Беларуская мова — не «бедная» мова
Беларуская мова — улюбёная індаэўрапейская мова японскага беларусафіла Наокі Кацуміёвіча. У гэтым эсэ ён разважае пра яе месца ў сучасным свеце і праз гісторыі людзей розных нацыянальнасьцяў паказвае, чаму беларускую нельга лічыць «беднай» ці другараднай мовай.

Мне было 15 гадоў, калі я пачаў вывучаць беларускую мову. Гэта было рашэньне, якое я прыняў, нічога ня ведаючы пра моўную сытуацыю ў Беларусі. Маёй галоўнай матывацыяй было тое, што я быў закаханы ў беларускую дзяўчыну ў маёй старэйшай школе ў Токіё й таму хацеў вывучыць яе мову, каб уразіць яе. Я даведаўся пра існаваньне Беларусі, калі мне было 10 ці 11 гадоў, з кнігі пра Другую сусьветную вайну, дзе я ўпершыню ўбачыў назву гэтай краіны, але ў астатнім я мала ведаў пра беларускую гісторыю ці Беларусь у цэлым. У многіх адносінах маё невуцтва было схаваным добраславеньнем. Занадта шмат людзей ва ўсім сьвеце, і нават у самой Беларусі, падзяляюць меркаваньне Аляксандра Лукашэнкі адносна беларускай мовы. Такім чынам, здаецца, што мала хто цікавіцца вывучэньнем гэтай мовы, і я, магчыма, таксама адкінуў бы беларускую мову як «бедную», калі б ведаў пра яе становішча ў сваёй краіне.
«Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, ня могуць рабіць нічога, як толькі размаўляць на беларускай мове. Таму што па-беларуску нельга выказаць нешта вялікае. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — гэта расейская й ангельская».
А.Р. Лукашэнка
Калі мне было 2 гады, мая сям’я перасялілася зь Японіі ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, і мне споўнілася 13 гадоў, калі я зноў вярнуўся ў Японію. Хаця японская ёсьць і заўсёды была маёй роднай мовай, у выніку майго знаходжаньня ў Амэрыцы амэрыкана-ангельская сама па сабе стала мовай, якой я валодаю лепш за ўсё. Калі я вярнуўся ў Японію, мне адразу ж спатрэбілася пашыраць свае навыкі японскай мовы за межы паўсядзённай хатняй сфэры й выкарыстоўваць іх у прафэсійнай, акадэмічнай і іншых сацыяльных сфэрах. У выніку свайго вопыту я глыбока ўсьвядоміў важнасьць веданьня мовы продкаў; тое, што, як я заўважыў, многія прымаюць як належнае.
Мне таксама здавалася незразумелым, што народ, які кантралюе ўласную сувэрэнную дзяржаву, ня можа мець такую дзяржаву, у якой дамінуе ўласная этнічная мова. Да таго, як я пачаў вывучаць беларускую мову, адзінымі мовамі, пра якія я ведаў і на якіх многія прадстаўнікі адпаведных этнічных груп не маглі размаўляць, былі мовы карэнных амэрыканцаў, тунгускія мовы, р’юкюскія мовы, айнская мова, крымскататарская мова й меншыя ўральскія мовы, такія як марыйская й удмурцкая. Усё гэта — мовы, на якіх размаўляюць народы без сувэрэнных дзяржаваў, дзе яны могуць надаваць дзяржаўны статус сваім мовам. Таму я быў вельмі зьдзіўлены, даведаўшыся, што так шмат беларусаў не маглі размаўляць на сваёй роднай мове альбо, нават калі размаўлялі, не лічылі яе мовай, якой валодаюць найлепш. Нават беларуска, у якую я быў закаханы, лепш размаўляла па-японску, чым па-беларуску. Але я быў шакаваны, убачыўшы падобную сытуацыю сярод беларусаў, якія нарадзіліся й вырасьлі ў Беларусі, не жывучы за мяжой, бо лічыў, што такая моўная сытуацыя магчымая толькі для такіх людзей, як я.
