Чатыры даты незалежнасьці. Як не заблытацца ў 27 ліпеня, 25 сакавіка, 25 жніўня і 3 ліпеня

Беларусь упершыню абвесьціла незалежнасьць 25 сакавіка 1918-га, заявіла пра дзяржаўны сувэрэнітэт 27 ліпеня 1990-га, юрыдычна замацавала яго 25 жніўня 1991-га, а афіцыйны Дзень Незалежнасьці цяпер адзначае 3 ліпеня. «Новы Час» простымі словамі тлумачыць, што насамрэч адбылося ў кожную з гэтых датаў і чаму гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, якую зь іх мусіць сьвяткаваць краіна.

27_lipenja.jpeg

27 ліпеня спаўняецца 36 гадоў з дня прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Але калі беларуса спытаць, калі ягоная краіна стала незалежнай, ён можа назваць чатыры розныя даты, і не абавязкова памыліцца. Адна азначае першае ўвасабленьне ідэі незалежнай беларускай дзяржавы ў прававым акце, другая – заяву пра сувэрэнітэт, трэцяя – юрыдычнае афармленьне сучаснай незалежнасьці, чацьвёртая – дзень, які зрабіў галоўным дзяржаўным сьвятам рэжым Лукашэнкі.

А цяпер разьбярэмся, чаму кожны з гэтых дзён атрымаў права на месца ў беларускім календары.

25 сакавіка 1918. Беларусь упершыню заявіла: «мы – незалежная дзяржава»

bnr_2_5.jpg

У ноч на 25 сакавіка 1918 году ў акупаваным нямецкімі войскамі Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абмяркоўвала Трэцюю Ўстаўную грамату. Раніцай дакумэнт быў прыняты, і паводле яго БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай».

Гэта было першае ў найноўшай гісторыі адназначнае палітычнае сьцьверджаньне, што Беларусь не зьяўляецца вобласьцю Расеі, яна не аўтаномія і не правінцыя, а самастойная краіна. Менавіта таму 25 сакавіка стала Днём Волі.

БНР не здолела ўсталяваць паўнавартасны кантроль над тэрыторыяй, стварыць устойлівае войска і дамагчыся шырокага міжнароднага прызнаньня. Нямецкая адміністрацыя яе незалежнасьці таксама не прызнала. Але слабасьць тагачасных дзяржаўных інстытутаў не адмяняе галоўнага. Трэцяя Ўстаўная грамата упершыню ператварыла беларускую незалежнасьць з культурнай мары ў сфармуляваны палітычны праэкт.

bnr_15.jpg

Пасьля паразы БНР яе дзеячы працягнулі працу ў эміграцыі, а сама ідэя незалежнай Беларусі ўжо не зьнікла. Нават стварэньне БССР у 1919 годзе цяжка аддзяліць ад факту, што бальшавікі мусілі адказваць на беларускі нацыянальны рух і праэкт БНР.

Таму 25 сакавіка – гэта дзень першага абвяшчэньня незалежнасьці і гістарычнай пераемнасьці. Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што ён павінен стаць дзяржаўным сьвятам і выходным, а Днём Незалежнасьці менавіта сучаснай Беларусі называе 25 жніўня. Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч фармулюе яшчэ больш катэгарычна: «Выбіраючы паміж 27 ліпеня і 25 жніўня, я б выбраў 25 сакавіка».

27 ліпеня 1990. Беларусь заявіла, што менавіта яна гаспадар у сваім доме

Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк

Сувэрэнітэт і незалежнасьць – блізкія, але не заўсёды тоесныя рэчы. Калі патлумачыць на побытавым прыкладзе, сувэрэнітэт азначае, што правілы ў нашым доме ўсталёўваем мы. Незалежнасьць дадае, што і сам дом ужо не зьяўляецца часткай чужой маёмасьці.

