Удзельнікі злёту пад Расонамі паведамілі пра збіццё і прыніжэнні пасля затрыманняў. Хронікі рэпрэсій 4 жніўня
Удзельнікі злёту «Беларуская вясёлка» паведамілі пра збіццё, прыніжэнні і працэсуальныя парушэнні пасля масавага затрымання на Расоншчыне. Тым часам палітзняволеную Алену Лазарчык зноў перавялі ў ПКТ, Сяргея Міхалка завочна асудзілі да чатырох гадоў калоніі, а Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Удзельнік злёту «Беларуская вясёлка» распавёў пра збіццё, прыніжэнні і парушэнні пасля масавых затрыманняў
Удзельнік злёту «Беларуская вясёлка» распавёў пра тое, як праходзіла начное затрыманне на Расоншчыне, піша «Віцебская Вясна».
Паводле яго, паведамленне МУС пра тое, як 133 сілавікі ліквідавалі намётавы гарадок, дзе нібыта збіраліся праводзіць «адмысловы абрад», утрымлівае недакладную інфармацыю. Суразмоўца сцвярджае, што ніякага абраду не планавалася — людзі проста адпачывалі і бавілі час разам. Ён таксама абвяргае сцвярджэнні міліцыі пра тое, што ўдзельнікі хадзілі аголенымі. Паводле яго, людзі маглі быць без адзення толькі ў лазні або падчас купання пасля яе.
На думку ўдзельніка злёту, за намётавым гарадком яшчэ ўдзень маглі назіраць з квадракоптара, які некалькі разоў пралятаў над тэрыторыяй.
Ён таксама распавёў, што перад затрыманнем сілавікі правялі «шмон» у намётах, шукаючы алкаголь і наркотыкі. Пасля гэтага, паводле ягоных слоў, у людзей зніклі некаторыя асабістыя рэчы. Само затрыманне, як сцвярджае мужчына, было настолькі імклівым, што людзям не далі спакойна сабраць рэчы. У многіх у лесе засталіся тэлефоны, іншая маёмасць і нават аўтамабілі, на якіх яны прыехалі.
Паводле сведчання ўдзельніка, сілавікі зняважліва ставіліся да затрыманых, называлі іх «петушарамі» — як мяркуе суразмоўца, з-за назвы «вясёлка». Падчас афармлення дакументаў, паводле яго, супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся выдаваць копіі пратаколаў, пакідалі ў іх пустыя радкі, не дазвалялі іх закрэсліваць, а часам увогуле рвалі пратаколы, калі людзі ўносілі заўвагі, якія не супадалі з афіцыйнай версіяй падзей. Тым, хто адмаўляўся падпісваць пратаколы без уласных заўваг, пагражалі этапаваннем у віцебскі СІЗА. Паводле сведчання ўдзельніка злёту, аднаго з затрыманых, які выказваў заўвагі падчас допыту, сілавікі збілі нагамі ў прыбіральні.
Суразмоўца таксама аспрэчвае заявы МУС пра належныя ўмовы ўтрымання затрыманых:
«Асабіста я быў затрыманы прыкладна на 20 гадзін. Дарослых ніхто не карміў (ежу і пітво далі толькі дзецям) і не даваў вады — яе можна было набраць толькі ў кране ў прыбіральні Дома культуры, куды нас прывезлі. Спаць можна было толькі на падлозе. Бацькоў з дзецьмі перавялі ў ФОК, там дзецям выдзелілі гімнастычныя маты, а дарослыя таксама маглі легчы толькі на падлогу».
Нагадаем, 29 ліпеня ў Расонскім раёне затрымалі каля 300 удзельнікаў злёту «Беларуская вясёлка», які праводзіцца ўжо шмат гадоў. Да гэтага ўсе сустрэчы праходзілі без інцыдэнтаў: удзельнікі не трывожылі мясцовых жыхароў і прыбіралі пасля сябе тэрыторыю намётавага гарадка.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у «спецаперацыі» ўдзельнічалі больш за 130 сілавікоў. Паводле МУС, былі затрыманыя не менш за 277 чалавек, у тым ліку 26 непаўналетніх.