Глядзіце таксама

Акрамя таго, у мяне склалася ўражаньне, што кожны, хто перасяляецца ў якую-небудзь краіну, абавязаны вывучыць мову гэтай краіны. Я сам бачыў гэта ў Амэрыцы, і я таксама бачыў гэта ў Японіі, бо замежнікі, якія перасяляліся ў любую з гэтых краінаў, вывучалі ангельскую альбо японскую. І калі замежнікі нейкім чынам дасягалі палітычных пасад, яны, безумоўна, свабодна валодалі мясцовай мовай. Урад ЗША поўны імігрантаў, якія свабодна валодаюць ангельскай мовай. І хоць у Японіі такіх людзей няшмат, тыя нешматлікія ўсё ж свабодна валодаюць японскай мовай, напрыклад, ураджэнец Фінляндыі Марутэй Цурунен.
Чым больш я даведваўся пра Беларусь, тым больш я адкрываў для сябе, што там ёсьць шмат замежнікаў і імігрантаў, якія атрымалі ўладу, але мала што можа сьведчыць пра тое, што яны могуць размаўляць па-беларуску нават на базавым узроўні. Асэтын Юрый Хаджымуратавіч Караеў быў міністрам унутраных справаў, татарын Урал Рамдракавіч Латыпаў — міністрам замежных справаў, і нават КДБ узначальваў украінец з Жытомірскай вобласьці па імені Вадзім Юр’евіч Зайцаў. Я пакуль не знайшоў ніякіх доказаў таго, што гэтыя людзі свабодна валодаюць беларускай мовай, нягледзячы на іхнія высокія пасады ва ўрадзе Беларусі. Калі я пачаў сур’ёзна вывучаць гісторыю Беларусі, я быў расчараваны, убачыўшы, што гэта нават не новая зьява. Нават у 1920-я гады, калі СССР падтрымліваў палітыку каранізацыі й тым самым заахвочваў разьвіцьцё й грамадзкае карыстаньне беларускай мовай, Беларускай ССР двойчы кіраваў латыскі бальшавік Вільгельм Кнорынш, які адкрыта выказваў сваё жаданьне зьнішчыць беларускую ідэнтычнасьць.

Хоць я не ўпэўнены на 100%, што меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў, што на ёй немагчыма выказаць што-небудзь «вялікае», калі ён пад гэтым разумее, што мова недастаткова разьвітая для выкарыстаньня ў палітыцы альбо ёй не хапае лексыкі, неабходнай для спэцыялізаваных кантэкстаў, ён катэгарычна памыляецца. Мовы, такія як кецкая, якім сапраўды не хапае роднай лексыкі для такіх кантэкстаў (напрыклад, калі я спрабаваў вывучыць кецкую, адзін кец сказаў мне, што яны нават ня могуць выказаць слова «перамога» на сваёй роднай мове, замест гэтага яны вырашылі выкарыстоўваць расейскае слова «победа»), можна было б назваць «беднымі» паводле гэтага вызначэньня, а не беларускую. Калі ж гаворка ідзе пра тое, што няма асаблівых прычын вывучаць мову, ён таксама памыляецца, бо шмат хто апрача мяне ўжо вывучаў беларускую мову. Калі ён мае на ўвазе, што беларуская мова нязначная альбо «другарадная», я таксама катэгарычна ня згодны.

