Правы чалавека ў Беларусі ацанілі ў 2,4 бала з 10. Хронікі рэпрэсій 9 ліпеня

Следчы камітэт распачаў яшчэ дзве спецвытворчасці супраць беларусаў у выгнанні, Беларускі Хельсінкскі камітэт ацаніў сітуацыю з правамі чалавека ў краіне ўсяго ў 2,4 бала з 10, а дырэктар «Славянскага базару» фактычна пацвердзіў існаванне «чорных спісаў» артыстаў. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі.

1_1097_1.png

Супраць Вячаслава Русіна распачалі спецвытворчасць

Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да 41-гадовага Вячаслава Русіна. Яго збіраюцца судзіць завочна.

Паводле версіі следства, Русіну інкрымінуюць артыкул аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). У паведамленні СК яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з'явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Былую палітзняволеную Ганну Вішняк таксама будуць судзіць завочна

Следчы камітэт распачаў спецыяльную вытворчасць і ў дачыненні да былой палітзняволенай Ганны Вішняк.

Паводле версіі следства, ёй інкрымінуюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «распальванне варожасці», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады».

Ганну Вішняк таксама заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з'явіцца ў Першамайскае РУУС Мінска.

Беларускі Хельсінкскі камітэт: сітуацыя з правамі чалавека — 2,4 бала з 10

Беларускі Хельсінкскі камітэт апублікаваў Нацыянальны індэкс правоў чалавека за 2025 год. Агульная ацэнка засталася на ўзроўні мінулага года — 2,4 бала з 10.

Аднак эксперты адзначаюць: гэта не сведчыць пра паляпшэнне або стабілізацыю сітуацыі. Хутчэй, паказчык наблізіўся да мінімальнай мяжы.

Эксперты адзначаюць далейшае звужэнне магчымасцяў для рэалізацыі базавых правоў і ўзмацненне рэпрэсіўных практык.

У 2025 годзе пагоршылася сітуацыя з: правам на жыццё; свабодай думкі, сумлення і веравызнання; правам на адукацыю; сацыяльным забеспячэннем; удзелам у культурным жыцці.

Найбольшае падзенне зафіксавалі ў сферы культурных правоў. Таксама эксперты адзначылі сістэмнае пагаршэнне права на адукацыю — змяненні закранулі ўсе пяць ацэньваемых кампанентаў.

Пры гэтым, нават там, дзе выніковыя ацэнкі фармальна не змяніліся, амаль 100 з 290 паказчыкаў мелі адмоўную дынаміку.

Дырэктар «Славянскага базару» фактычна прызнаў існаванне «чорных спісаў» артыстаў

Дырэктар фестывалю «Славянскі базар» Глеб Лапіцкі ў інтэрв'ю блогеру Ягору Ермакову заявіў, што ёсць выканаўцы, якіх арганізатары не могуць запрасіць на фестываль, піша Радыё Свабода.

«Ёсць артысты, якіх мы не запросім на "Славянскі базар". 2020–2021 год паказаў вельмі многіх артыстаў…», — сказаў Лапіцкі.

Беларускія ўлады гадамі адмаўлялі існаванне так званых «чорных спісаў». Аднак пасля 2020 года многія музыкі і культурныя дзеячы страцілі магчымасць выступаць у Беларусі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. У пачатку 2026 года таксама з'явіўся спіс з каля 160 выканаўцаў, чые песні, паводле паведамленняў медыя, былі забароненыя для выканання ў беларускіх караоке.