209 асуджаных па «справе Гаюна» і новыя сведчанні пра практыкі сілавікоў. Хронікі рэпрэсій 6 ліпеня
209 чалавек ужо асудзілі па «справе Гаюна», праваабаронцы паведамілі новыя падрабязнасці пра «памілаванне» да 3 ліпеня, а таксама апублікавалі сведчанні пра тое, як беларускія сілавікі, паводле іх інфармацыі, штучна павялічваюць колькасць «экстрэмістаў». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

209 чалавек ужо асудзілі па «справе Гаюна»
Праваабаронцы паведамляюць, што на сёння ім вядома пра 209 пацверджаных асуджаных па так званай «справе Гаюна». Агульная колькасць фігурантаў, верагодна, значна большая: затрыманні працягваюцца па ўсёй Беларусі, апошнія з іх адбыліся яшчэ на мінулым тыдні.
Суды па «справе Гаюна» адбываюцца амаль штодня. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС ужо ўключылі 462 чалавекі, асуджаных паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле праваабаронцаў, пераважная большасць з іх — фігуранты менавіта гэтай справы. Большасці абвінавачаных прызначаюць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»), аднак вядомыя і выпадкі пазбаўлення волі.
Яшчэ адным прыкладам гэтай хвалі пераследу стаў прысуд 46-гадовай жыхарцы Рэчыцы Таццяне Шарак.
У Гомельскім абласным судзе яе прызналі вінаватай у так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, аднак праваабаронцы працягваюць удакладняць дэталі прысуду. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Дакладная сутнасць абвінавачвання пакуль невядомая. Аднак апошнім часам менавіта гэты артыкул улады масава выкарыстоўваюць у справах супраць людзей, якіх лічаць датычнымі да маніторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаюн».
Вядома, што Таццяна Шарак працавала эканамісткай у адным з падраздзяленняў «Беларусьнафты», а таксама была салісткай кавер-гурта «3-й рэгіён». Яна цікавілася беларускай мовай і нацыянальнай культурай.
Пад «памілаванне» да 3 ліпеня трапілі людзі на «хатняй хіміі»
На мінулым тыдні стала вядома, што пад «памілаванне» да 3 ліпеня трапілі 32 чалавекі, з якіх 28 былі асуджаныя паводле палітычна матываваных («экстрэмісцкіх») артыкулаў.
Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», як мінімум частка «памілаваных» адбывала пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Пры гэтым у многіх з іх тэрмін адбыцця пакарання і без таго ўжо набліжаўся да заканчэння.
У Беларусі ўжо ліквідавалі або ліквідуюць больш за дзве тысячы НКА
З 2020 года ў Беларусі як мінімум 2044 грамадскія аб'яднанні, фонды, установы і асацыяцыі былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
Толькі за апошні месяц гэтая колькасць павялічылася яшчэ на 11 арганізацый.
Паводле маніторынгу Lawtrend, на канец чэрвеня 1244 арганізацыі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 800 прынялі рашэнне пра самаліквідацыю.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ дзевяць чалавек
6 ліпеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалі яшчэ дзевяць чалавек. Цяпер у ім 6754 прозвішчы.
Сярод новых фігурантаў — былы беларускі добраахвотнік Андрэй Сяргееў.
Музыку Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна
29 ліпеня Мінскі гарадскі суд пачне разгляд завочнай крымінальнай справы супраць музыкі Сяргея Міхалка.
54-гадоваму артысту інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК («распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).
Як улады штучна павялічваюць колькасць «экстрэмістаў»
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя сведчанні пра тое, як беларускія сілавікі, паводле іх інфармацыі, штучна павялічваюць колькасць людзей, якіх прызнаюць «экстрэмістамі».
Пра гэта распавёў былы палітвязень, які з меркаванняў бяспекі застаўся ананімным. Паводле яго, падчас затрыманняў супрацоўнікі міліцыі могуць наўмысна правакаваць людзей на рэзкія выказванні пра ўлады, Аляксандра Лукашэнку або саміх сілавікоў. Пасля гэтыя словы становяцца падставай для крымінальнага пераследу паводле дыфамацыйных артыкулаў.
Былы зняволены прывёў некалькі такіх выпадкаў. У адным з іх мужчыну, затрыманага за дробны крадзеж, пасля правакацыі асудзілі ўжо за абразу прадстаўніка ўлады, накіравалі ў калонію і ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Паводле яго словаў, людзей, асуджаных па палітычных артыкулах, таксама рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар адразу пасля прыбыцця ў калонію — нават калі для гэтага няма відавочных падстаў.
Праваабаронца Павел Сапелка адзначае, што гэтыя сведчанні яшчэ раз пацвярджаюць: у Беларусі палітычны пераслед можа закрануць любога чалавека — незалежна ад яго палітычных поглядаў, сацыяльнага становішча або біяграфіі.