы гэта ўжо праходзілі ў турме, калі Дзяніса трымалі ў штрафным ізалятары. Тады таксама лістоў не было па некалькі тыдняў», — сказала Вольга Івашына.

Яна таксама адзначыла, што не чакае ад знаходжання мужа ў ПК-15 нічога добрага. Раней у гэтай калоніі яго збівалі, здзекаваліся з беларускай мовы, пазбаўлялі тэлефонных званкоў, пасылак, спатканняў і некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар.

У Дзярэчыне затрымалі каталіцкага святара

«Гарадзенскай Праваабароне» стала вядома пра затрыманне каталіцкага святара Юрыя Грыцко.

9 ліпеня мясцовыя ўлады патэлефанавалі святару і папрасілі прыехаць у сельсавет. Калі ён прыбыў, яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі.

Святару надзелі кайданкі, пасля чаго адвезлі ў пастарунак.

10 ліпеня суд прызначыў Юрыю Грыцко 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паводле якога артыкула яго асудзілі, пакуль невядома.

Саша Філіпенка паведаміў пра візіт сілавікоў праз «справу ЕГУ»

Пра гэта пісьменнік расказаў у эфіры «Раніцы з "Белсатам"».

Паводле Філіпенкі, сілавікі час ад часу прыходзяць да яго дадому і турбуюць блізкіх.

«Апошні раз да мяне чамусьці прыходзілі ў сувязі з тым, што я таксама навучаўся ў ЕГУ. Напэўна, яны хацелі высветліць, што менавіта я рабіў у ЕГУ, хаця я адвучыўся там толькі першы курс».

Паводле літаратара, другая крымінальная справа супраць яго звязаная з інтэрв'ю, у якім ён расказваў пра свой раман «Слон».


«Нібыта другая справа праз тое, што было інтэрв'ю, і я размаўляў пра "Слана", а паколькі "Слон" прызнаны "экстрэмісцкім", то нібыта я не магу размаўляць пра свае кніжкі».

Пісьменнік адзначыў, што ператрусы — толькі адна з формаў ціску, які працягваецца супраць яго.

Старонкі NAVIBAND і дзясяткі іншых рэсурсаў прызналі «экстрэмісцкімі»

Суд Докшыцкага раёна 30 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі гурта NAVIBAND у сацыяльных сетках.

Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі:

  • Telegram-каналы і чаты «Скин Хеды», «Belultras.cоm/Ультрас Беларуси и мира»;
  • Instagram-старонкі «natagarl», «instbelknihi», «Sciahupolscy», «daliya57», «bottchergalina»;
  • акаўнты «Библiятэка Kamunikat – Камунiкат», «Беларусы Дзеяньня» і «Юрась Зянковіч»;
  • сайт «Voice of Belarus»;
  • YouTube-канал «Партизан Белорусский»;
  • YouTube-відэа «Этого нет в учебниках: Кровавая история Беларуси»;
  • старонкі ў Threads «i.m._yan_belarus», «oscarbarsuk», «listy.warszawa», «awsienwiadka», «Artsiom», «Hanna», «Anna Krasulina»;
  • старонку ў «Аднакласніках» «Алесь СЛАВЬяньин»;
  • Facebook-старонкі «Dan Trubkin», «Свабодныя беларусы ў Варшаве», «Byaction», «РУХ»;
  • TikTok-старонкі «Alena», «美羅», «Жыве Беларусь!», «GRAY_L1BERAL», «А....».

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігі Шушкевіча, Вячоркі, Коласа і іншых аўтараў

Суд Заводскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг друкаваных выданняў.

У спіс увайшлі:

  • «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»;
  • «Белым белы прастор замарожаны. Зборнік песняў на вершы Ларысы Геніюш і Пётры Русава»;
  • «Менская вясна. — Наша Ніва, 1996»;
  • «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» (Вінцук Вячорка);
  • «Народная праграма "Вольная Беларусь". Варшава — Нью-Ёрк — Менск»;
  • «Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы» (Станіслаў Шушкевіч);
  • «Беларуская палітычная сістэма і прэзідэнцкія выбары 2001 году. Менск. Аналітычная група. Варшава. Цэнтар дэмакратыі ўва Усходняй Эўропе»;
  • «Лёс ліцэя. Аўтабіяграфічныя запісы» (Уладзімір Колас);
  • «Праграма канстытуцыйных пераўтварэнняў» (Міхаіл Пастухоў).