«Жыць ёй два дні». Як расейскія эмігранцкія газэты ў ЗША пісалі пра Беларусь у 1920-х

У газэтных архівах акрамя гісторыі можна знайсьці нават голас уласнай сям’і. Я шукаў, што пісалі пра Беларусь у расейскіх эмігранцкіх газэтах ЗША ў 1920-х гадах, якія чыталі людзі, раскіданыя пасьля рэвалюцыі, вайны і эміграцыі па амэрыканскіх гарадах. І сярод паведамленьняў пра БНР, Заходнюю Беларусь, савецкую аграрную палітыку, беларускія сходы ў Мічыгане і Нью-Ёрку раптам убачыў допісы Аляксея Лаўнічука, брата майго прадзеда, які эміграваў зь Беларусі ў Дэтройт.

hazety__6_.png

Пасьля прыезду ў ЗША ў 1919 годзе мой сваяк усё жыцьцё працаваў на заводзе Форда і, як высьветлілася, друкаваўся ў расейскамоўнай прэсе. У архівах знайшлося прынамсі два дзясяткі ягоных публікацыяў, ён пісаў як карэспандэнт пра надзённыя здарэньні ў сваім новым родным горадзе. Але да гэтага асабістага адкрыцьця вядзе вялікая і вельмі няпростая гісторыя. Бо Беларусь у расейскіх эмігранцкіх газэтах Амэрыкі 1920-х паўстае зусім рознай.

Гэтая прэса была не беларускай, выходзіла яна па-расейску, у расейскамоўных эмігранцкіх асяродзьдзях, і часта несла ў сабе старую імпэрскую оптыку. Але менавіта таму яна такая каштоўная. яна паказвае, як Беларусь бачылі людзі, якія самі страцілі сваю краіну, і ўсё яшчэ спрабавалі зразумець, каму належыць гэтая зямля паміж Расеяй і Польшчай.

«Ці можа існаваць самастойная Беларусь?»

У лістападзе 1924 году чыкагскі Russkii vestnik апублікаваў матэрыял з амаль прысудным загалоўкам: «Ці можа існаваць самастойная Беларусь?» Рубрыка называлася «Што кажуць у калёніі». Мелася на ўвазе расейскамоўная эмігранцкая супольнасьць у Чыкага  людзі, якія жылі ўжо ў Амэрыцы, але думалі катэгорыямі старой Усходняй Эўропы. Газэта зьвярталася да розных прадстаўнікоў гэтай калёніі, і адказы былі паказальныя.

І. М. Баранаў, кіраўнік каапэратыўнага рэстарану № 1, казаў катэгарычна:

«Калі Беларусь аддзеліцца ад Расеі, дык жыць ёй два дні. Як можа жыць самастойным жыцьцём такая маленькая краіна, як Беларусь? Багацьцяў уласных у яе няма. Няма ні вугалю, ні мэталаў. Ёсьць, праўда, лясы, але іх недастаткова; ёсьць балоты і торф на іх, але і гэтага недастаткова, каб існаваць незалежна ні ад кога».

Лёгіка была простая: Беларусь малая, бедная, без мора, без партоў, без вялікіх прыродных багацьцяў, таму самастойна яна нібыта ня выжыве. Калі аддзеліцца ад Расеі, то рана ці позна мусіць «зьліцца» або з Польшчай, або з Расеяй. А Польшча ў гэтым уяўленьні была вяртаньнем «паноў», бізуна і прыніжэньня.

«Тыя беларускія сяляне, якія трапілі пад ярмо паноў, ведаюць гэта: і дагэтуль у іх сьвярбяць сьпіны і патыліцы, а ў галаве неадступна мучыць думка: калі ж мы зноў зьліемся з Расеяй?»

Іншы суразмоўца, І. М. Мысьліцкі, падкрэсьліваў, што ён сам беларус, але «ня бачыць патрэбы» для сваёй радзімы аддзяляцца ад Расеі. Беларусь, паводле яго, ня мае партоў, бедная на прыродныя рэсурсы, малая і безабаронная, таму яе «неадкладна праглыне Польшча». Калі суседзі захочуць напасьці, Беларусь ня зможа сябе абараніць.

