Рэвалюцыя пад градусам. Як алкаголь дапамог стварыць ЗША

У Дзень незалежнасці ЗША варта згадаць адну з самых правакацыйных гістарычных кніг апошніх гадоў. Гісторык Брук Барб'е сцвярджае: ром, эль і віскі былі не проста часткай паўсядзённага жыцця амерыканскіх каланістаў, а адным з фактараў, якія наблізілі Амерыканскую рэвалюцыю.

Карціна Джона Трамбула «Прадстаўленне праекта Дэкларацыі незалежнасці Кантынентальнаму кангрэсу».

Карціна Джона Трамбула «Прадстаўленне праекта Дэкларацыі незалежнасці Кантынентальнаму кангрэсу».

Сярод дзясяткаў кніг, прысвечаных 250-годдзю ЗША, асабліва вылучаецца Cocked and Boozy (умоўна: «Весела і падвыпіўшы»). У ёй Барб'е прапануе дзёрзкую гіпотэзу: алкаголь быў не проста бытавой звычкай каланістаў, а адным з галоўных каталізатараў Амерыканскай рэвалюцыі.

Але перш чым пагрузіцца ў хмельныя перыпетыі барацьбы за незалежнасць, Брук Барб'е прапануе зазірнуць у вытокі. «Зялёны змей» прыпоўз у Новы Свет разам з англійскімі перасяленцамі, якія прывезлі з сабой не толькі Біблію і стрэльбы, але і глыбокую любоў да выпіўкі.

У суровых умовах калоній алкаголь стаў сапраўдным выратаваннем: ён саграваў зімой, ім лячыліся ад ліхаманкі і нават верылі, што ён прадухіляе хваробы. Словам, гэта былі ўніверсальныя лекі і крыніца радасці.

І каланісты спажывалі яго ў такіх колькасцях, што сучаснаму чалавеку цяжка нават уявіць. Даходзіла да кур'ёзаў: у Бостане паспрабавалі забараніць калектыўныя тосты. Паколькі паводле этыкету патрабавалася выпіваць асобную порцыю з кожным прысутным, застоллі ператвараліся ў бясконцы марафон. Закон праваліўся з трэскам: гараджане проста яго байкатавалі.

Алкаголь уплываў не толькі на настрой каланістаў, але і на палітыку. Менавіта алкаголь апынуўся ў цэнтры падатковых скандалаў, якія папярэднічалі вайне. Сумна вядомыя Закон аб патацы і Закон аб цукры былі, па сутнасці, спробамі Брытаніі абкласці падаткамі вытворчасць рому (патака, пабочны прадукт вытворчасці цукру, была яго ключавым інгрэдыентам). Каланісты ўспрынялі гэта не як эканамічную меру, а як замах на свой лад жыцця.

Глядзіце таксама

Тут Барб'е робіць нечаканы паварот. Ён рашуча абвяргае папулярны міф пра тое, што Амерыканская рэвалюцыя была стройным маршам да свабоды. Насамрэч патрыёты дзейнічалі хаатычна: за ўсплёскамі пратэстаў ішлі гады апатыі, і ніхто першапачаткова не планаваў поўнага разрыву з метраполіяй.

Падтрымліваць градус грамадскай незадаволенасці — у прамым і пераносным сэнсе — дапамагалі і выпадковыя інцыдэнты з удзелам аматараў моцных напояў. Як прыклад — Бостанская разня 5 сакавіка 1770 года. Паводле некаторых сведчанняў, адзін з удзельнікаў натоўпу быў злёгку нападпітку. Гараджане абсыпалі абразамі і снежкамі атрад брытанскіх салдат. У адказ прагучаў залп. Пяць мёртвых каланістаў на снезе. Гэтая трагедыя ўскалыхнула калоніі і стала той самай іскрай, якая з часам ператварыла ропат у люты пратэст.

Сваю лепту, дарэчы, унеслі і самі брытанскія салдаты. Калі ў 1768 годзе «чырвоныя мундзіры» прыбылі ў Бостан, каб уціхамірыць бунтароў, яны хутка палюбілі мясцовы ром. І пілі яны так, што многія каланісты ўбачылі ў гэтым сімвал гніення і слабасці ўсёй брытанскай кароны. Які парадак можа навесці армія, якая сама ледзь стаіць на нагах?

Але сапраўднымі цэнтрамі рэвалюцыйнага руху сталі нават не вуліцы, а карчмы. Тракціры ў тыя часы былі чымсьці накшталт жывых сацсетак: тут фармавалі меркаванні, заключалі ўгоды, спрачаліся пра палітыку і рэлігію. Менавіта карчмы служылі негалоснымі штабамі патрыётаў ва ўсіх калоніях. У адной з такіх устаноў збіраліся члены суполкі «Сыны свабоды» — той самай групоўкі бунтароў, якая пазней арганізавала славутае Бостанскае чаяванне.

Важную ролю ў працы Кантынентальнага кангрэса адыгрывалі і пасядзелкі за пляшкай віна. Калі пасяджэнні афіцыйна сканчаліся, найважнейшыя перамовы працягваліся за кружкай элю або куфлем віна. Менавіта ў такой нефармальнай атмасферы радыкалы накшталт Джона Адамса пераконвалі асцярожных дэлегатаў галасаваць за антыбрытанскія рашэнні.

Нядзіўна, што супернікі незалежнасці з задавальненнем выкарыстоўвалі гэтую тэму ў сваім агітпропе. Лаялісцкія газеты пісалі, што «сябры Кангрэса звычайна выпівалі па трыццаць куфляў віна, перш чым прыняць свае рэзалюцыі».

І, вядома, аўтар не абмінае Віскі-бунт 1791 года — узброенае паўстанне пенсільванскіх фермераў супраць падатку на іх любімы напой. Для яго падаўлення Джордж Вашынгтон асабіста ўзначаліў мабілізацыю апалчэння. І гэта было лагічна: маладому ўраду патрабавалася паказаць усім скептыкам, што ЗША — гэта не аперэтка, а рэальная дзяржава з рэальнымі рычагамі ўлады.

Дарэчы, менавіта Віскі-бунт раскалоў маладую нацыю. Федэралісты на чале з Аляксандрам Гамільтанам радаваліся перамозе парадку. А рэспубліканцы Томаса Джэферсана білі трывогу: улада становіцца занадта моцнай. Гэты канфлікт стаў адным з фактараў, якія паскорылі фармаванне першай партыйнай сістэмы ў ЗША. І тут, як бачым, алкаголь зноў аказаўся ў эпіцэнтры падзей.

У фінале кнігі Брук Барб'е робіць правакацыйную выснову: менавіта дзякуючы алкаголю брытанскія падданыя ператварыліся ў амерыканцаў. Можна з гэтым спрачацца, можна пагаджацца. Але калі задумацца, то пад мухай чалавек сапраўды здольны на многае. Нават стварыць Злучаныя Штаты Амерыкі. Чаму б і не?