ЗША ў ААН заклікалі Расію неадкладна скончыць вайну ва Украіне

Намеснік пастпрадстаўніка ЗША пры ААН Дэн Негрэ заявіў, што час не на баку Расіі, і ёй лепш заключыць пагадненне і спыніць вайну ва Украіне. Прадстаўнік Украіны падкрэсліў, што прапанова аб спыненні агню па лініі баявога сутыкнення — ужо нават «занадта шчодрая» з боку Украіны. А свет рыхтуецца да ўступлення ў вайну Беларусі. Ідуць 1581-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

729480418_2867033316964828_2721811155140396646_n.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 221 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Васіллеўкі, Котліна, Удачнага, Новааляксандраўкі, Дарожнага і ў бок Сяргееўкі, Мураўкі, Шаўчэнка і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Дабраполля, Злагоды, Аленаканстанцінаўкі і ў бок Гуляйпольскага, Горкага, Уздвіжаўкі, Цвятковага, Стараўкраінкі, Чароўнага.

На Ліманскім кірунку расіяне 20 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Навасёлаўкі, Новаміхайлаўкі, Копанкі і ў бок Баравой, Дробышава, Азёрнага, Лімана, Дзібровы.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 16 разоў, паблізу Рэзнікаўкі, Каленікаў, Закітнага і ў бок Рай-Аляксандраўкі і Крывой Лукі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сафіеўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 12 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў кірунку Вільчы, Сямёнаўкі, Пакалянага, Бочкава, Калодзезнага і іншых.

* * *

У ноч на 23 чэрвеня Расія атакавала Украіну 135 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 118 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расія раніцай у аўторак, 23 чэрвеня, атакавала Запарожжа. Удар выклікаў узгаранне аўтамабіляў на тэрыторыі прыватнай стаянкі, у выніку атакі пацярпеў адзін чалавек.

У Слабадскім раёне Харкава зафіксавана траплянне дзвюх ракет. Таксама ў кірунку горада рухалася група ўдарных БпЛА. Наступствы ўдараў удакладняюцца, адзначыў мэр Харкава Ігар Церахаў.

Вечарам 22 чэрвеня расійскія войскі нанеслі ўдар па Сумах з прымяненнем кіраваных авіябомбаў, пацярпела прамысловая зона грамады. Было скінута шэсць кіраваных авіябомбаў, у выніку выбуху загарэўся тралейбус, размешчаны побач з зонай удару, які на момант інцыдэнту знаходзіўся без пасажыраў. Транспартны сродак цалкам згарэў, кіроўца тралейбуса атрымаў цяжкія траўмы.

* * * 

729838745_1651853695875348_4924679987348117148_n.jfif

* * *

У новым дакладзе, падрыхтаваным для Украіны, беларуская апазіцыя вылучыла шэраг працэсаў, якія, на яе думку, сведчаць пра змену ролі Мінска ў вайне, паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі.

Дакумент быў накіраваны міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.

У 30-старонкавым дакладзе прыведзены шэраг ключавых фактараў, якія на думку аўтараў сведчаць пра актывізацыю падрыхтоўкі Беларусі да магчымага ваеннага канфлікту. Гэта змены ў ваенным заканадаўстве; нарошчванне ваеннага патэнцыялу; пераарыентацыя эканомікі на ваенныя рэйкі; больш цеснае ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй; мілітарызацыя грамадства; падрыхтоўка грамадзянскага сектара да ваенных умоў; назапашванне стратэгічных рэзерваў; бесперапынныя ваенныя вучэнні.

Даклад утрымлівае не толькі пералік фактараў, але і рэкамендацыі па стрымліванні далейшай мілітарызацыі Беларусі і прадухіленні магчымага абвастрэння сітуацыі.

* * *

Германія вырашыла перакінуць каля пяці тысяч сваіх ваеннаслужачых у Літву для ўзмацнення абароны ўсходняга фланга NATO. Ваенныя будуць базавацца недалёка ад мяжы з Беларуссю і знаходзіцца там на пастаяннай аснове, паведамляе Bild. Гэтую інфармацыю пацвердзіў міністр абароны Літвы Робертас Каунас.