«Польшча, ды, бадай, і Нямеччына, не пасаромеюцца прыбіць слабога суседа і завалодаць яго зямлёй. Не, дурнота думаць пра аддзяленьне Беларусі ад Расеі».

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

Трэці голас, В. Анішчанка, параўноўваў Беларусь з Латвіяй. Латвія, маўляў, яшчэ можа быць самастойнай, бо мае парты. Беларусь жа, «ня маючы ні багацьцяў, ні мораў», пасьля аддзяленьня ад Расеі «задыхнецца, як у бутэльцы». І зноў  галоўная пагроза Польшча: «Яе зьядуць палякі».

Гэта быў зрэз палітычнага ўяўленьня, у якім Беларусь ня мае ўласнага месца. І ўсё ж у той самай эмігранцкай інфармацыйнай прасторы гучаў і іншы голас.

hazety__5_.png

Варонка распавядае пра 25 сакавіка

У сакавіку 1924 году Russkii vestnik надрукаваў артыкул «25 сакавіка ў гісторыі Беларусі». Яго аўтарам быў Язэп Варонка, адзін з галоўных дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, першы старшыня яе Народнага сакратарыяту, палітык, журналіст і публіцыст, які пасьля паразы нацыянальнага праэкту апынуўся ў эміграцыі ў Чыкага.

Гэта быў зусім іншы тэкст, у ім гучаў голас чалавека, для якога Беларусь ужо заявіла пра сябе як палітычны суб’ект.

«Арганізаваная беларуская грамадзкасьць на радзіме ўжо колькі гадоў штогод, 25 сакавіка, сьвяткуе абвяшчэньне акту, якім пачаўся новы, сучасны нам пэрыяд беларускага руху», пісаў Варонка.

Далей ён нагадваў, што 25 сакавіка 1918 году ў «горадзе Менску-Беларускім» Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая аб’ядноўвала арганізаваную Беларусь і была народным перадпарлямэнтам, Трэцяй Устаўной граматай абвясьціла незалежнасьць.

Глядзіце таксама

Варонка цытаваў сам акт:

«Год таму назад, у сакавіку 1917 году, народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыгнятаў Беларусь; не пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая канчаткова разбурыла беларускія гарады і вёскі».

І далей – галоўная формула, якая ў расейскамоўнай газэце ў Чыкага гучала як выклік усёй імпэрскай лёгіцы:

«Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю нашага апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якую сілаю навязалі нашай свабоднай і незалежнай зямлі расейскія цары. З гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай».

Амэрыка слухае беларускую радзіму

У сьнежні 1923 году Russkii vestnik надрукаваў кароткую нататку пад назвай «Голас Радзімы». У ёй апавядалася пра тое, што самаарганізацыя беларусаў у Амэрыцы была заўважаная на радзіме.

«Самаарганізацыя беларусаў у Амэрыцы радасна вітаецца радзімай», – паведамляла газэта.

Паводле выданьня, газэты ў краі віталі «абуджэньне амэрыканскіх беларусаў» і адзначалі, што беларускі рух у Амэрыцы дабратворна ўплывае на дух беларускага народу на радзіме.

У гэтай нататцы ёсьць істотны момант: беларуская эміграцыя пачынае ўспрымаць сябе ня проста як група людзей, што зьехалі на заробкі або ўцяклі ад бяды. Яна пачынае ўсьведамляць сябе часткай агульнай нацыянальнай справы.

hazety__2_.png

Асабліва моцна гучыць прыватны эпізод з Заходняй Беларусі. Газэта згадвала ліст, які атрымаў адзін з найбольш дзейных сяброў Беларускага Народнага Таварыства М. Лукашэвіч. Ягоны сваяк пісаў, што «злыя людзі» спалілі яму за беларускае «перакананьне» гумно з усім хлебам. Але, нягледзячы на гэта, ён не занепадаў духам і быў рады, што Лукашэвіч стаў у шэрагі беларускай арганізацыі ў Амэрыцы.