На маю думку, «другарадная» мова — гэта мова, носьбітамі якой зьяўляюцца менш за мільён чалавек, якая не мае афіцыйнага статусу ні ў адной сувэрэннай дзяржаве, знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня ці зьяўляецца ўразьлівай і якая так рэдка вывучаецца неносьбітамі, што вельмі цяжка назваць нават дзясятак вядомых людзей, якія яе вывучылі. Наколькі я магу меркаваць, усе крыніцы, ад Вікіпэдыі да афіцыйнай статыстыкі ўрада Беларусі, сыходзяцца ў меркаваньні, што мінімальная магчымая колькасьць носьбітаў беларускай мовы складае каля 3 мільёнаў, а максымальная — каля 8 мільёнаў. Згодна з моўнай базай даных Ethnologue, 94 % моваў сьвету (і ў залежнасьці ад крытэрыяў, якія выкарыстоўваюцца для вызначэньня мовы, у сьвеце існуе каля 7100 моў) маюць менш за мільён носьбітаў. Такім чынам, беларуская мова аб’ектыўна зьяўляецца «асноўнай», бо яна ўваходзіць у 6 % найбольшых моваў па колькасьці носьбітаў. Вядома, знайсьці прыклады вядомых носьбітаў беларускай мовы, для якіх яна не зьяўляецца роднай, складана, асабліва ў параўнаньні з расейскай, для якой можна лёгка знайсьці некалькі сотняў прыкладаў, ці нават з такімі мовамі, як польская, украінская, сэрбскахарвацкая й чэская, для кожнай зь якіх, верагодна, можна было б назваць больш за 100 вядомых носьбітаў, у якіх яна не зьяўляецца роднай. Тым ня менш, мне ўсё ж удалося знайсьці 50 такіх носьбітаў, з больш чым 20 розных народнасьцяў, якія валодалі беларускай мовай. Ад «беднай» мовы я б не чакаў столькіх вядомых носьбітаў, для якіх яна не зьяўляецца роднай, бо не было б сэнсу вывучаць такую мову.
Вядомыя беларускамоўныя людзі, для якіх мова не з’яўляецца роднай
Анхэля Эсьпіноса Руіс (1993 н.) — андалузка; беларускамоўная паэтка, якая вывучыла беларускую мову ў Варшаве; перакладала вершы Максіма Багдановіча на гішпанскую мову; лаўрэатка журналісцкай прэміі «Беларусь у фокусе» (2011); вершы публікаваліся ў беларускамоўнай газэце «Наша Ніва».
Рыгор Рэлес (1913–2004) — габрэй; адзін з апошніх беларускіх габрэяў, якія пісалі на ідыш; нарадзіўся ў габрэйскай сям’і й размаўляў на ідыш як на роднай мове; вучыўся ў савецкай дзяржаўнай школе на ідыш, перш чым перайсьці ў беларускамоўную школу; пачаў пісаць вершы на беларускай мове, перш чым перайсьці на ідыш; быў прыняты на адзьдзяленьне літаратуры на ідыш Менскага пэдагагічнага інстытуту; апублікаваў некалькі апавяданьняў і вершаў на ідыш, беларускай і расейскай мовах.
Карлас Шэрман (1934–2005) — уругваец; нарадзіўся ў беларуса й карэннай амэрыканкі; вывучаў філялёгію ва Ўнівэрсытэце дэ Морон у Буэнас-Айрэсе з 1951 па 1956 год; пераехаў у Беларускую ССР у 1956 годзе разам зь сям'ёй, пасля таго як бацька вырашыў вярнуцца ў Беларусь; вывучыў беларускую мову, працуючы на заводзе; узначальваў рэдакцыйна-выдавецкі сэктар Фундамэнтальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі; пераклаў шматлікія творы зь беларускай мовы на гішпанскую й наадварот.
Юры Зісер (1960–2020) — украінскі габрэй; нарадзіўся ў Львове й вывучыўся ў Паўночна-Заходнім палітэхнічным інстытуце у Ленінградзе; пераехаў у Менск у 1987 годзе; заснавальнік і ўладальнік TUT.by, аднаго з самых наведвальных беларускіх вэб-парталаў; падтрымліваў папулярызацыю беларускай мовы, у тым ліку праз праекты і курсы на TUT.BY.
