Ад акуляраў да поціску рукі: што яшчэ можна забараніць у Беларусі

Ад кніг і сімвалаў да дзікарослых раслін на прыватных участках. Аўтарытарныя рэжымы рэдка спыняюцца на палітычных забаронах. Калі кантроль становіцца галоўнай мэтай, пад падазрэнне можа трапіць практычна ўсё — нават поціск рукі, акуляры або ранішняя прабежка. 

zabarony.png

У Беларусі апошнім часам забаранілі шмат чаго: ад раманаў Віктара Пялевіна да дзікарослых і незадэклараваных раслін на прыватных дачных участках. Але гісторыя іншых аўтарытарных рэжымаў паказвае: калі дзяржава пачынае рэгуляваць не толькі палітыку, але і паўсядзённае жыццё, фантазія ўладаў становіцца практычна бязмежнай.

Вось некалькі экстравагантных, абсурдных — і пры гэтым цалкам рэальных — забарон, якія ў розныя часы ўводзілі дыктатары. Практычна ўсе яны ў свой час таксама тлумачыліся клопатам пра бяспеку, мараль або дзяржаўныя інтарэсы.

Забарона на поціск рукі

Беніта Мусаліні абвясціў традыцыйны поціск рукі «буржуазным, распешчаным і негігіенічным». Замест яго італьянцам заканадаўча загадалі выкарыстоўваць «рымскае прывітанне» — паднятую ўверх правую руку. За поціск рукі ў дзяржаўнай установе чыноўнік рызыкаваў пазбавіцца працы.

Забарона на запальнічкі

У Партугаліі пры Антоніу ды Салазары доўгія гады дзейнічаў закон, які забараняў выкарыстанне кішэнных запальнічак без спецыяльнай дзяржаўнай ліцэнзіі і штогадовай выплаты падатку. Такім чынам дзяржава абараняла сваю манаполію на вытворчасць запалак. Парушальнікаў штрафавалі без жалю.

Забарона хадзіць басанож

У той жа Партугаліі Салазар забараніў грамадзянам з'яўляцца басанож у гарадах і буйных населеных пунктах — каб стварыць у замежнікаў ілюзію ўсеагульнага дабрабыту. Беднякам, якія не маглі дазволіць сабе абутак, даводзілася шыць самаробныя сандалі з аўтамабільных шын.

Абсурднасць такіх рашэнняў не павінна падманваць. Практычна заўсёды за імі стаяла вельмі канкрэтная мэта — татальны кантроль.

Забарона на песімізм

У Аргенціне ў часы ваеннай дыктатуры хунта патрабавала, каб усе тэатральныя пастаноўкі, тэлепраграмы і фільмы заканчваліся выключна шчаслівым фіналам. Любая гісторыя, якая магла выклікаць у гледача песімізм або думкі пра несправядлівасць, лічылася пагрозай «нацыянальнай бяспецы».

Забарона прамаўляць імёны апазіцыянераў

Пасля звяржэння Хуана Перона ў 1955 годзе аргенцінская ваенная дыктатура выдала ўказ-закон № 4161, які афіцыйна забараняў згадваць уголас або ў друку імя Перона, які знаходзіўся ў эміграцыі, а таксама яго памерлай жонкі Эвіты.

Забарона на хваробы

Ва Угандзе пры Ідзі Аміне ў 1977 годзе быў выдадзены ўказ, які фактычна абвяшчаў венерычныя захворванні незаконнымі. Людзей, западозраных у наяўнасці такіх хвароб, прымусова адпраўлялі на абследаванне.

Забарона на парыкі і бароды

Той жа Ідзі Амін абвясціў парыкі «прадуктам імперыялістычнай эксплуатацыі», сцвярджаючы, што валасы для іх нібыта збіралі з ахвяр вайны ў В'етнаме. Бароды таксама трапілі пад забарону. Паводле адной з распаўсюджаных версій, дыктатар проста комплексаваў праз тое, што сам не мог адгадаваць густую бараду.

Забарона на імёны

У Заіры (цяперашняй Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга) Мабуту Сесе Сека ў рамках палітыкі «заірызацыі» загадаў усім грамадзянам змяніць еўрапейскія імёны на афрыканскія. Святару, які хрысціў дзіця еўрапейскім імем, пагражала да пяці гадоў турмы.

Забарона на акуляры

Дыктатар Экватарыяльнай Гвінеі Франсіска Нгема, сам амаль непісьменны, пагарджаў адукаванымі людзьмі. Ён забараніў насіць акуляры, лічачы іх прыкметай інтэлектуалаў, якіх адкрыта ненавідзеў. Само слова «інтэлектуал» таксама трапіла пад забарону.

Забарона на групавыя прабежкі

У Бурундзі ў 2014 годзе прэзідэнт П'ер Нкурунзіза забараніў групавыя ранішнія прабежкі. Улады сцвярджалі, што апазіцыя нібыта выкарыстоўвае іх для падрыхтоўкі паўстанняў. Каб займацца бегам, трэба было зарэгістраваць клуб, прайсці ўзгадненне і трэніравацца толькі ў адным з дзевяці дазволеных месцаў.

Забарона на колеры і чэргі

У Туркменістане забаранілі аўтамабілі чорнага і іншых цёмных колераў — нібыта «па кліматычных прычынах». Жанчынам таксама афіцыйна забаранілі фарбаваць валасы ў светлыя адценні.

Там жа жорстка спыняюць любыя чэргі па дэфіцытныя тавары — каб не дапусціць публічнай дэманстрацыі незадаволенасці.

Праўда, забарона на колеры — не туркменскае вынаходніцтва. У Чылі пры Піначэце на дзяржаўным тэлебачанні часова забаранілі выкарыстоўваць жоўты колер у субтытрах і графіцы, бо ён асацыяваўся з сімволікай забароненай левай партыі.

Забарона на падарожжы ў часе

У 2011 годзе кітайскія ўлады забаранілі фільмы і серыялы пра перамяшчэнні ў часе, палічыўшы, што такія сюжэты «лёгкадумна ставяцца да гісторыі», скажаюць факты і прапагандуюць забабоны.

Забарона на кветку

Пасля «Язмінавай рэвалюцыі» ў Егіпце ў Кітаі заблакавалі слова «язмін» у пошукавых сістэмах, забаранілі продаж гэтых кветак на рынках і адмянілі штогадовы язмінавы фестываль.

Забарона на нацыянальны сцяг

У Нікарагуа пасля пратэстаў 2018 года выкарыстанне сіне-белага нацыянальнага сцяга па-за афіцыйнымі мерапрыемствамі стала небяспечным. За размахванне сцягам або выкананне гімна ў грамадскім месцы людзей затрымліваюць.

Забарона на песню

Дыктатар Малаві Хастынгс Банда забараніў песню «Cecilia» дуэта Simon & Garfunkel выключна праз свой няўдалы раман з жанчынай па імені Сесілія.

*****

Усё гэта выглядае смешна. Роўна да таго моманту, пакуль не разумееш, што калі ўлада пачынае рэгуляваць тое, як людзі вітаюцца, што носяць, як бегаюць, якія імёны даюць дзецям ці нават якія кветкі купляюць, яна ўжо змагаецца не з апазіцыяй, а са здаровым глуздам. І, як паказвае гісторыя, амаль заўсёды прайграе.