Амэрыка ў той час становіцца прасторай, адкуль можна падтрымліваць Беларусь розным чынам: словам, грашыма, арганізацыяй і самім фактам, што людзі за акіянам пачынаюць называць сябе беларусамі.

Гранд-Рапідс: беларусы зьбіраюцца

Празь некалькі месяцаў, у красавіку 1924 году, Russkii vestnik паведаміў пра «шматлюдны сход мясцовых беларусаў» у горадзе Гранд-Рапідс, штат Мічыган. На сход, які адбыўся 20 красавіка, прыехаў з Чыкага беларускі грамадзкі дзяяч, названы ў газэце А. Змагаром. Ён выступіў зь «вялікай прамовай», у якой апісаў сучаснае становішча Заходняй Беларусі пад Польшчай і Савецкай Беларусі.

Прамова, паводле газэты, зрабіла на прысутных «глыбокае ўражаньне». Пасьля яе стала ясна, што «ў будаўніцтве новай Беларусі ўсе павінны браць удзел і дапамагаць радзіме паводле магчымасьці».

Пасьля дэбатаў на сходзе сабралі ахвяраваньні на карысьць беларускіх студэнтаў, якія вучыліся за мяжой і якіх, паводле газэты, «гвалтоўна выдаліла польская ўлада». Сабралі 100 даляраў. Для эмігранцкай грамады гэта была рэальная форма салідарнасьці.

Заходняя Беларусь пад ботам

hazety__8_.png

У нью-ёрскім Russkii golos беларуская тэма ў канцы 1920-х часта гучала ў сувязі з Заходняй Беларусьсю. Там была цалкам камуністычная палітычная інтанацыя, больш рэзкая, з выразнай антыпольскай рыторыкай.

9 чэрвеня 1928 году газэта надрукавала абвестку пра першы сход ініцыятыўнай групы дзеля стварэньня сталай арганізацыі Таварыства сяброў Заходняй Беларусі.

Сход мусіў адбыцца ўвечары, а 7:30, у памяшканьні на 122 Second Avenue у Нью-Ёрку. Газэта зьвярталася да ўраджэнцаў і выхадцаў зь Беларусі, якія жылі ў Нью-Ёрку і ваколіцах. Паводле абвесткі, яны ведалі з газэтаў і лістоў пра «жахлівае насільле і несправядлівасьці», якія чыняць у Заходняй Беларусі «найміты пана Пілсудзкага» і стаўленікі «белапанскай Варшавы».

«Заходняя Беларусь зьнемагае пад ботам польскага захопніцкага насільля. Цяжка робіцца на сэрцы, калі чуеш пра гэта», – пісала газэта.

Мэта сходу фармулявалася як аб’яднаньне «тут, на чужыне» інтарэсаў ураджэнцаў, выхадцаў і тых, хто спачувае Заходняй Беларусі. Ініцыятыўная група заклікала прыйсьці ўсіх, хто цікавіцца гэтым «істотным пытаньнем».

Беларуская Амэрыка не была адзінай палітычнай супольнасьцю. Побач з дзеячамі БНР, антыбальшавіцкімі расейскімі эмігрантамі і старымі імпэрыялістамі існавалі левыя асяродзьдзі, для якіх галоўнай тэмай была барацьба супраць польскай улады ў Заходняй Беларусі.

І ўсё ж усе яны, кожны сваёй мовай і са сваёй ідэалёгіяй, рабілі Беларусь бачнай.

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

Радзіма як лес, вайна і бежанскі шлях

Але, можа, найбольш чалавечы тэкст пра Беларусь у гэтых газэтах – гэта «Успаміны пра Беларусь і беларусаў», надрукаваныя ў Russkii vestnik 7 студзеня 1925 году. Аўтар падпісаўся як Іван Белы.

Ён пачынае з трывожных газэтных паведамленьняў. Заходняя частка Беларусі, паводле іх, «пакрытая аддзеламі паўстанцаў». Жыхары Слуцку і навакольных вёсак чуюць гарматную кананаду. Польскія турмы перапоўненыя беларусамі. Польскія аддзелы і жандары расстрэльваюць і рабуюць беларусаў.

«Чытаю ўсё гэта ў газэтах і міжволі задаю сабе пытаньне: калі ж Беларусь перастане пакутаваць і выйдзе на шлях дабрабыту?»

Потым аўтар згадвае «вульгарны, але трапны анэкдот»: калі д’ябал спакушаў Хрыста і паказваў яму прыгажосьці сьвету, Беларусь ён прыкрыў хвастом, «як самае жахлівае і непрыгожае месца на зямным шары».

Гэта грубая і балючая формула. Але Іван Белы выкарыстоўваў яе не дзеля зьнявагі, ён спрабуе перадаць гістарычную долю краю. Празь беларускую зямлю стагодзьдзямі ішлі чужыя войскі: швэды, лівонцы, літоўцы, французы, вугорцы, немцы і, як ён піша, «бясконца палякі». Хто б з кім ні ваяваў, «а зямля беларуская стагнала, разаралася».

Далей пачынаецца характарыстыка беларусаў – цярплівых, працавітых, выносьлівых, спакойных. У ёй шмат тыповых для таго часу этнаграфічных абагульненьняў. Беларус, паводле аўтара, пасьля ўсіх войнаў «не адрозьніваецца ваяўнічасьцю і задзірлівасьцю», на любое няшчасьце ён адказвае: «Бог кару паслаў за грахі». Але Белы адразу спрачаецца з тымі, хто бачыць у гэтым тупасьць. Наадварот, піша ён, беларус мае «незвычайныя здольнасьці да навукаў».

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

Рэкляма ў тагачасных выданьнях

І раптам палітычны і этнаграфічны тэкст ператвараецца ў прызнаньне ў любові.

Белы піша, што бачыў Украіну, Крым, Каўказ, данскія і кубанскія стэпы, мора, Бэрлін, Парыж і Вашынгтон. Але ўсё гэта ня можа засланіць роднага краю.

«Не бяруся судзіць пра тое, якой Беларусь уяўляецца іншым. Для мяне ж яна – мая радзіма, найпрыгажэйшая краіна».

І далей:

«Але мілейшая і лепшая за ўсё – мая родная Беларусь зь яе лясамі, рэкамі, балотамі і дзікім зьверам рознага гатунку. Для мяне няма нічога лепшага за вялізны хваёвы лес».

Ён апісвае векавыя сосны, якія нібыта шэпчуцца паміж сабой пра Напалеона, што калісьці праходзіў тут са сваімі войскамі. Апісвае непраходны ліставы лес у сьпякотны летні дзень і асабліва ў сухую позьнюю восень, калі наверсе па галінах сьвішча вецер, а ўнізе зямля пакрытая тоўстым пластом жоўтага, чырвонага, сырога лісьця.

«Ідзеш, як па мяккім дыване. Пад нагамі шамаціць лістота, патрэскваюць галіны. Гэтыя гукі дзейнічаюць на маю душу лепш за ўсякую музыку».

Потым успамін пераходзіць у праэкт будучыні. У маладосьці, блукаючы па лясах, аўтар марыў пакрыць Беларусь густой сеткай чыгунак і шашэйных дарог, разьбіць вёскі на хутары, даць сялянам найноўшыя земляробчыя прылады, адкрыць школы, бібліятэкі і клюбы замест шынкоў, прарэзаць балоты каналамі і адвесьці ваду ў суседнія рэкі. Тады, піша ён, Беларусь магла б ператварыцца ў квітнеючы сад, у «рай зямны».

Але для гэтага, паводле яго, патрэбная была «незвычайная бура», якая разагнала б цьвіль, што пакрывала радзіму. Замест буры прыйшоў ураган Першай сусьветнай вайны. Маладыя мужчыны ўзяліся за зброю, дома засталіся старыя, жанчыны і дзеці.

Самы страшэнны фрагмэнт – апісаньне бежанства. Паводле Белага, менавіта тады слова «бежанцы» ўпершыню увайшло ў шырокі ўжытак.

