Усяго 10% амерыканскага запасу ракет для Patriot маглі б спыніць расійскую балістыку

Украіне трэба ўсяго 5% амерыканскага запасу ракет-перахопнікаў для Patriot, каб перажыць зіму. 10% — дапамаглі б спыніць расійскія балістычныя ўдары, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але гэтых ракет практычна няма — аж да таго, што СПА Украіны больш не будзе паведамляць пра балістычныя ракеты ў СМІ. Ідуць 1632-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

eyjidwnrzxqioijjb250zw50lmhzd3n0yxrpyy5jb20ilcjrzxkioijnawzcl3bhdhjpb3qtbwlzc2lszs11cgrhdguylmpwzyisimvkaxrzijp7injlc2l6zsi6eyj3awr0aci6odi4fx19.webp

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 204 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 жніўня.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак у раёнах Новае Шахава, Дарожнае, Удачнае, Маладзецкае і ў бок Кучарава Яра, Біліцкага, Іванаўкі, Новага Донбаса, Светлага, Сяргееўкі, Навапаўлаўкі.

На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі 21 штурмавую дзею ў раёнах Рэзнікаоўкі, Закітнага, Крывой Лукі і ў бок Рай-Аляксандраўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 19 атак арміі РФ у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру і ў бок Доўгай Балкі, Тарэцкага.

На Гуляйпольском кірунку расійцы 14 разоў атакавалі ў бок Уздвіжаўкі, Горкага, Роўнага, Верхняй Тэрсы, Навасёлаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі дзевяць атак расіян.

* * *

Сілы абароны Украіны працягваюць прасоўванне на Аляксандраўскім кірунку. З пачатку года ўкраінскія ваенныя вызвалілі 26 населеных пунктаў, паведамляе аналітычны праект DeepState.

Згодна з абноўленымі дадзенымі, украінскія ваенныя вызвалілі Зялёны Гай, Навахацкае, Грушэўскае, Талстое, Зорку, Ялту, Паддубнае, Мірнае, Студзеньскае, Бярозавае, Стэпавае, Калінаўскае, Рыбнае, Чырвонае і інш. Расійскія войскі былі адкінутыя ў раёнах Новапаўлаўкі, Новагеоргіеўкі, Новамікалаеўкі, Новагрыгор'еўкі, Запарожскага і Прывольнага.

Па новых даных Генштаба УСУ, з пачатку года пад кантроль Украіны вярнулі каля 745 кв. км тэрыторыі.

* * *

У ноч на чацвер, 13 жніўня Расія атакавала партовую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці, узнік пажар.

Расійскія ваенныя ў ноч на 13 жніўня нанеслі ўдар па Чарнігаве. Інфармацыя аб наступствах атакі і пацярпелых удакладняецца.

У выніку удару ў ноч на 12 жніўня па ваенна-марской базе ў Новарасійску Краснадарскага краю РФ чатыры ваенныя караблі РФ атрымалі пашкоджанні: два фрэгаты праекта 11356 «Адмірал Макараў» і «Адмірал Эсэн», малы ракетны карабель праекта 21631 «Буян-М» і вартавы карабель праекта 22160 «Васіль Быкаў». Фрэгаты «Адмірал Эсэн» і «Адмірал Макараў» з'яўляюцца носьбітамі «Калібраў».

Часова выконваючы абавязкі міністра абароны Украіны Яўген Хмара, каментуючы аперацыю ўкраінскіх ваенных у Новарасійску, паведаміў, што Сілы абароны Украіны нанеслі камбінаваны ўдар — ракетамі, рэактыўнымі дронамі, марскімі беспілотнікамі.

* * * 

770919022_27693807773633307_2146328012128927436_n.jfif

* * *

Паветраныя сілы Украіны больш не будуць паказваць статыстыку па балістыцы, каб не «карміць» расійскую прапаганду, заявіў кіраўнік упраўлення камунікацый Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

Па яго словах, ва Украіны няма ракет да ЗРК Patriot, таму расійская балістыка не збіваецца. «Напрыклад: прыляцела 28 балістычных, ставім афіцыйнае паведамленне — 28/0. Вынік — "ПС не збілі ніводнай ракеты", пішуць усе нашы медыя і тыражуюць па ўсёй краіне», — напісаў ён у сацсетках.

Ігнат адзначыў, што ПС працягнуць інфармаваць украінцаў аб паветраных пагрозах і характары атак РФ. Аднак навіны тыпу «Не збіта ніводная ракета» «нікому не дапамогуць», а ўкраінскія СМІ фактычна «выконваюць усю работу за прапагандыстку Скабееву».

* * *

Украіне патрабуецца ўсяго 5% амерыканскага запасу ракет-перахопнікаў для Patriot, каб перажыць зіму, а 10% дапамаглі б спыніць расійскія балістычныя ўдары, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CNN.

