Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы» і ператрусы праз «Нацыю лідараў». Хронікі рэпрэсій 15 ліпеня

 У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Сілавікі правялі новую хвалю ператрусаў, звязаную з ініцыятывай «Нацыя лідараў», Міністэрства інфармацыі папоўніла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», а Вярхоўны суд прызначыў разгляд апеляцыі па чарговай завочнай крымінальнай справе.

1_1097_1.png

Сталі вядомыя падрабязнасці ператрусаў у даследчыка сталінскіх рэпрэсій

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ператрусу ў Ігара Станкевіча — вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне.

Як паведамляе «Віцебская Вясна», учора ператрус у ягонай мінскай кватэры праводзілі пяць-шэсць чалавек, сярод якіх былі супрацоўнікі КДБ. У знаёмых Станкевіча распытвалі пра ініцыятыву «Нацыя лідараў», якая арганізуе анлайн-курсы па розных кірунках — ад грамадскага актывізму да вывучэння ўласнага радаводу.

Пазней Ігар Станкевіч даведаўся, што ператрусы ў Мінску адбыліся як мінімум яшчэ ў трох чалавек. Супрацоўнікі КДБ наведвалі не толькі іхнія кватэры, але і кватэры іхніх сваякоў і блізкіх. Паводле звестак «Віцебскай Вясны», ва ўсіх выпадках іх цікавіла датычнасць людзей да ініцыятывы «Нацыя лідараў».

Нагадаем, у кастрычніку 2024 года КДБ уключыў рэсурсы «Нацыі лідараў» і некалькі дваравых чатаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» пад агульнай назвай «Ордэн».

Instagram Blizko.by прызналі «экстрэмісцкім»

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 13 ліпеня прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку выдання Blizko.by, рэдакцыя якога знаходзіцца ў Мінску.

На старонку падпісаныя больш за 23 тысяч чалавек.

Апошнія пяць дзён акаўнт не абнаўляецца, а магчымасць пакідаць каментары там адключаная.

Акрамя таго, у чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў» увайшлі:

  • Telegram-каналы «Лига Свободных Наций», «NORD Karjalan Heimoryhmä», «Василина Орлова: Записки антрополога»;
  • Instagram-старонкі «paru.bok» і «Зухвалий Парубок»;
  • старонкі ў Facebook «Вольны Беларус» і «Міхаiл Бойка»;
  • сайт jam-news.net;
  • сайт і старонкі ў сацыяльных сетках арганізацыі Fundacja OKNO NA WSCHÓD;
  • YouTube-канал «В'ячеслав Сікора» і відэа «Как нас предали. Беларусь 2020 (режиссер Вячеслав Сикора, сценарий В. Кондратенко и В. Сикора)»;
  • старонка ў Dzen «ANTECC TYPLY»;
  • старонка ў Threads «i.m._yan_belarus»;
  • старонкі ў TikTok «Disident», «Рада БНР», «aquaheadhoe» і «Lilith Smith».

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю па завочнай справе былога міліцыянта

25 жніўня калегія Вярхоўнага суда разгледзіць апеляцыйную скаргу на завочны прысуд Міхаілу Куцко паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («здрада дзяржаве»).

Нагадаем, 12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд у межах спецыяльнай вытворчасці вынес прысуд былому міліцыянту з Гродна. Яму прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў).

Улетку 2020 года Міхаіл Куцко запісаў відэазварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пасля гэтага ён быў вымушаны пакінуць Беларусь.