«Па абодва бакі шашы Баранавічы – Слуцак – Бабруйск утварыліся суцэльныя могілкі. Паміралі старыя, дзеці, маладыя. Пахаваньні былі простыя: без трунаў, без папоў, без малітваў і без сьлёз – з адной мукай у душы».

Магілу капалі сьпехам каля таго месца, дзе спыняўся воз. Нябожчыка клалі ў яму такім, якім ён памёр, засыпалі зямлёй, рабілі маленькі драўляны крыж – а часьцей проста ламалі палку, утыкалі ў магілу, хрысьціліся і ішлі далей «у невядомы шлях».

«У нашым горадзе»: Аляксей Лаўнічук з Дэтройту

Дакумэнты аб натуралізацыі ў ЗША Аляксея Лаўнічука зь вёскі Карды пад Жабінкай

Дакумэнты аб натуралізацыі ў ЗША Аляксея Лаўнічука зь вёскі Карды пад Жабінкай

І нарэшце асабістая знаходка, якая робіць старыя выданьні ня толькі гістарычным, але і сямейным скарбам. У Russkii golos за 9 лістапада 1928 году я знаходжу подпіс: А. Лаўнічук. Гэта Аляксей Лаўнічук, брат майго прадзеда, які эміграваў зь Беларусі ў Дэтройт у 1919 годзе і ўсё жыцьцё працаваў на заводзе Форда. У газэтных архівах мне ўдалося знайсьці прынамсі два дзясяткі ягоных публікацыяў, ён выступаў як карэспандэнт і аўтар зацемак пра надзённыя здарэньні ў сваім новым родным горадзе.

Адна з такіх публікацыяў называлася «Забіў паліцыянта і параніў дзяўчыну». Гэта гарадзкая крымінальная хроніка з Дэтройту, гісторыя пра сямейную сварку, стрэлы, параненую дзяўчыну, забітага паліцыянта і выпадковага кандуктара трамвая, які кінуўся за ўзброеным чалавекам.

«У расейскай калёніі шмат гавораць пра крывавую драму, якая гэтымі днямі разыгралася ў нашым горадзе», – пачынаў Лаўнічук.

У гэтым сказе палягае цэлая міграцыйная біяграфія. «Расейская калёнія» была мовай газэты і асяродзьдзя, у якім жылі розныя выхадцы з былой імпэрыі. «Наш горад» – гэта ўжо Дэтройт, новы дом. А паміж імі чалавек з-пад Жабінкі, які піша ў амэрыканскія газэты.

Далей Лаўнічук дакладна, амаль кінэматаграфічна, разгортвае сцэну. Мужчына на прозьвішча Гувэр пасварыўся з жонкай, яны вырашылі разысьціся. Жонка пераехала да сваёй дачкі ад першага шлюбу, дзевятнаццацігадовай Маргарыты. Празь нейкі час Гувэр прыехаў да дому, дзе жыла жонка, але яе не засьпеў. Вярнуўся пад вечар ужо з рэвальвэрам.

Калі Маргарыта ўбачыла зброю ў руках айчыма, яна адразу зачыніла дзьверы. Гувэр стрэліў у дзьверы, куля прайшла праз дрэва і параніла чатырохгадовую дзяўчынку, якая гуляла на падлозе. Маргарыта паспрабавала ўратавацца праз вакно і дабрацца да суседзяў. Гувэр пачаў яе перасьледаваць і некалькі разоў стрэліў. Параненая ў плячо, яна ўсё ж пасьпела схавацца.

На месца выклікалі паліцыянта Ганца. Той паспрабаваў арыштаваць Гувэра, пачалася перастрэлка, і паліцыянт, «абліваючыся крывёю», упаў на зямлю. Побач праходзіў трамвай. Кандуктар хутка спыніў вагон, схапіў рэвальвэр паліцыянта і кінуўся ў пагоню. Неўзабаве Гувэр здаўся. Паліцыянт памёр па дарозе ў шпіталь.

Гэтая гісторыя патрэбная не дзеля крымінальнай сэнсацыі. Яна паказвае, як беларускі эмігрант уваходзіць у новую рэальнасьць настолькі, што пачынае апісваць яе як мясцовы рэпарцёр.