У першыя гадзіны пасля рэйду міліцыянты склалі каля 70 пратаколаў паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле сведчання ўдзельнікаў, супрацоўнікі міліцыі прымушалі людзей падпісваць заявы аб згодзе на разгляд адміністрацыйных спраў без іх прысутнасці, пагражаючы ў адваротным выпадку адміністрацыйным арыштам.
Некалькі чалавек ужо асудзілі да сямі сутак адміністрацыйнага арышту. Сярод іх — жыхар Мінска, якога міліцыянты публічна назвалі «арганізатарам» несанкцыянаванага мерапрыемства. Другую «арганізатарку» — настаўніцу з Гродна — адпусцілі да суда, паведамляе «Радыё Свабода».
Вядома таксама пра некалькі штрафаў. Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю/Новости Витебска» паведаміў, што аднаму з удзельнікаў «Беларускай вясёлкі» прысудзілі штраф у памеры 25 базавых велічынь (1125 рублёў).
Усе сем'і, якія былі на злёце з дзецьмі, па месцы жыхарства паставілі на ўлік як такія, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Замежным грамадзянам (на сустрэчы было каля 60 грамадзян Расіі) пагражалі дэпартацыяй. Паводле наяўнай інфармацыі, большасць з іх ужо самастойна пакінула Беларусь, не чакаючы прымусовага выдварэння.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што масавыя затрыманні на возеры Белае адбыліся напярэдадні візіту старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, якая прыехала ў Расонскі раён на выязное пасяджэнне, прысвечанае развіццю турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.
Ціск на палітзняволеную Алену Лазарчык не спыняецца
Паводле ананімных крыніц, палітзняволеную Алену Лазарчык, асуджаную 5 траўня 2026 года за «дапушчанае парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі», чарговы раз перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) тэрмінам на шэсць месяцаў, паведамляе «Вясна».
Таксама 21 ліпеня ў ПК № 24 была пададзеная скарга на парадак прадастаўлення спатканняў, атрымання і адпраўлення карэспандэнцыі, а таксама атрымання пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў. Аднак адміністрацыя калоніі заявіла, што парушэнняў не выявіла.
Нагадаем, 19 верасня 2022 года Алену Лазарчык асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пазней супраць яе распачалі яшчэ адну крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Яшчэ ў кастрычніку 2025 года стала вядома, што палітзняволеная моцна схуднела і мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку са зрокам. Тады яе таксама перавялі ў ПКТ. Да гэтага яна знаходзілася ў ШІЗА, прычына змяшчэння туды невядомая. Раней Алену ўжо неаднаразова пазбаўлялі перадач і спатканняў.
Сяргея Міхалка завочна асудзілі да чатырох гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў лідара гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto і іншых праектаў Сяргея Міхалка да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны або апратэставаны ў апеляцыйным парадку, паведамілі ў пракуратуры.
Музыку прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК («абраза прэзідэнта») і ч. 1 арт. 130 КК («распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).
Паводле версіі абвінавачання, падставай для крымінальнай справы сталі відэазапісы, апублікаваныя ў 2021–2022 гадах у сацыяльных сетках праекта BRUTTO. У іх сілавікі ўбачылі «негатыўную ацэнку Лукашэнкі», а таксама крытыку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў, агучаную ў відэазвароце, запісаным у сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Мінінфарм прызнаў «экстрэмісцкімі» новыя акаўнты і выданні
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўключылі:
X (Twitter): «Hrodna.life»;
Instagram-старонкі: «bawola_glowa», «hrodna.mylove» (а таксама яе лагатып), «hrodna1127», «lookbymedia»;
Threads-старонкі: «kramapahonia», «natalya.kukisheva»;
TikTok-акаўнты: «m.ganusevich», «ZhiveBelarus», «Страна Для Людей», «Ford_Potato»;
Telegram-канал: «БЕЛАРУСКАЯ МОЛАДЗЬ»;
Друкаваныя выданні: творы Аляксандра Баля «Безжалостный Вальсок» (2026) і «Ночь. А ты…» (2026), а таксама кніга Алега Кашына «Добейте выживших. Истоки и смысл русского трампизма» (2026), 463 старонкі.