Марыя Ластоўская (1872–1957) — літоўка; паэтка, якая карысталася псэўданімам Lazdynų Pelėda разам са сваёй сястрой Сафіяй Пшыбіляўскене; роднай мовай была польская, але ўсё ж ідэнтыфікавала сябе як літоўка й пісала па-літоўску; была замужам за беларускім літаратурным крытыкам і палітыкам Вацлавам Ластоўскім; сябравала зь беларускім паэтам Янкам Купалам.
Рудальф Абіхт (1850–1921) — немец; славіст і філёляг, папулярызатар беларускай культуры ў Нямеччыне й перакладчык твораў Янкі Купалы й Якуба Коласа на нямецкую мову.
Ідрак Кахінавіч Мірзалізадэ (1992 н.) — талыш; нарадзіўся ў Азэрбайджане, але пераехаў у Беларусь ва ўзросьце 2 гадоў; стаў пасьпяховым комікам у Беларусі й Расеі; выступаў са стэндап-камэдыяй па-беларуску.
Адам Францішак Колар (1718–1783) — славак; аўтар тэрміна «этналёгія»; імпэрска-каралеўскі прыдворны дарадца Марыі Тэрэзыі; размаўляў на вугорскай, лацінскай, нямецкай, ангельскай, арабскай, славацкай, чэскай і, як мяркуецца, на ўсіх славянскіх мовах.
Оберон Гербэрт (1922–1974) — брытанец; землеўладальнік, які ваяваў у Другой сусьветнай вайне ў складзе Польскай арміі ў Брытаніі; размаўляў на 6 мовах, у тым ліку на беларускай; адзін з заснавальнікаў Англа-беларускага таварыства.
Сюй Байлун (1997 н.) — кітаец; славіст, які размаўляе па-беларуску, па-ўкраінску, па-польску й па-расейску; жыў як у Беларусі, так і ў Расеі; папулярызуе беларускую мову ў Instagram.
Іта Казакевіч (1955–1990) — латыская полька; філёляг, журналістка й сацыяльная працаўніца; абраная прэзыдэнткай Зьвяза палякаў Латвіі ў 1988 годзе; размаўляла на латыскай, францускай, расейскай, польскай, гішпанскай, нямецкай, беларускай, украінскай і грузінскай мовах.
Паўэл Янулус (1939 н.) — канадзец; паліглот, які ў 1985 годзе трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса за свабоднае валоданьне 42 мовамі; па чутках, размаўляе па-ангельску, па-француску, па-гішпанску, па-партугальску, па-італьянску, па-румынску, па-нямецку, па-нідэрляндзку, па-фрыску, па-нарвэску, па-дацку, па-швэдзку, па-ісландзку, па-расейску, па-ўкраінску, па-польску, па-чэску, па-сэрбску, па-славацку, па-славенску, па-кашубску, па-верхнелужыцку, па-ніжнелужыцку, па-беларуску, па-македонску, па-баўгарску, па-хіндзі, па-пэнджабску, па-урду, па-армянску, па-сінгальску, па-тыбецку, па-японску, па-мандарынску, па-кантонску, па-харвацку, па-грэцку, па-турэцку, па-курдзку, па-фінску, па-карэйску й па-пэрсідзку.
Зігмас Зінкявічус (1925–2018) — літовец; адзін з найвыбітнейшых літоўскіх мовазнаўцаў; паўнапраўны сябра Літоўскай акадэміі навук; міністар адукацыі й навукі Літвы; свабодна валодаў літоўскай, ангельскай, нямецкай, расейскай, польскай, украінскай, францускай і беларускай мовамі.
Шырын Акінэр (1943–2019) — валійка-пакістанка; скончыла Лёнданскі ўнівэрсытэт са ступеняй у галіне славянскай філялёгіі, турэцкай мовы й літаратуры; атрымала доктарскую ступень ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану як дасьледчыца спадчыны ліпскіх татараў, абараніла ў 1980 годзе дысэртацыю пад назвай «The religious vocabulary of the British Library Tatar-Byelorussian Kitab» («Рэлігійная лексыка татарска-беларускага кітаба са збораў Брытанскай бібліятэкі»); дасьледавала сучасную беларускую літаратуру й публікавала артыкулы ў часопісе «Journal of Belarusian Studies».
