Са спадзевам на Чалавека-павука: навошта ў Беларусі будуюць патэнцыйныя мэты для Украіны

Часам узнікае ўражанне, што некаторыя людзі ў Беларусі, калі не ў вышэйшых эшалонах улады, то як мінімум тыя, хто прымае рашэнні, хочуць пазбавіцца ад нашага «сонцалікага». І калі шляхам выбараў зрабіць гэтага нельга, то яны ствараюць сітуацыі ў стылі «чым горш, тым лепш». Робяць усё, каб ён або скапыціўся ад стрэсу, або проста махнуў рукой і сышоў сам. Прынамсі, за апошні тыдзень было прынята столькі нелагічных рашэнняў…

Малюнак зYouTube 

Малюнак зYouTube 

Мы яшчэ не адышлі ад трывогі за нашую нафтаперапрацоўку, якой прыгразіў Зяленскі праз расійскія рэтранслятары ў РБ і пастаўкі бензіну ў армію РФ, як сваімі рукамі пачалі ствараць новыя мэты. У першую чаргу адзначыўся камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый Аляксандр Іллюкевіч, які проста па тэлебачанні заявіў, што Беларусь стварае на мяжы з Украінай новую брыгаду ССА. Нават пахваліўся, што першы батальён яны набралі, і цяпер набіраюць другі — з адпаведнымі службамі забеспячэння — выведкай, тылавымі службамі, лагістыкай і г. д. «Ідзе планавая падрыхтоўка да прымянення іх па прызначэнні», — сказаў Іллюкевіч.

Зразумела, Украіна на гэта адрэагавала імгненна. Спікер Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка заявіў, што ўкраінцы «будуць сачыць за тэмпамі разгортвання», і ўсе дзеянні Мінска «на руку Крамлю», бо Беларусь «працягвае знаходзіцца пад уплывам краіны-тэрарысткі Расіі», і пагроза з боку Беларусі «ў цэлым нікуды не знікае».

Праўда, вельмі верагодна, што ўкраінскі бок не так зразумеў «планавую падрыхтоўку да прымянення па прызначэнні» байцоў Іллюкевіча. Менавіта ССА замазаліся ў падаўленні пратэстаў у 2020-м і забілі Генадзя Шутава. Таму, магчыма, Украіна ў бяспецы, затое ў небяспецы — грамадзяне Беларусі. І калі Украіна возьме на прыцэл гэтую новую брыгаду (а яна возьме) — яшчэ невядома, каму будзе больш карысці.

Але на гэтым нашы чыноўнікі не спыніліся, і пачалі будаваць яшчэ адну мэту для ўкраінскіх дронаў. Першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Кірыл Карацееў расказаў, што расійскі маркетплейс Wildberries паскоранымі тэмпамі дабудоўвае лагістычны цэнтр у індустрыяльным парку. Першыя секцыі комплексу ўжо працуюць.

«Да эксплуатацыі першых секцый лагістычнага цэнтра ўжо прыступілі. Будаўніцтва ідзе нават з апераджальным тэмпам… З Расійскай Федэрацыі прыехалі спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў пуска-наладцы, у запуску не аднаго такога аб'екта. Адпаведна, яны зараз працуюць з нашымі беларускімі работнікамі», — хваліцца Карацееў.

Ён, напэўна, не бачыў, як гараць Wildberries у Расіі. Не толькі самі гараць — там унутры і штосьці выбухае. У кампаніі тлумачаць, што гэта выбухаюць акумулятары для бытавой тэхнікі, але слаба ў гэта верыцца. І калі ў беларускім «Вялікім камені» будзе такая ж «мірная прадукцыя»… Улічваючы адносную блізкасць складоў Wildberries да лініі фронту, сумняваюся, што «Птахі Мадзяра» пакінуць гэты аб'ект без увагі.

Не кажучы ўжо пра тое, што лагістычныя хабы — зусім не тое, для чаго ствараўся «Вялікі камень». Нам «прадавалі» яго як вяршыню тэхналагічнага ланцужка, цэнтры біятэхналогій і іншае. А што там ёсць ад біятэхналогій сёння? Грузчыкі?

Тым не менш, нехта выявіў і кемлівасць. Паглядзеўшы, як у РФ вызваляецца ніша Wildberries, беларускі МАРГ абмеркаваў стварэнне айчыннага маркетплейса для юрасоб і ІП, а таксама электроннага каталога тавараў. Кіраўнік МАРГ Артур Карповіч адзначыў вялікі патэнцыял каталога: «Яго можна выкарыстоўваць як адзіную агульнанацыянальную сістэму для закупак і прасоўвання беларускай прадукцыі ўнутры краіны і за мяжой».

Карыстальнікам будуць даступныя падрабязныя апісанні прадукцыі, глабальны пошук, «разумныя» фільтры, мультымоўная падтрымка. Каталог дапаможа аналізаваць дынаміку цэн, попыт, прапанову і аб'ёмы продажаў, паведамляе прэс-служба МАРГ.

Скажыце калі ласка, вы ў 2021-м годзе знішчылі TUT.BY для таго, каб праз пяць гадоў задумацца над стварэннем адной з яго пляцовак? І чым вам не падабаецца «Анлайнер» з аналагічнай функцыяй, што трэба зноў вынайсці веласіпед?

На самай справе, ініцыятыва МАРГ — гэта «вялікі распіл грошай на хайпе Wildberries». Тыпу як у гадах прыкладна 2018–2019-х «Белпошта» заявіла пра стварэнне свайго, незалежнага і беларускага сэрвісу электроннай пошты. І стварылі, выдаткаваўшы на яго немалыя бюджэтныя грошы. Але… Хто-небудзь ім карыстаецца? Адгукніцеся! Аў!

Карацей, мэтаў для ўкраінскіх дронаў у Беларусі стала больш. А вось варыянтаў процідзеяння ім больш не становіцца. Лукашэнка пакуль толькі марыць пра нейкую цуда-зброю супраць беспілотнікаў: відаць, беларускія вайскоўцы так і не паказалі яму сваю лазерную сістэму СПА ў дзеянні.

«А калі хтосьці разумны возьме, у невялікай краіне, у Ізраілі, у Беларусі там так і створыць сістэму барацьбы з гэтымі беспілотнікамі супраць любых беспілотнікаў. Усё — яны перастаюць лятаць, падаюць, выбухаюць і так далей…», — летуценіў ён на нарадзе па стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій.

Але, як мы ўжо пісалі, штучны інтэлект адмовіўся працаваць у беларускай сельскай гаспадарцы. Што ўжо казаць пра армію!

З такім жа поспехам Лукашэнка для барацьбы з дронамі можа папрасіць Дональда Трампа перадаць Беларусі Чалавека-павука, які будзе заблытваць дроны сваім павуціннем. Гэта больш рэалістычна, чым стварэнне «цуда-тэхналогіі» ў краіне, якая знаходзіцца пад тэхналагічнымі санкцыямі.