27 ліпеня 1990 году Беларусь усё яшчэ была Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай у складзе СССР. Аднак у гэты дзень Вярхоўны Савет прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. За ўвесь дакумэнт прагаласавалі 229 з 232 зарэгістраваных у залі дэпутатаў.

Дэклярацыя абвяшчала вяршэнства рэспубліканскіх Канстытуцыі і законаў, недатыкальнасьць межаў, права на ўласную фінансавую сыстэму, войска і органы бясьпекі. Беларусь заяўляла пра намер стаць нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавай. Носьбітам сувэрэнітэту і крыніцай улады называўся беларускі народ.

Але ў дакумэнце заставаўся істотны савецкі кампраміс, бо Дэклярацыя разглядалася як аснова для новай саюзнай дамовы. Інакш кажучы, гаворка ішла не пра неадкладны выхад з СССР, а пра значна большую самастойнасьць Беларусі ў абноўленым Саюзе. Да таго ж Дэклярацыя яшчэ ня мела моцы канстытуцыйнага закону.

Тым ня менш менавіта тады Беларусь упершыню на дзяржаўным узроўні запісала, што ейныя законы, тэрыторыя, рэсурсы і воля народу маюць быць вышэйшыя за рашэньні саюзнага цэнтру. На прапанову паэта і дэпутата Анатоля Вярцінскага 27 ліпеня абвесьцілі Днём Незалежнасьці і дзяржаўным сьвятам. Так яго адзначалі да 1996 году.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету ад Апазыцыі БНФ і адзін з распрацоўнікаў Дэклярацыі Сяргей Навумчык праводзіць выразную мяжу: «Я не лічу 27 ліпеня 1990 году Днём Незалежнасьці». Для яго гэта важны крок, але не фінал, бо дакумэнт па-ранейшаму прадугледжваў існаваньне Беларусі ў нейкай форме СССР.

Але ёсьць і іншы погляд. Кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала мяркуе: «Дзень Незалежнасьці павінен адзначацца менавіта ў дзень прыняцьця дэклярацыі», а наданьне дакумэнту канстытуцыйнага статусу было ўжо тэхнічным актам. Палітоляг Юры Дракахруст таксама нагадвае, што незалежнасьць дзяржаваў часта ўзьнікае не за адну хвіліну, а як працэс. На карысьць 27 ліпеня гаворыць і традыцыя, бо гэтая дата ўжо была афіцыйным сьвятам незалежнай Беларусі.

Такім чынам, 27 ліпеня – гэта дзень абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту і пачатак юрыдычнай дарогі да сучаснай Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 1991. Сувэрэнітэт стаў законам, а Беларусь незалежнай дэ-юрэ

25_zniunja.jpg

Паміж дзьвюма ліпеньска-жнівеньскімі датамі прайшоў год, але палітычна іх падзяляла цэлая эпоха. 19 жніўня 1991 году ў Маскве пачаўся путч ГКЧП. Прыхільнікі старога парадку паспрабавалі адхіліць Міхаіла Гарбачова і спыніць распад савецкай імпэрыі. Праз тры дні путч праваліўся. У Менску перад Домам ураду сабраліся тысячы людзей, а дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі неадкладна надаць Дэклярацыі канстытуцыйную сілу.

25 жніўня Вярхоўны Савет прыняў Закон № 1017-XII: Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце стала канстытуцыйным законам. «За» прагаласавалі 253 дэпутаты. Адначасова рэспубліканскім уладам перадаваліся прадпрыемствы саюзнага падпарадкаваньня, а дзейнасьць КПБ-КПСС прыпынялася.

Так адбыўся галоўны юрыдычны пералом. Тое, што ў ліпені 1990-га было дэклярацыяй намераў і кампрамісам з саюзным цэнтрам, стала абавязковай нормай, вышэйшай за ранейшыя савецкія правілы. Асобнага дакумэнта з назвай «Акт аб выхадзе Беларусі з СССР» не прымалі, а сам СССР існаваў яшчэ некалькі месяцаў. Але менавіта 25 жніўня Беларусь атрымала незалежнасьць дэ-юрэ.

19 верасьня БССР была перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь, а бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі. 8 сьнежня Беларусь, Украіна і Расея падпісалі Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР, 10 сьнежня беларускі парлямэнт іх ратыфікаваў. Гэта былі ўжо наступныя крокі, але прававы падмурак незалежнай беларускай дзяржавы ўжо зьявіўся 25 жніўня.

Паводле Навумчыка, гэта «сапраўдны дзень народнай перамогі» і апагей нацыянальнага Адраджэньня. Падобнай пазыцыі трымаецца і гісторык Анатоль Сідарэвіч: 25 сакавіка, на яго думку, мусіць быць дзяржаўным Днём Волі, а 25 жніўня – Днём Незалежнасьці сучаснай Беларусі.

Такім чынам, 25 жніўня – гэта дзень юрыдычнага замацаваньня незалежнасьці сучаснай дзяржавы. Парадокс у тым, што афіцыйным Днём Незалежнасьці ён у Беларусі ня быў ніводнага году.

3 ліпеня 1944. Вызваленьне сталіцы, але не набыцьцё незалежнасьці

3_lipenja.jpg

3 ліпеня 1944 году ў часе апэрацыі «Баграціён» Чырвоная армія вызваліла Менск ад нацысцкай акупацыі. Гэта адна з найважнейшых датаў у гісторыі Другой сусьветнай вайны ў Беларусі, дзень памяці пра перамогу над нацызмам і велізарныя ахвяры.

Аднак да ўзьнікненьня незалежнай дзяржавы гэтая дата наўпрост не адносіцца. У 1944-м БССР вярнулася пад кантроль савецкай улады і заставалася часткай таталітарнага СССР. Больш за тое, 3 ліпеня вызвалілі Менск, а не ўсю Беларусь, напрыклад, Берасьце было вызваленае толькі 28 ліпеня.

Чаму ж сьвята называецца Днём Незалежнасьці? 24 лістапада 1996 году Аляксандар Лукашэнка вынес на рэфэрэндум прапанову перанесьці яго з 27 ліпеня на 3 ліпеня. Паводле афіцыйных вынікаў ЦВК, «за» прагаласавалі 88,18% удзельнікаў галасаваньня. Рэфэрэндум адбываўся ва ўмовах вострага канстытуцыйнага канфлікту, ягоная адпаведнасьць дэмакратычным стандартам і абвешчаныя вынікі аспрэчваліся апазыцыяй і міжнароднымі арганізацыямі. Пасьля рэфэрэндуму Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла спэцыяльны гасьцявы статус Беларусі.

Глядзіце таксама

У выніку гістарычны сэнс галоўнага сьвята быў заменены. Замест расповеду пра тое, як Беларусь атрымала дзяржаўную самастойнасьць, афіцыйны каляндар пачаў адлічваць незалежнасьць ад савецкай ваеннай перамогі. Палітоляг Валер Карбалевіч бачыць у гэтым частку лукашэнкаўскай міталёгіі, і распад СССР у ёй падаецца як няшчасьце, зь якога незалежная Беларусь зьявілася нібыта выпадкова.

Дык які дзень «правільны»?

Гэтыя даты не абавязкова павінны змагацца за права застацца ў календары толькі па адной. 25 сакавіка можа адзначаць гістарычнае нараджэньне беларускай незалежнасьці, 25 жніўня – яе аднаўленьне і юрыдычнае ўвасабленьне ў сучаснай дзяржаве, 27 ліпеня – Дзень сувэрэнітэту, а 3 ліпеня – вызваленьне Менску.

Але калі пытаньне паставіць максымальна вузка, калі сучасная Рэспубліка Беларусь набыла дзяржаўную незалежнасьць у юрыдычным сэнсе, найбольш дакладны адказ будзе, вядома ж, 25 жніўня 1991 году.