Георг Заўэрвайн (1831–1904) — немец; выдавец і выбітны паліглот, які валодаў прыблізна 75 мовамі, у тым ліку вугорскай, эстонскай, беларускай, чуваскай, санскрытам, латыскай, фінскай, карнуэльскай, лацінскай, грузінскай, гавайскай, самаанскай і шатляндзка-гэльскай.
Джордж Альбэрт Крол (1956 н.) — амэрыканец; амэрыканскі дыплямат; амбасадар ЗША ў Беларусі (2003–2006); вывучаў беларускую мову ў Вашынгтоне; па прыбыцьці ў Менск выступіў з дзьвюххвіліннай прамовай на беларускай мове без нататак.
Фэрдынанд Нойрайтэр (1928–2007) — аўстрыец; мовазнаўца, нарадзіўся ў Рызе, але жыў у Аўстрыі з 1937 году; вывучаў ангельскую й раманскія мовы, але ў 1950-х гадах вывучыў польскую, украінскую, беларускую й кашубскую мовы; спэцыялізаваўся на кашубскай мове, але таксама апублікаваў некалькі прац па беларускай мове, у тым ліку «Weissrussische Anthologie. Ein Lesebuch zur Weissrussischen Literatur (mit deutschen Übersetzüng)» («Беларуская анталёгія: хрэстаматыя па беларускай літаратуры (з нямецкімі перакладамі)») у 1983 годзе; пераклаў на нямецкую мову творы Максіма Танка, Янкі Купалы й Якуба Коласа.
Вера Рыч (1936–2009) — брытанка; паэтка, журналістка, гісторык і перакладчыца зь беларускай і ўкраінскай моваў; набыла вядомасьць зь перакладамі твораў украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі на ангельскую мову; пачала вывучаць беларускую мову разам зь беларусамі ў цэрквах і пачала перакладаць беларускія творы на ангельскую мову; апублікавала ў 1971 годзе кнігу «Like Water, Like Fire» («Як вада, як агонь») — першую й дагэтуль найбольш поўную анталёгію беларускіх вершаў у перакладзе на ангельскую мову.
Эльжбета Смулкова (1931 н.) — полька; з 1957 году супрацоўнічала з катэдрай беларускай філялёгіі факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту; з 1997 па 2002 год узначальвала катэдру беларускай культуры факультэту Беластоцкага ўнівэрсытэту; з 1992 па 1995 год — амбасадарка Польшчы ў Беларусі.
Курманбэк Саліевіч Бакіеў (1949 н.) — кыргыз; другі прэзыдэнт Кыргыстану; уцёк з Кыргыстану ў выніку Кыргыскай рэвалюцыі 2010 году; перасяліўся ў Беларусь; пачаў вывучаць беларускую мову, гледзячы беларускія навіны.
Іржы Марван (1936–2016) — чэх; прафэсар балта-славянскай філялёгіі, які чытаў лекцыі ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе; праяўляў цікавасьць да беларускай мовы й культуры; ён і ягоныя калегі падрыхтавалі зборнік артыкулаў чэскіх і беларускіх аўтараў пад назвай «Чэскае ўсьведамленьне Беларусі» да XV Міжнароднага зьезду славістаў у Менску (2013); падтрымліваў выкладаньне беларускай мовы ў Карлавым унівэрсытэце.
Мірдза Абала (1923–2007) — латыска; мовазнаўца й перакладчыца, якая спэцыялізавалася на беларускай мове; аўтарка беларуска-латыскага й латыска-беларускага слоўніка; стварыла анталёгію латыскай паэзіі на беларускай мове ў 1984 годзе.
Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі (1900–1973) — расеец; паэт, найбольш вядомы як аўтар савецкай ваеннай песьні «Кацюша»; нарадзіўся ў Смаленскай вобласьці; магчыма, меў беларускую спадчыну, бо ён згадваў, што ягоныя бацькі размаўлялі па-беларуску; перакладаў творы Янкі Купалы, у прыватнасьці яго знакаміты верш «А хто там ідзе?», зь беларускай мовы.
Людвік Лазар Замэнгоф (1859–1917) — габрэй; афтальмоляг і стваральнік эспэранта; ягонымі роднымі мовамі былі ідыш, расейская й польская, але ў маладосьці вывучыў францускую, нямецкую, іўрыт, лацінскую, грэцкую, арамэйскую, валапюк і беларускую мовы.
Лешак Энгелькінг (1955–2022) — паляк; паэт, пісьменьнік, эсэіст і перакладчык, які перакладаў літаратурныя творы на польскую мову зь гішпанскай, ангельскай, расейскай, украінскай, беларускай, славацкай і чэскай моваў; перакладаў творы Андрэя Хадановіча на польскую зь беларускай.
Норбэрт Рандаў (1929–2013) — немец; рэдактар і перакладчык баўгарскіх, расейскіх, стараславянскіх і беларускіх твораў і кніг; лічыўся адным з найважнейшых знаўцаў і папулярызатараў баўгарскай і беларускай літаратуры ў Нямеччыне; пераклаў на нямецкую мову шматлікія беларускія творы, у тым ліку творы Максіма Багдановіча й Васіля Быкава.
Вацлаў Жыдліцкі (1931–2002) — чэх; дасьледчык і перакладчык беларускай і ўкраінскай літаратуры; ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту; адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў; авалодаў беларускай мовай у 1961 годзе падчас стажыроўкі ў Менску; пачаў выкладаць беларускую мову й літаратуру ў Празе.
Антаніна Абрэмбская-Яблонская (1901–1994) — полька; мовазнаўца, прафэсарка, спэцыялістка ў галіне польскай і беларускай філялёгіі; удзельнічала ў стварэньні польска-беларускага слоўніка (Podręczny słownik polsko-białoruski), выдадзенага ў 1962 г.; таксама аўтарка тэксту на беларускай мове «Да гісторыі нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы», выдадзенага Акадэміяй навук Беларускай ССР.
Аляксандра Гужон (1972 н.) — француска; палітолаг і дацэнт Бургундзкага ўнівэрсытэту, спэцыялізавалася на палітычных канфліктах ва Ўсходняй Эўропе; разам з француска-беларускай аўтаркай Віржыні Шыманец напісала падручнік па беларускай мове «Parlons biélorussien: langue et culture».
Крысьціян Рансэра Таледа (1989 н.) — баск; мовазнаўца і дасьледчык, які спэцыялізуецца на палескай мове; напісаў навуковую працу пра заходнепалескія дыялекты; праводзіў дасьледчыя паездкі ў Заходнюю Беларусь, каб апытаць старэйшых людзей па-беларуску.
Арнольд Макмілін (1941 н.) — брытанец; дасьледчык беларусістыкі й аўтар першай англамоўнай гісторыі беларускай літаратуры; падтрымліваў беларускую супольнасьць і акадэмічныя беларусістычныя дасьледаваньні ў Брытаніі; абараніў у 1971 годзе доктарскую дысэртацыю «The Vocabulary of the Byelorussian Literary Language in the Nineteenth Century» («Беларуская літаратурная лексыка XІX стагодзьдзя»).
Райніс (1865–1929) — латыш; паэт, драматург, перакладчык, палітык і адзін з найвыбітнейшых латыскіх пісьменьнікаў; валодаў беларускай моваю й ведаў беларускія народныя песьні; падтрымліваў стварэньне беларускіх школ у Латвіі.
