Анкалогія ў палітзняволенай і новыя прыніжэнні на мяжы. Хронікі рэпрэсій 10 ліпеня

У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі анкалагічнае захворванне, праваабаронцы паведамілі пра жорсткае абыходжанне з Таццянай Корсакавай у СІЗА КДБ, беларусаў усё часцей прымушаюць распранацца на мяжы, а МУС папоўніла «спіс экстрэмістаў». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі. 

1_1097_1.png

У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі анкалагічнае захворванне

Таццяну Колас утрымліваюць у зняволенні больш за чатыры гады. У кастрычніку 2022 года былую супрацоўніцу Мінгарвыканкама асудзілі па «справе ЧКБ» да 6,5 гадоў калоніі. Яе прызналі вінаватай паводле чатырох крымінальных артыкулаў. У зняволенні ў жанчыны сур'ёзна пагоршылася здароўе.

Па інфармацыі «Вясны», у Таццяны выявілі анкалагічнае захворванне. Для далейшага абследавання і лячэння жанчыну мусяць перавесці ў шпіталь, але зрабіць гэта плануюць толькі праз некалькі месяцаў.

Акрамя таго, Таццяна пакутуе ад моцнага болю ў спіне, звязанага з перанесеным раней кампрэсійным пераломам пазваночніка.

Палітзняволеную Таццяну Корсакаву ў СІЗА КДБ змяшчалі ў «мяккі пакой» і пакідалі без пітной вады

Палітзняволеныя Таццяна і Дзмітрый Корсакавы знаходзяцца за кратамі амаль дзесяць месяцаў. У чэрвені 2026 года іх асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК). Дзмітрыю суд прызначыў 14 гадоў калоніі, Таццяне — 12 гадоў, а іх дачцэ Пелагіі, якая з 2021 года жыве ва Украіне, завочна прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцам стала вядома, што да суда мужа і жонку каля пяці месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Паводле іх інфармацыі, на Таццяну аказвалі псіхалагічны ціск: яе пазбаўлялі доступу да лекаў, змяшчалі ў «мяккі пакой» і прымушалі стаяць па 12 гадзін за чырвонай лініяй. Таксама ёй не давалі пітной вады, пакідаючы толькі міску з перасмажанай рыбай.

Беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну, усё часцей прымушаюць распранацца на мяжы

Беларусаў, якія раней прыцягваліся да адказнасці па палітычна матываваных справах, пры перасячэнні мяжы ўсё часцей прымушаюць распранацца. Як распавялі «Нашай Ніве» некалькі чалавек, упершыню з такой практыкай яны сутыкнуліся гэтай вясной.

Паводле іх слоў, такія праверкі пачаліся як мінімум у красавіку. Часам яны абмяжоўваюцца аглядам тэлефона, але ў іншых выпадках людзей просяць распрануцца да бялізны. Надгляд адбываецца ў прысутнасці двух панятых — супрацоўнікаў або выпадковых пасажыраў. Пасля чалавеку прапануюць падпісаць пратакол аб правядзенні надгляду, не тлумачачы яго прычын. На пытанні адказваюць толькі, што гэта «распараджэнне зверху».

Яшчэ аднаму беларусу, які прайшоў такую працэдуру, патлумачылі, што надгляд могуць праводзіць па рашэнні начальніка мытні ў дачыненні да чалавека, «калі да яго няма даверу».

Жанчыну, якая вярнулася з Турцыі, таксама забралі на індывідуальны надгляд, бо пасля выбараў 2020 года яе затрымлівалі на маршы.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 прозвішчаў — цяпер у ім 6772 чалавекі

10 ліпеня МУС апублікавала чарговае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 6772 чалавекі.

Сярод новых прозвішчаў — 19-гадовы Данат Дашкоўскі, 70-гадовая Ніна Гнядзько і святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы Віталь Быстроў.

Даната Дашкоўскага асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі), а таксама ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Паводле дакумента МУС, яго судзімасць не пагашаная.

Паводле інфармацыі МУС, Ніну Гнядзько асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Верагодна, жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»).

Імя святара Віталя Быстрова з'явілася ў «спісе экстрэмістаў» пасля прысуду Брэсцкага абласнога суда паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (чч. 1, 2 арт. 361-4 КК).

Нядаўна беларускія праваабарончыя арганізацыі ўключылі Быстрова ў спіс ужо вызваленых людзей, чый пераслед яны лічаць палітычна матываваным, і запатрабавалі яго поўнай рэабілітацыі. Раней таксама паведамлялася, што пасля 2020 года святара затрымлівалі, арыштоўвалі на 10 сутак, а ціск на грэка-каталіцкую парафію ў Івацэвічах стаў адной з прычын, чаму яна не змагла прайсці перарэгістрацыю і была вымушана падаць заяву аб ліквідацыі.

Стартапера з Гомеля асудзілі па «справе Гаюна»

Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» стала вядома, што затрыманага ў снежні 2025 года 29-гадовага гомельскага стартапера Міхаіла Вагу асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і прызначылі чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»).

Міхаіл Вага пасля заканчэння гомельскай гімназіі № 71 вучыўся на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. Пазней ён стварыў стартап HandEnergy — зарадную прыладу для смартфонаў, якая выпрацоўвае электраэнергію падчас руху ў руцэ.

У 2017 годзе пра вынаходніцтва і запуск прылады ў вытворчасць пісалі многія беларускія СМІ, у тым ліку дзяржаўная газета «СБ», якая паведамляла пра пакупнікоў з Кітая, Германіі і Беларусі.

У Гомелі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» асудзілі ўраджэнку Расіі

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 56-гадовай жыхарцы Мазыра Жанне Серадзе. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»).

Жанна Серада нарадзілася ў Расіі, дзе атрымала адукацыю ў сферы паліграфіі. Доўгі час яна жыве ў Мазыры, дзе стварыла сям'ю. Паводле «Гомельскай Вясны», жанчына захапляецца падарожжамі і наведала шмат краін свету.