Па яго словах, Расія рэзка павялічыла колькасць балістычных удараў па Украіне, у прыватнасці па Кіеве. У той жа час запасы ракет-перахопнікаў для Patriot ва Украіне амаль вычарпаныя. «У гэтым годзе ў нас у два з паловай разу менш перахопнікаў, чым было ў 2025 годзе. А Расія штомесяц запускае ўдвая больш балістычных ракет, чым раней», – расказаў Зяленскі.

Пытанне аб атрыманні дадатковых перахопнікаў для Patriot з'яўляецца адным з галоўных у яго перагаворах з саюзнікамі.

* * *

Найбуйнейшы расійскі маркетплейс Wildberries страціў значную частку складскіх магутнасцей, а кошт знішчаных тавараў вылічаецца мільярдамі долараў, піша The Moscow Times.

Па меншай меры 12 буйных складскіх комплексаў практычна цалкам знішчаны. Пасля удараў кампанія страціла каля траціны сваіх складскіх магутнасцей. Сяргей Семка з Data Insight заявіў The New York Times, што ў Wildberries «практычна не засталося вялікіх складоў».

Wildberries з'яўляецца найбуйнейшым расійскім маркетплейсам: кампанія мае амаль 100 тысяч пунктаў выдачы заказаў. Страты кампаніі з-за атак складаюць каля 6 млрд долараў, а гэта амаль столькі ж, колькі гадавы бюджэт Краснадарскага краю.

Страты Wildberries прыкладна ў 1,6 разы перавышаюць гадавы бюджэт Іркуцкай вобласці, або ў чатыры разы больш, чым гадавыя бюджэты Смаленскай ці Пензенскай абласцей.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін знайшоў саўдзельніка для бамбардзіровак украінскіх гарадоў: для ракетных удараў акупанты пачалі прымяняць паўночнакарэйскія боепрыпасы КН-23 і КН-24, піша The Telegraph.

«Масква знайшла саўдзельніка для падтрымкі сваіх ваенных намаганняў і эканомікі, якія былі апустошаныя далёкімі ўдарамі Кіева. А для Пхеньяна гэтыя ваенныя дзеянні азначаюць найбольш значны ўдзел у якім-небудзь канфлікце з сярэдзіны мінулага стагоддзя», — гаварыцца ў артыкуле.

Падобную дапамогу Паўночная Карэя аказвала Расіі год таму. Як і тады, гэтым разам рэжым Кім Чэн Ына накіраваў салдат, якія могуць прыняць удзел у нападзе на Украіну. Як мінімум адно ракетнае падраздзяленне накіравалі ў Варонеж. Яно можа быць аснашчана 6 пускавымі ўстаноўкамі і 120 ракетамі.

Развіццё ваеннага супрацоўніцтва РФ і КНДР «сведчыць пра ўсё больш цеснае супадзенне інтарэсаў паміж рэжымамі». Адзначаецца, што для Пуціна пастаўкі боепрыпасаў і салдат з Пхеньяна — гэта «доўгачаканая палёгка ва ўмовах напружанай работы яго ваеннай машыны на пятым годзе баявых дзеянняў».

«Наданне 50 000 ваеннаслужачых магло б дапамагчы расійскаму прэзідэнту падтрымліваць ціск на Кіеў, прадухіляючы пры гэтым палітычна дарагую мабілізацыю ў уласнай краіне, а павелічэнне запасаў ракет дазволіла б яму працягваць бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў», — пішуць аўтары.

* * *

У Расійскай Федэрацыі пачалася новая хваля паліўнага крызісу, звязаная з ударамі Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах, піша «Медуза». Жыхары розных абласцей – ад поўдня краіны да Прымор'я – паведамляюць аб шматгадзінных чэргах на АЗС. У некаторых рэгіёнах зноў уводзяць абмежаванні на продаж бензіну ў адны рукі.

На запраўках як мінімум 12 рэгіёнаў Расіі ўтварыліся чэргі за палівам. Гаворка ідзе пра Краснадарскі край, Варонежскую, Калужскую, Растоўскую, Разанскую, Тамбоўскую, Тульскую, Саратаўскую, Смаленскую, Пензенскую і Ульянаўскую вобласці, а таксама пра Прыморскі край.

У Сочы 11 жніўня мясцовая адміністрацыя заявіла аб вядзенні лімітаў на АЗС з-за «лагістычных збояў у пастаўках». У Арэнбургскай вобласці губернатар Яўген Солнцаў паведаміў аб «няпростай сітуацыі з палівам»: з 12 жніўня на ўсіх АЗС рэгіёна дзейнічаюць ліміты — да 30 літраў бензіну і да 60 літраў дызельнага паліва. Аналагічную сістэму з 13 жніўня вярнулі і ў Ліпецкай вобласці.

Паказальнай стала сітуацыя ў Краснаярску. За дзень да візіту расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на частцы АЗС рэгіянальнай сеткі цэны на бензін раптам знізіліся на 24 рублі за літр. У самай сетцы гэта патлумачылі «часовым паляпшэннем лагістыкі» і паступленнем дадатковых аб'ёмаў паліва непасрэдна з НПЗ. Пасля ад'езду Пуціна цэны вярнуліся да ранейшага ўзроўню.