У Беларусі +10 новых палітвязняў, а супрацоўнікаў завода выклікаюць у КДБ праз подпісы за Бабарыку. Хронікі рэпрэсій 17 ліпеня

 Праваабаронцы прызналі яшчэ дзесяць чалавек палітычнымі зняволенымі. У Рэчыцы супрацоўнікаў метызнага завода выклікаюць на размовы ў КДБ праз подпісы за Віктара Бабарыку ў 2020 годзе, сілавікі працягваюць ціснуць на беларусаў у эміграцыі праз іх знаёмых, а МУС і Міністэрства інфармацыі абнавілі свае рэпрэсіўныя спісы.

1_1097_1.png

Праваабаронцы прызналі яшчэ дзесяць чалавек палітвязнямі

17 ліпеня праваабаронцы прынялі заяву аб прызнанні яшчэ дзесяці чалавек палітычнымі зняволенымі.

Новы статус атрымалі Валянціна Бярэзіна, Марына Далматава, Сяргей Жукоўскі, Сяргей Заруба, Аляксей Кахановіч, Міхаіл Кароль, Вікторыя Паташкіна, Анатоль Рыбак, Аляксандр Сасноўскі і Антон Целеш.

Усе яны ўзятыя пад варту або ўжо асуджаныя да пазбаўлення волі ў сувязі з абвінавачаннямі ва ўзаемадзеянні з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў.

У Рэчыцы супрацоўнікаў завода выклікаюць у КДБ праз подпісы за Бабарыку

Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» стала вядома, што на Рэчыцкім метызным заводзе пачалі масава выклікаць супрацоўнікаў, якія летам 2020 года ставілі подпісы за Віктара Бабарыку.

Пры гэтым людзей, якія падтрымлівалі іншых альтэрнатыўных кандыдатаў, у тым ліку Святлану Ціханоўскую, пра гэта не распытваюць.

Паведамляецца, што супрацоўнікаў апытваюць пра тое, што іх не задавальняе ва ўладзе. Некаторых прымушаюць пад дыктоўку пісаць «пакаяльныя» тлумачэнні, у якіх яны павінны прызнаваць, што «памыляліся», «не зарыентаваліся ў грамадска-палітычнай сітуацыі» і «моцна раскайваюцца». Таксама ў людзей правяраюць тэлефоны.

Ужо вядома пра звальненне некалькіх супрацоўнікаў — афіцыйна «паводле пагаднення бакоў» — пасля такіх размоў.

Падчас гутарак абавязкова прысутнічае намеснік дырэктара завода ў бяспецы, рэжыме і кадрах Аляксандр Сыцько.

Сілавікі ціснуць на палітэмігрантаў праз іх знаёмых

Культурная менеджарка з Гродна Юлія Катаржынская, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, паведаміла, што сілавікі патрабавалі ад яе выйсці на сувязь, выкарыстоўваючы для гэтага яе знаёмых.

«Выклікалі на допыт маіх аднакласнікаў, аднагрупнікаў, выкладчыкаў (людзей, з якімі мы год 15 не камунікавалі) у мой дзень народзінаў, каб яны павіншавалі мяне, перадалі прывіт ад паліцаяў і іх патрабаванне тэрмінова выйсці з імі на сувязь, іначай усім будзе фігова».

Пра гэта паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

Паводле выдання, апошнім часам гарадзенская міліцыя без відавочных падстаў выклікае на допыты многіх людзей. Асаблівую цікавасць у сілавікоў выклікае дзейнасць беларусаў, якія знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі.

У «спісе экстрэмістаў» ужо 6794 чалавекі

17 ліпеня МУС традыцыйна абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім ужо 6794 чалавекі.

У спіс уключылі яшчэ 22 прозвішчы.

Сярод новых фігурантаў — грамадзянін Расіі Дзмітрый Карчэўны, асуджаны паводле шэрагу палітычных артыкулаў.

Таксама «экстрэмістам» абвясцілі 20-гадовага Арцёма Астратава з Віцебска.

Паводле інфармацыі МУС, ён быў асуджаны Віцебскім абласным судом паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію».

Арцём — выпускнік віцебскай школы № 4. Ён вывучаў замежныя мовы, быў удзельнікам алімпіяды па беларускай мове, а пазней стаў пераможцам юрыдычнай алімпіяды Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзяржаўныя медыя раней бралі ў яго інтэрв'ю, у якіх ён расказваў пра жаданне стаць настаўнікам, паведамляе @vicspring.

У спіс таксама ўнеслі 20-гадовага аршанскага хакеіста Мацвея Сіняўскага.

Паводле інфармацыі МУС, яго таксама асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК. Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію».

Мацвей Сіняўскі гуляў за хакейны клуб «Лакаматыў-Орша», выступаў пад нумарамі 24 і 67, а ў 2019 годзе ўваходзіў у склад зборнай Віцебскай вобласці, паведамляе @vicspring.

Яшчэ адным новым фігурантам стаў актывіст Анатоль Вайцяхоўскі, які на пачатку года вярнуўся ў Беларусь пасля палітычнай эміграцыі.

Перад вяртаннем ён разам са сваім суседам Уладзімірам Усерам зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ. Пасля смерці Усера Вайцяхоўскі звярнуўся ў «камісію па вяртанні», а ўжо на мяжы даў яшчэ адно інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, піша «Наша Ніва».

Як высветлілася, пасля вяртання яго асудзілі адразу паводле чатырох палітычных артыкулаў: за «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразу Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 368 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Мінімальнае пакаранне паводле гэтых артыкулаў складае чатыры гады пазбаўлення волі. Аднак, верагодна, Вайцяхоўскаму прызначылі «хатнюю хімію». Нягледзячы на гэта, ён унесены ў «спіс экстрэмістаў» з усімі абмежаваннямі, якія прадугледжвае гэты статус.

24-гадовую мінчанку асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Мінскі абласны суд вынес прысуд 24-гадовай Аляксандры Чаховіч паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляе «Наша Ніва».

Аляксандра родам з Асіповічаў. Апошнія гады яна жыла ў Мінску, працавала ў медыцынскай сферы, а ўвосень 2025 года шукала здымны пакой.

Верагодна, суд прызначыў ёй «хатнюю хімію».

Міністэрства інфармацыі папоўніла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У чарговае абнаўленне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў» увайшлі:

старонкі ў Facebook «Іншыя / The Others», «Nikolay Maminov (Nikolodion)», «Гражданская инициатива "Гародня"»;

старонка ў Instagram «v.vita26»;

YouTube-каналы «Martin Kram» і «Беларуская гадзіна»;

старонка ў «Аднакласніках» «Виталия Вишнякова».