Пітэр Джон Мэё (1944–2004) — брытанец; славіст і папулярызатар беларусістыкі ў Брытаніі; вывучаў лексыкаграфію, марфалёгію й сынтаксіс беларускай і расейскай моваў; рэдактар часопіса «Journal of Byelorussian Studies» з 1979 па 1988 гады; даўні член Англа-беларускага таварыства й папячыцель Беларускай бібліятэкі й музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
Міхал Уладзіміравіч Анемпадыстаў (1964–2018) — расеец; мастак, дызайнер і паэт, які жыў у Беларусі; нарадзіўся ў Менску ў расейскай сям’і й у маладосьці захапіўся беларускай мовай і культурай, асабліва праз падарожжы па сельскай мясцовасьці Беларусі; спачатку меў цяжкасьці з урокамі беларускай мовы ў школе, але ўрэшце палепшыў свае веды да такой ступені, што змог чытаць раманы Ўладзіміра Караткевіча; удзельнічаў у моладзевым аб’яднаньні «Беларуская Майстроўня», дзе актыўна карыстаўся беларускай мовай.
Джым Дынглі (1942 н.) — брытанец; дасьледчык і папулярызатар беларускай культуры ў Вялікабрытаніі, а таксама перакладнік беларускай літаратуры; 40 гадоў узначальваў Англа-беларускае таварыства; пераклаў некалькі беларускіх кніг на ангельскую мову.
Уладзіслаў Сыракомля (1823–1863) — паляк-літовец; выдатны паэт, пісьменьнік і перакладнік, які прысьвяціў свае творы спадчыне Вялікага Княства Літоўскага; ідэнтыфікаваў сябе як літовец, але не мог размаўляць на гэтай мове й размаўляў па-польску як на роднай; вырас на тэрыторыі сучаснай Беларусі й згадваў, што вывучыў беларускую мову, маючы зносіны зь беларусамі; пісаў вершы па-беларуску, а таксама творы, якія апісваюць звычаі беларусаў.
Аляксандар Іванавіч Скапненка (1971 н.) — украінец; мовазнаўца і славіст, вывучаў беларускую мову з 1993 па 1996 год у Інстытуце мовазнаўства імя А. А. Патабні НАН Украіны; удзельнічаў у стварэньні беларуска-ўкраінскага слоўніка, апублікаванага ў 2006 годзе; пісаў артыкулы па гісторыі беларускай мовы.
Іван Мікалаевіч Лабойка (1786–1861) — расеец; нарадзіўся ў сям’і чыноўніка Харкаўскай казённай палаты; стаў адным зь першых студэнтаў нядаўна адкрытага Харкаўскага ўнівэрсытэту ў 1805 годзе; стаў прафэсарам расейскай літаратуры й стараславянскай мовы ў Віленскім унівэрсытэце ў 1822 годзе; вывучаў беларускую мову й фальклёр, каб скласьці беларускі слоўнік; завербаваў этнічных беларусаў для дапамогі ў расшыфроўцы Віленскіх архіваў.
Андраш Золтан (1949 н.) — вугорац; мовазнаўца, які спэцыялізуецца на славянскіх мовах, асабліва на беларускай, расейскай, украінскай і русінскай; старшыня Вугорскай асацыяцыі беларусаў і член Вугорскага лінгвістычнага таварыства.
Павал Восіпавіч Баброўскі (1832–1905) — расеец; генэрал, этнограф і гісторык, нарадзіўся на Віленшчыне; удзельнічаў у Крымскай вайне; добра ведаў беларускую мову, бо яна яму была патрэбна для правядзеньня этнаграфічных дасьледаваньняў Віленшчыны; у сваіх нарысах па гісторыі Гарадзенскага краю падкрэсьліваў старажытнасьць беларускай мовы.