Як адзначыў Каунас, будаўніцтва інфраструктуры для размяшчэння войскаў прасоўваецца хутчэй, чым было прадугледжана першапачаткова. За некалькі месяцаў месцы, дзе раней былі лясы, пачалі актыўна забудоўваць: тут узводзяць жылыя комплексы, школы, дзіцячыя сады і медыцынскія ўстановы.

Міністр таксама падкрэсліў стратэгічную важнасць нямецкай брыгады для ўзмацнення абароназдольнасці NATO ў рэгіёне. Каунас запэўніў, што Германія і Літва будуць цалкам гатовыя да завяршэння праекта ўжо да канца 2027 года, а магчыма, і раней.

У Літве ўжо размяшчаецца каля 1800 нямецкіх ваеннаслужачых, якія ўдзельнічаюць у вучэннях Freedom Shield (Шчыт свабоды) недалёка ад беларускай мяжы. У іх задзейнічаныя падраздзяленні 45-й танкавай брыгады, 203-га танкавага батальёна з Аўгустдорфа і 122-га мотапяхотнага батальёна з Оберфіхтаха. Плануецца, што да 2027 года гэтыя батальёны таксама перамесцяцца ў Літву.

* * *

Час не на баку Расіі, і ёй лепш заключыць пагадненне і спыніць вайну ва Украіне, заявіў намеснік пастпрадстаўніка ЗША пры ААН Дэн Негрэ падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН.

Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць Украіну і яе народ у абароне суверэнітэту. «ЗША падтрымліваюць Украіну ў абароне яе свабоды і суверэнітэту. Злучаныя Штаты падтрымліваюць украінскае насельніцтва, якое пакутуе ад нападаў, што наносяць шкоду найважнейшай інфраструктуры і культурнай спадчыне, у тым ліку ад удараў Расіі па Кіева-Пячэрскай лаўры», — сказаў Негрэ.

У той жа час ён спаслаўся на нядаўнія словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, адзначыўшы, што вайну трэба скончыць як мага хутчэй.

«Як выразна заявіў прэзідэнт Трамп падчас саміту G7 на мінулым тыдні, Расія павінна заключыць пагадненне. Час не на баку Масквы», — падкрэсліў намеснік пастпрадстаўніка ЗША пры ААН.

Ён дадаў, што армія РФ страчвае штомесяц каля 40 тысяч салдат забітымі і параненымі, а расійская эканоміка ў цяперашні час «у вельмі цяжкім стане». Па словах дыпламата, вайна РФ супраць Украіны доўжыцца «занадта доўга і павінна скончыцца». І адзіным адказам у гэтай сітуацыі з’яўляюцца дыпламатыя і перамовы, паколькі нішто іншае «не спыніць гэтыя бессэнсоўныя забойствы».

«Злучаныя Штаты настроены дамагчыся спынення агню і дасягнення шляхам перамоваў пагаднення, якое пакладзе канец расійска-ўкраінскай вайне, як мага хутчэй. Хопіць! Настаў час для неадкладнага спынення агню», — заявіў Негрэ.

* * *

Спыненне агню ўздоўж лініі сутыкнення з’яўляецца вялікім кампрамісам, і Украіна можа перагледзець гэту сваю прапанову па перамовах з Расіяй, заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН.

«Украіна гатовая да прамых перамоваў з Расіяй для дасягнення справядлівага і трывалага міру ў адпаведнасці са Статутам ААН. Але наша цярпенне не бязмежнае. Калі Савет Бяспекі ААН і далей будзе займаць чакальную пазіцыю, Украіна можа перагледзець свае цяперашнія прапановы. Спыненне агню ўздоўж фактычнай лініі фронту ўжо з’яўляецца вялікім кампрамісам», — сказаў Мельнік.

Звяртаючыся да расійскай прадстаўніцы, ён заявіў, што Расія ніколі не зможа ўтрымаць акупаваныя тэрыторыі, і заклікаў яе як мага хутчэй сысці з Украіны.

Мельнік расказаў, што расійскія войскі захраслі ўздоўж лініі фронту, а Расія штомесяц страчвае больш за 30 тысяч ваеннаслужачых — удвая больш, чым Савецкі Саюз губляў штогод за дзесяць гадоў вайны ў Афганістане. Ён дадаў, што расійскае насельніцтва пачынае панікаваць, таму што наступствы развязанай Пуціным вайны пачалі дасягаць Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў.