Украінскі праект прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» у Беларусі. Хронікі рэпрэсій 8 ліпеня
Следчы камітэт пачаў завочны крымінальны пераслед яшчэ аднаго беларуса, праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі 40 былых палітвязняў, а КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» украінскі медыяпраект. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

Супраць Андрэя Сушы распачалі спецвытворчасць
Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да 48-гадовага Андрэя Сушы. Яго збіраюцца судзіць завочна.
Паводле версіі следства, Сушы інкрымінуюць адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб «абразе Лукашэнкі», «абразе прадстаўніка ўлады», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім», а таксама артыкулы, звязаныя з пагрозай гвалту, незаконным перасячэннем мяжы і абразай суддзі.
У паведамленні Следчага камітэта Андрэя Сушу заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з'явіцца ва ўпраўленне СК па Мінску.
Прымусовая праца ў калоніях можа не даць нават права на пенсію
Праваабаронца Алег Мацкевіч апублікаваў даследаванне, у якім прааналізаваў, як праца ў беларускіх калоніях уплывае на будучыя пенсіі былых зняволеных.
Паводле даследавання, гады прымусовай працы могуць ператварыцца ў лічаныя дні страхавога стажу. Прычына ў тым, што страхавы стаж залежыць ад памеру заробку і адпаведных адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а былыя палітвязні сведчаць пра сімвалічныя заробкі ў калоніях.
У даследаванні прыводзяцца прыклады, калі год працы ў калоніі можа быць залічаны як усяго некалькі дзён страхавога стажу. Паводле аўтара, такая сістэма фактычна пазбаўляе многіх былых зняволеных магчымасці назапасіць пенсійныя правы на роўных умовах з іншымі работнікамі.
Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі 40 былых палітвязняў
Беларускія праваабарончыя арганізацыі апублікавалі сумесную заяву, у якой патрабуюць поўнай рэабілітацыі 40 чалавек, чый крымінальны пераслед яны лічаць палітычна матываваным.
У гэты спіс уключылі і грэка-каталіцкага святара Віталя Быстрава. Яго затрымалі напрыканцы 2025 года ў межах справы праекта «Беларускі Гаюн», а ў красавіку 2026 года асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» да «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда.
Праваабаронцы патрабуюць адмяніць вынесеныя гэтым людзям прысуды, цалкам іх рэабілітаваць і кампенсаваць шкоду, прычыненую палітычным пераследам.
Украінскі праект «Фабрика Новин» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
КДБ прызнаў украінскі медыяпраект «Фабрика Новин» «экстрэмісцкім фармаваннем».
Паводле ведамства, дачыненне да праекта маюць Расціслаў Буняк, Юрый Бібік і Яўгенія Кутнова.
Пракуратура Магілёўскай вобласці за паўгады заблакавала яшчэ дзевяць інтэрнэт-рэсурсаў
Генеральная пракуратура паведаміла, што ў першым паўгоддзі 2026 года па пастановах пракурора Магілёўскай вобласці быў абмежаваны доступ да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў, піша Позірк.
Паводле версіі ведамства, на гэтых сайтах размяшчалася інфармацыя, якая нібыта «наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам», у тым ліку «прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць» і «дыскрэдытуе органы ўлады».
Сярод заблакаваных рэсурсаў — сайт Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні (revivalbelarus.org), якое беларускія ўлады лічаць часткай Аб'яднанага пераходнага кабінета. З верасня 2025 года сілавыя структуры атрымалі права самастойна абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў паводле ўрадавай пастановы аб прымяненні абмежавальных мер.
Спыніла працу экалагічная ініцыятыва «Зялёны тэлефон»
Пра спыненне працы паведаміла каманда «Зялёнага тэлефона» — адной з найбольш вядомых экалагічных ініцыятыў Беларусі, якая працавала амаль дзесяць гадоў.
Паводле ініцыятывы, яна была вымушаная закрыцца пасля таго, як яе старонкі ў сацыяльных сетках прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». За гады працы «Зялёны тэлефон» кансультаваў людзей па экалагічных праблемах і дапамагаў грамадзянскім ініцыятывам па ўсёй Беларусі.
Праваабаронца: улады ўсё часцей пераследуюць нават апалітычныя сустрэчы
Праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч звярнула ўвагу на ўзмацненне пераследу за апалітычныя сустрэчы людзей. За апошні месяц сілавікі ўмяшаліся як мінімум у тры такія мерапрыемствы: музычны рэйв пад Стоўбцамі, сустрэчу аматараў дрыфту каля Узды і пікнік у мінскім парку.
На думку праваабаронцы, гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, якія імкнуцца кантраляваць любую самаарганізацыю грамадзян. Праблемай для дзяржавы становіцца ўжо не змест сустрэч, а сам факт таго, што людзі збіраюцца без дзяржаўнага кантролю.