Чалавек, які засьпяваў незалежнасьць. 7 фактаў пра Пётру Садоўскага

Памёр Пётра Садоўскі – палітык, мовазнаўца, дыплямат, адзін з тых людзей, безь якіх цяжка ўявіць беларускае адраджэньне канца 1980-х і першыя гады незалежнай Беларусі. Ён быў у Аргкамітэце Беларускага Народнага Фронта, дэпутатам у Вярхоўным Савеце, першым беларускім амбасадарам у Нямеччыне, але ў памяці многіх ён застанецца яшчэ і чалавекам, які ў гістарычны вечар 25 жніўня 1991-га ня змог сказаць словаў – і засьпяваў.

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

1. Шукаў беларускі «шыбалет»

Пётра Садоўскі нарадзіўся на Полаччыне, у вёсцы Буцькаўшчына ў 1939 годзе, у краі, дзе беларуская мова была натуральным паветрам жыцьця. Пазьней у сваёй кнізе ўспамінаў «Мой шыбалет» ён будзе вяртацца туды як да першага месца, дзе чалавек вучыцца чуць сябе, сваю сям’ю, свой народ і сваю мову. Назва кнігі невыпадковая: «шыбалет» для яго выяўляецца знакам адрознасьці, паролем, празь які народ пазнае самога сябе.

Садоўскі пісаў, што як прафэсійны філёляг ён усё жыцьцё фактычна шукаў адказ на пытаньне: «якія мы, беларусы?». Гэтая фармулёўка добра тлумачыць і яго як мовазнаўцу, і яго як палітыка. Для яго беларускасьць была нутраным выбарам, спробай «прыйсьці да сябе».

Ягонае жыцьцё магла пайсьці зусім іншым шляхам: Менская сувораўская вучэльня, замежныя мовы, навуковая кар’ера, пераклады, праца ў Акадэміі навук. Але ўсе гэтыя дарогі ўрэшце вялі да аднаго да Беларусі як галоўнай тэмы жыцьця.

2. Быў мовазнаўцам, які ператварыў мову ў грамадзкую справу

Да палітыкі Пётра Садоўскі прыйшоў праз мову. Ён быў кандыдатам філялягічных навук, выкладаў у Інстытуце замежных моваў, працаваў у Акадэміі навук, валодаў некалькімі эўрапейскімі мовамі, перакладаў, пісаў пра лінгвістыку, літаратуру і нацыянальную праблематыку.

Але ў 1980-я быў час, калі беларуская мова мусіла вяртаць сабе месца ў школе, у дзяржаўных установах, у мэдыя, у публічнай прасторы. Сам Садоўскі згадваў, што ў Фондзе культуры ўзначальваў моўную камісію, уваходзіў ва ўрадавую камісію для падрыхтоўкі Закону аб мовах, чытаў лекцыі для журналістаў і дыктараў, дапамагаў ствараць беларускія клясы і праграмы.

Гэта была праца па вяртаньні беларусам уласнага голасу. Спадар Садоўскі добра разумеў, што калі мова застаецца толькі хатняй ці фальклёрнай, народ застаецца без паўнавартаснай публічнай суб’ектнасьці. А калі мова выходзіць у парлямэнт, школу, закон і на тэлебачаньне пачынаецца палітычнае адраджэньне.

Пётра Садоўскі на гуканьні вясны. Асабісты архіў П. Садоўскага

Пётра Садоўскі на гуканьні вясны. Асабісты архіў П. Садоўскага

3. Стаяў ля вытокаў БНФ

19 кастрычніка 1988 году ў Менску быў створаны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Пётра Садоўскі быў сярод людзей, якія ўвайшлі ў гэты першы фронтаўскі збор, разам з Зянонам Пазьняком, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Алесем Бяляцкім, Адамам Мальдзісам, Алегам Трусавым і іншымі.

У сваім пазьнейшым эсэ ён напісаў пра БНФ вельмі дакладна: «БНФ – гэта тое, чаго падсьвядома праглі беларусы». Для яго Фронт быў на шмат больш, чым проста арганізацыяй ці партыяй. Пасьля стварэньня Аргкамітэту Садоўскаму прапанавалі стаць першым скарбнікам руху. У тагачасных «Навінах БНФ» зьявіўся нумар рахунку і ягонае прозьвішча. Рух яшчэ быў не зарэгістраваны, а афіцыйная прэса ўжо малявала БНФ ворагамі. І нягледзячы на гэта людзі ўсё роўна дасылалі грошы  «хто пяцёрку, хто дзясятку, хто тры рублі».

Садоўскага выклікалі ў пракуратуру, папярэджвалі пра пагрозы і небясьпеку. На пытаньне пракурора, хто ў іх «хворы», калі яны зьбіраюць грошы, Пётра Садоўскі адказаў: грамадзтва хворае, і яны зьбіраюць грошы на яго лекаваньне.

4. Быў дэпутатам незалежнасьці і сьведкам гістарычнага дня 25 жніўня 1991

У 1990 годзе Пётра Садоўскі стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Ён быў сябрам Апазыцыі БНФ, старшынём камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, сябрам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Менавіта гэтае пакаленьне ў жніўні 1991 году зрабіла тое, што яшчэ нядаўна здавалася амаль немагчымым. Яны юрыдычна замацавалі дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Сам Пётра Садоўскі называў дзень абвяшчэньня незалежнай Беларусі і прызнаньня «Пагоні» ды бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі самым шчасьлівым момантам свайго жыцьця.

Увечары 25 жніўня 1991 году каля Дому ўраду на плошчы стаялі тысячы людзей. Дэпутатаў БНФ падсаджвалі на дах тэлевізійнай фуры, каб яны зьвярнуліся да грамады. Калі чарга дайшла да Садоўскага, словы, як ён сам пазьней прызнаваўся, не ішлі. У горле стаяў камяк, душылі сьлёзы радасьці. І тады ён засьпяваў купалаўскую «А ў бары-бары тры дарожанькі». Плошча падхапіла.

Гістарычны сьпеў Пётры Садоўскага на плошчы. (пачынаючы з 13.25). Крыніца: Беларускі архіў [ youtube ]

Сяргей Навумчык, паплечнік Садоўскага па БНФ, у камэнтары для «Новага Часу» менавіта гэты момант назваў сваім самым цёплым успамінам пра яго.

На пытаньне, што з таго, што зрабіў Пётра Садоўскі, найперш павінны памятаць будучыя пакаленьні, Навумчык адказаў вельмі трапна: галоўнае – дасягненьне Незалежнасьці, зробленае палітычным пакаленьнем Садоўскага і ім самім.

5. Быў першым амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне

Пётра Садоўскі з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым. Асабісты архіў П. Садоўскага

Пётра Садоўскі з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым. Асабісты архіў П. Садоўскага

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Пётра Садоўскі стаў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччына. Гэта была дыпляматыя першых гадоў, калі дзяржава ўжо была абвешчаная, але яе інстытуты яшчэ толькі ствараліся. У той час часта трэба было тлумачыць сьвету, што гэта за краіна і чаму яна мае права на ўласны голас.

Беларусь, якая яшчэ нядаўна была прыгнечанай савецкай рэспублікай, адчыняла сваю амбасаду ў краіне, якая сама толькі нядаўна перажыла аб’яднаньне. У гэтай дыпляматычнай біяграфіі Садоўскага было шмат няўладкаванасьці, імправізацыі, чалавечых і бюракратычных цяжкасьцяў. Але менавіта так і пачыналася незалежная беларуская дыпляматыя, якой вырвалі крылы і мову з прыходам да ўлады тырана.

6. Галадаў супраць рэфэрэндуму 1995 году

У красавіку 1995 году Пётра Садоўскі быў сярод дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія абвясьцілі галадоўку супраць ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум па чатырох пытаньнях: наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, замены «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга на нэакамуністычныя, права прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Дэпутаты Беларускага Народнага Фронту разумелі, што пад ударам адначасова апынуліся мова, гістарычная памяць, парлямэнтарызм і ўласна дзяржаўная незалежнасьць. У галадоўцы ўдзельнічалі 19 дэпутатаў, сярод іх Пётра Садоўскі, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Алесь Шут і іншыя.

Галадоўка скончылася начным сілавым разгонам у Авальнай залі. Пасьля поўначы памяшканьне запоўнілі людзі ў форме, масках, шаломах, з дубінкамі і аўтаматамі, дэпутаты сашчапіліся рукамі, але іх сілай выносілі з залі.

Пазьней гэты эпізод будуць называць адной з першых адкрытых сцэн будучай таталітарнай Беларусі. Для Садоўскага гэта была яшчэ адна мяжа, дзе трэба было зрабіць выбар. У ягонай уласнай мове – чарговы «Ярдан», які чалавек мусіць перайсьці, калі хоча застацца сабой.

7. Не сышоў з дыстанцыі да самага канца

Пасьля дыпляматычнай службы і сыходу зь вялікай палітыкі Пётра Садоўскі не ператварыўся ў чалавека з заслугамі часоў Ноя. Ён пісаў, выступаў, камэнтаваў, удзельнічаў у публічных дыскусіях, заставаўся часткай беларускай інтэлектуальнай прасторы.

У 2008 годзе выйшла ягоная кніга «Мой шыбалет», аўтабіяграфічныя замалёўкі, дзе прыватная памяць перарастае ў гісторыю Беларусі другой паловы ХХ стагодзьдзя. «Уся праўда хаваецца ў дэталях», – падкрэсьліваў Садоўскі.

Ён выходзіў на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі ў 2019 годзе, а ў 2020-м быў у судзе пасьля ўдзелу ў пратэстах.

У 2021 годзе ён казаў, што беларусам давядзецца прайсьці «маратонскую дыстанцыю», бо 9 жніўня 2020-га быў «толькі адзін зь дзён змаганьня за Беларусь».

А яшчэ адзін, ужо амаль непублічны штрых, дадае да ягонага партрэту пратаярэй Сяргей Горбік. Паводле яго, у 2023 годзе Пётра Садоўскі запытаў, каму можна дапамагаць у справе абароны Ўкраіны, атрымаў кантакты людзей, што зьбіралі сродкі на падтрымку снайпэраў, і потым, па магчымасьці, данаціў – у тым ліку на вінтоўку «Марыя» ў памяць пра беларускую добраахвотніцу Марыю Зайцаву.

Зянон Пазьняк адгукнуўся на вестку пра скон спадара Садоўскага наступнымі словамі: «Пайшоў на 87 годзе жыцьця. А хацелася б, каб дажыў хаця б да 100. Меў ясны розум, быў патрыётам і шмат чаго ведаў. Яго роля ў палітыцы актыўная, беларуская і станоўчая. Палепшыцца час, і яшчэ шмат добрага напішуць удзячныя нашчадкі пра гэтага чалавека, ўдзельніка вялікіх гістарычных падзей. Хай будзе пухам родная зямля, Пётра, і хай, там на Небе, у Вольнай Нябеснай Беларусі, дзе сабраліся самыя выдатныя людзі Бацькаўшчыны, хай табе будзе сярод іх добра і хораша. Вечная памяць».

Дачка спадара Пётры паведаміла, што разьвітаньне адбудзецца заўтра, 7 ліпеня, а 9.00 - 9.45 па вул. Сямашкі, 8, корпус 8. Пахаваньне адбудзецца на могілках у Нясьвіжскім раёне.