Ціск на палітвязняў, дыскрымінацыя ў калоніях і фальшывы бот BYSOL. Хронікі рэпрэсій 10 жніўня

 Палітвязня Іллю Верамеева зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Тым часам былы вязень распавёў праваабаронцам пра дыскрымінацыю замежнікаў і мусульман у беларускіх калоніях, а фонд BYSOL папярэдзіў пра падроблены Telegram-бот, які, імаверна, выкарыстоўваецца для выяўлення людзей, што могуць цікавіць сілавікоў.

1_1097_1.png

Палітвязня Іллю Верамеева другі раз за два месяцы змясцілі ў ШІЗА

Палітвязня Іллю Верамеева зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Праваабаронцам стала вядома, што гэта ўжо другі выпадак за апошнія два месяцы. Свой дзень народзінаў — 1 жніўня — Ілля таксама быў вымушаны правесці ў ШІЗА.

Нагадаем, Верамеева асудзілі за паведамленні ў тэлеграм-чатах, пакінутыя пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У лютым 2022 года яму прызначылі 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі паводле артыкулаў пра «замах на арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 293 КК) і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).

У красавіку 2026 года над палітвязнем адбыўся яшчэ адзін суд паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Яму дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі і перавялі на турэмны рэжым.

З сярэдзіны траўня Ілля знаходзіцца ў турме № 4 у Магілёве, дзе, паводле праваабаронцаў, ужо неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнанням.

Праваабаронцы: замежнікі і мусульмане ў беларускіх калоніях сутыкаюцца з дыскрымінацыяй

Былы беларускі палітвязень, які вызваліўся восенню 2025 года, распавёў праваабаронцам пра стаўленне да замежнікаў і мусульман у беларускіх калоніях. Паводле ягоных словаў, іншаземцы часта апынаюцца ў інфармацыйнай ізаляцыі і фактычна пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы.

Ён сцвярджае, што адміністрацыі СІЗА і калоній ігнаруюць просьбы аб прадастаўленні перакладчыкаў. З-за гэтага замежныя вязні не могуць самастойна падаваць скаргі або нават перапісвацца са сваякамі, бо ліставанне дазваляецца толькі на беларускай або рускай мовах.

Асобна былы палітвязень распавёў пра ўзмацненне ціску на мусульман пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». Паводле яго, у зняволеных пачалі забіраць Караны і малітоўныя дыванкі, а за здзяйсненне штодзённых малітваў некаторых змяшчалі ў штрафны ізалятар.

Ён таксама сцвярджае, што палітычным вязням розных канфесій часта забараняюць наведваць праваслаўныя храмы, якія дзейнічаюць у калоніях, а доступ святароў іншых канфесій у месцы зняволення практычна адсутнічае.

Акрамя гэтага, былы вязень паведаміў пра выпадкі адкрытага расізму з боку супрацоўнікаў калоній. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі прадстаўнік адміністрацыі публічна абразіў зняволенага грамадзяніна Бразіліі.

На думку суразмоўцы праваабаронцаў, моўная ізаляцыя і адсутнасць магчымасці атрымаць юрыдычную дапамогу робяць замежнікаў адной з самых неабароненых груп у беларускай пенітэнцыярнай сістэме.

Больш за год быў невядомы прысуд: палітвязня з Чачэрска этапавалі ў Наваполацк

Сталі вядомыя прысуд і месца зняволення палітвязня Рамана Емяльянава, піша Гомельская Вясна.

Жыхара Чачэрска пачалі судзіць у сакавіку 2025 года паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («масавыя беспарадкі»). Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, у Чачэрску ў 2020 годзе масавых беспарадкаў не адбывалася.

31 сакавіка 2025 года праваабарончая супольнасць прызнала Рамана Емяльянава палітвязнем. Аднак праз закрытасць беларускай судовай сістэмы больш за год не былі вядомыя ні вынік разгляду справы, ні месца, дзе яго ўтрымліваюць.

Цяпер ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што суд прызначыў Раману Емяльянаву чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.

Палітвязню можна даслаць ліст або паштоўку па адрасе: 211445, Віцебская вобласць, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК № 1. Емяльянаву Раману Васільевічу.

BYSOL папярэдзіў пра фальшывы бот «службы эвакуацыі»

Фонд BYSOL паведаміў пра з'яўленне ў Telegram падробленага бота, які выдае сябе за «службу эвакуацыі» арганізацыі.

У апісанні бота сцвярджаецца, што ён нібыта прызначаны для эвакуацыі людзей, якія перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў у праект «Беларускі Гаюн» і цяпер асцерагаюцца пераследу.

У BYSOL лічаць, што з вялікай імавернасцю гэта правакацыя беларускіх сілавікоў, мэта якой — выявіць людзей, якія могуць быць звязаныя з «Беларускім Гаюном».

Фонд паведаміў, што ўжо вядомыя выпадкі, калі падпіска на гэты бот станавілася падставай для крымінальнага пераследу.

У  арганізацыі падкрэсліваюць, што BYSOL не выкарыстоўвае Telegram-ботаў для працы са зваротамі людзей. Праверыць сапраўдныя кантакты можна толькі на афіцыйным сайце фонду.