МУС за чэрвень дадало ў «Спіс экстрэмістаў» яшчэ 95 чалавек. Хронікі рэпрэсій 7 ліпеня

Эксперты ААН назвалі ануляванне пашпартоў былых палітвязняў формай транснацыянальных рэпрэсій, сілавіка, які адмовіўся расследаваць смерць Аляксандра Віхора, прызначылі намеснікам генпракурора, а МУС у чэрвені дадало ў «Спіс экстрэмістаў» яшчэ 95 чалавек. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Эксперты ААН раскрытыкавалі ануляванне пашпартоў высланых палітвязняў

Эксперты ААН заявілі, што ануляванне беларускімі ўладамі пашпартоў васьмі былых палітвязняў, якіх пасля вызвалення прымусова вывезлі з краіны, можа быць формай транснацыянальных рэпрэсій, паведамляе «Вясна».

Яны адзначылі, што людзі не атрымалі ні афіцыйных паведамленняў, ні тлумачэнняў, а пазбаўленне дакументаў можа істотна абмежаваць іх правы, у тым ліку на свабоду перамяшчэння, працу, медыцынскую дапамогу і банкаўскія паслугі.

Эксперты таксама выказалі занепакоенасць працягам пераследу былога палітвязня і праваабаронцы Леаніда Судаленкі і заклікалі беларускія ўлады спыніць выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу за мірную праваабарончую дзейнасць.

Сілавіка, які адмовіўся расследаваць смерць Аляксандра Віхора, прызначылі намеснікам генпракурора

Аляксандр Лукашэнка вызваліў Сяргея Удовікава з пасады начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Неўзабаве ён атрымаў павышэнне — стаў намеснікам генеральнага пракурора, заўважыла «Гомельская Вясна».

Да 2024 года Удовікаў узначальваў упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці. Менавіта пры ім Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці 25-гадовага гамельчука Аляксандра Віхора, які памёр пасля затрымання падчас паслявыбарчых пратэстаў у жніўні 2020 года.

Тады Удовікаў сцвярджаў, што смерць Віхора «не мела крымінальнага характару», а дзеянні сілавікоў былі «абгрунтаванымі». Пераломы рэбраў і грудзіны ён тлумачыў рэанімацыйнымі мерапрыемствамі, а прычынай смерці назваў захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы.

У чэрвені МУС дадало ў «Спіс экстрэмістаў» яшчэ 95 чалавек

У чэрвені МУС унесла ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» яшчэ 95 чалавек, у тым ліку 19 жанчын. Агульная колькасць людзей у спісе дасягнула 6754.

Паводле аналізу праваабарончага цэнтра «Вясна», сярод новых фігурантаў — пяць чалавек, старэйшых за 60 гадоў, грамадзянін Украіны, а таксама 61 чалавек, асуджаны паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», большасць з якіх звязваюць са «справай Гаюна».

У спіс таксама ўключылі асуджаных журналістаў Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку, кіраўніка івэнт-агенцтва Андрэя Ярашэвіча, а таксама маці і дачку Вераніку і Лукер'ю Міронцавых.

Ігар Лосік расказаў пра катаванні гукам у ШІЗА

Былы палітвязень Ігар Лосік расказаў пра асаблівы спосаб псіхалагічнага ціску ў наваполацкім ШІЗА, паведамляе «Наша Ніва».

Паводле яго слоў, зняволеным па 14 гадзін на дзень уключалі адзін і той жа аўдыязапіс. У якасці прыкладу Лосік назваў 26-хвілінную лекцыю псіхолага Марка Бартана «Як вырашаць канфлікты», якую яму, паводле ўласных падлікаў, давялося праслухаць каля паўтары тысячы разоў.

«Чуў, як людзі біліся галавой аб сцяну ў суседніх камерах, каб яе не слухаць», — расказаў журналіст.

Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года яго разам з групай іншых палітвязняў дэпартавалі з Беларусі ў Літву.