Трое затрыманых у Слоніме, новыя палітычныя прысуды. Хронікі рэпрэсій 22 ліпеня
У Слоніме затрымалі траіх грамадскіх актывістаў, расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі паводле трох палітычных артыкулаў, аспіранта БНТУ пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі пасля палітычнага прысуду, а праваабаронцы паведамілі, што мінімум 29 палітвязняў у Беларусі ўжо атрымалі 20 і больш гадоў зняволення. Сабралі галоўныя навіны палітычнага пераследу.

У Слоніме затрымалі траіх грамадскіх актывістаў
Паводле інфармацыі «Вясны», напрыканцы красавіка 2026 года ў Слоніме былі затрыманыя мясцовыя грамадскія актывісты: сябра БХД Алесь Масюк, актывісты Партыі БНФ Павел Севасцьян і Віктар Марчык.
На сёння дакладнай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне і працэсуальны статус няма.
Расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі паводле трох палітычных артыкулаў
Гомельскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд 42-гадоваму ўраджэнцу Масквы Уладзіміру Карчэўнаму, які працяглы час жыў у Беларусі. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мужчыну, верагодна, затрымалі за каментары ў падтрымку Украіны ў тэлеграм-чатах.
Яго асудзілі паводле трох палітычных артыкулаў: за «дыскрэдытацыю Беларусі» (арт. 369-1), «заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361) і «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368). Верагодна, Карчэўнаму прызначылі пазбаўленне волі ў калоніі, аднак дакладны тэрмін невядомы.
Аспіранта БНТУ, верагодна, пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі праз палітычны прысуд
Аспіранта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Юрыя Касцючэнку пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі на 2026 год. У дакуменце, падпісаным старшынёй Рэспубліканскага савета па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі Уладзімірам Каранікам, пазначана, што рашэнне прынялі ў сувязі з прысудам Мінскага гарадскога суда ад 24 красавіка 2026 года, які набыў законную сілу 3 траўня.
Артыкул, паводле якога судзілі аспіранта, у дакуменце не пазначаны. Аднак 15 траўня поўнага цёзку Юрыя Касцючэнкі ўключылі ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці. На гэта звярнула ўвагу «Люстэрка». Паводле гэтага спіса, Мінскі гарадскі суд асудзіў яго паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Мінімум 29 палітвязняў у Беларусі асуджаныя на 20 і больш гадоў зняволення
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на 22 ліпеня ў беларускіх месцах несвабоды знаходзяцца мінімум 29 палітвязняў, асуджаных на 20 і больш гадоў зняволення. Сярод іх — дзве жанчыны і чатыры замежныя грамадзяне.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што як мінімум шэсць палітвязняў ужо пасля этапавання ў калоніі атрымалі дадатковыя тэрміны паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), што дазваляе ўладам працягваць іх зняволенне. Большасць з асуджаных па такіх працяглых тэрмінах абвінавацілі паводле артыкулаў аб «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве».