«Мы зразумелі, што дамагчыся справядлівасці не ўдасца». Сёння — гадавіна смерці Генадзя Шутава

19 жніўня 2020 года ў мінскім вайсковым шпіталі памёр Генадзь Шутаў. Яго 11 жніўня ў час пратэстаў смяротна параніў вайсковец, капітан спецназа Раман Гаўрылаў. Сведку забойства і сябру Шутава Аляксандру Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калоніі за «спробу забойства сілавікоў». Сілавікоў, якія забілі Шутава, зрабілі пацярпелымі.

c8c53f4d_044f_46a2_8a69_760c66733c51_w1023_r1_s.webp

44-гадовы брэстаўчанін Генадзь Шутаў быў паранены ў галаву 11 жніўня падчас разгону масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Брэсце. Параненага Шутава з Брэста перавезлі ў вайсковы шпіталь у Мінск на верталёце. Але і там яго выратаваць не змаглі. Памёр Шутаў 19 жніўня.

Афіцыйная прычына смерці — траўматычны ацёк галаўнога мозгу, пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі. 

 Крымінальную справу распачалі супраць забітага, а не супраць забойцаў

Яшчэ да смерці Шутава Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву, згодна з якой праваахоўнікі ў Брэсце папраўдзе прымянялі агнястрэльную зброю супраць групы агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, узброеных арматурай.

Відавочцу забойства Шутава, яго сябра Аляксандра Кардзюкова, адразу ж затрымалі і вельмі хутка перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Спачатку абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса («Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў.

А потым перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК).

16 лютага ў Брэсце пачаўся суд. На лаве падсудных быў толькі Аляксандр Кардзюкоў, яго перавезлі ў Брэст з СІЗА №1 Мінска напярэдадні працэсу. Памерлы Генадзь Шутаў на працэсе праходзіў як абвінавачаны.

Вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спецыяльных аперацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын на судзе прысутнічалі ў якасці пацярпелых.

Вайсковец Гаўрылаў хацеў стрэліць у перадплечча, а пацэліў у патыліцу

Капітан Гаўрылаў расказаў, што яны прыехалі ў Брэст да выбараў для ўдзелу ў спаборніцтвах на палігоне. Пасля выбараў іх падраздзяленне выклікалі ў АМАП і загадалі выяўляць небяспечных пратэстоўцаў, выдалі ім зброю. Вайскоўцы былі ў цывільным адзенні. 11 жніўня яны выправіліся ў мікрараён «Усход» на тралейбусе. Кардзюкоў і Шутаў здаліся ім падазронымі.

Паводле версіі следства, Кардзюкоў і Шутаў «мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына», пасля чаго Кардзюкоў «нанёс удар Гаўрылаву металічнай трубой». Капітан Гаўрылаў, абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Генадзя Шутава, «у вобласць левага перадплечча». Аднак ад таго, што не змог сканцэнтравацца пасля ўдару па галаве, пацэліў Шутаву ў патыліцу.

На пытанне суддзі Святланы Крамянёўскай, чаму ён цэліў не ў нагу Шутаву, той адказаў, што баяўся патрапіць у сябе. На пытанне, ці мог пазбегнуць стрэлу ў патыліцу Шутаву і захаваць яму жыццё, Гаўрылаў адказаў: «Я зрабіў усё, што мог. Я кепска сябе адчуваў».

«Хуткую» параненаму Шутаву выклікаў яго напарнік Арсеній Галіцын, але пасля таго, як патэлефанаваў свайму начальніку.

Аляксандраў Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

25 лютага Брэсцкі абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленні асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў спробе забойства. Суддзя Святлана Крамянеўская прысудзіла мужчыну 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта столькі, колькі і прасіў пракурор Генадзь Буры.

У сакавіку 2021 года дачка загінулага Генадзя Шутава Анастасія Шутава і сваякі асуджанага на 10 гадоў Аляксандра Кардзюкова падалі апеляцыю ў Вярхоўны суд.

«Вярхоўны суд пакінуў прысуд Брэсцкага абласнога суда ў сіле. Мы зразумелі, што дамагчыся праўды і справядлівасці ў Беларусі нам не ўдасца. Усё гэта вельмі балюча. Таму будзем звяртацца ў міжнародныя інстанцыі», — сказала дачка Генадзя Шутава Анастасія.

Генадзь Шутаў пахаваны на могілках у Жабінцы, Аляксандр Кадзюкоў прызнаны палітвязнем і адбывае пакаранне ў Магілёўскай папраўчай калоніі №15. Вайскоўцы — капітан спецназа Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын — працягваюць служыць.