Марыя Магдалена Радзівіл (1861–1945) — полька; арыстакратка й фінансістка; нарадзілася ў Варшаве, але дзяцінства правяла ў сямейных маёнтках у Беларусі; носьбітка трох моваў — польскай, францускай і ангельскай — дзякуючы францускім і ангельскім гувернанткам; вывучыла беларускую мову дзякуючы падтрымцы бацькі, які размаўляў на гэтай мове зь беларускімі сялянамі; свабодна валодала беларускаю мовай, але ніколі не пісала на ёй, выкарыстоўвала польскую мову для перапіскі зь беларускімі нацыяналістамі; фінансавала беларускае выдавецкае таварыства «Загляне сонца й у наша аконца» і газэту «Беларусь»; адкрыла ў сваіх маёнтках школы на беларускай мове.
Алексантэры Ахола-Вало (1900–1997) — фін; мастак і архітэктар, вядомы як заснавальнік мастацка-рацыяналістычнае сыстэмы жыцьця (эвахамалёгіі); навучаўся ў мастацкай школе Юдэля Пэна ў 1921-22 гадах; дастаткова свабодна валодаў беларускай мовай, каб пісаць артыкулы для беларускіх газэт; у старасьці размаўляў па-беларуску з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Ігвэбіке Тэйлар Айке (? н.) — нігерыец; першы нігерыйскі студэнт, які атрымаў дыплём настаўніка беларускай мовы й літаратуры; правёў урок літаратуры па-беларуску ў Вільні.
Антуан Мартэль (1899–1931) — француз; славіст, які свабодна валодаў польскай, расейскай, украінскай і беларускай мовамі; быў адным зь першых дасьледчыкаў у Францыі, які ўжыў комплексны аўтаномны падыход да вывучэньня ўкраінскай і беларускай моваў; аналізаваў сытуацыю са старажытнабеларускай і стараўкраінскай мовамі, якія ён назваў «рутэнскай мовай».
Людас Гіра (1884–1946) — літовец; паэт, пісьменьнік і літаратурны крытык; пісаў вершы, падобныя на літоўскія народныя песьні Дзукіі; акрамя літоўскай, пісаў вершы на польскай, расейскай і беларускай мовах, у тым ліку верш «З Новым годам»; напісаў артыкул пра творчасьць Янкі Купалы.
Юзэф Пілсудзкі (1867–1935) — паляк; з 1920 году – маршал Польшчы, якога шырока лічаць бацькам Другой Польскай Рэспублікі; акрамя польскай, ведаў літоўскую і беларускую мовы; нарадзіўся ў Віленскім рэгіёне й меў кантакты зь беларускімі нацыяналістамі.
Майра Мора (? н.) — латышка; кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапэйскага Зьвяза ў Беларусі з 2011 па 2015 год; амбасадарка Латвіі ў Беларусі (2004–2010); працуе на дыпляматычнай службе Латвіі з 1992 году; валодае латыскай, ангельскай, маскальскай, францускай, нямецкай, італьянскай, беларускай і літоўскай мовамі.
Стэфан Эрыксан (1962 н.) — швед; дыплямат і амбасадар у Беларусі з 2008 па 2012 гады; раней займаў пасаду кіраўніка беларускага адзьдзела амбасады Швэцыі ў Маскве; валодае швэдзкай, ангельскай, францускай, нямецкай, расейскай, латыскай і беларускай мовамі; перакладаў творы Васіля Быкава на швэдзкую мову.
Аксана Шаўчэнка (1992 н.) — малдаванка; урач-нефролаг, якая пераехала ў Беларусь у 2017 годзе зь мужам-беларусам, зь якім пазьней разьвялася; пачала вывучаць беларускую мову ў 2020 годзе з дапамогай беларускамоўных лекараў; піша й публікуе вершы на беларускай мове; заявіла, што ёй дапамаглі фонавыя веды ў расейскай і ўкраінскай мовах з-за ўкраінскіх членаў сям’і.
Міндоўг (~1203–1263) — заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага і яго адзіны каранаваны кароль. Меў балцкае паходжанне і ў быце карыстаўся старалітоўскай мовай, аднак для кіравання дзяржавай і зносін са славянскай знаццю валодаў таксама старабеларускай (старарускай) мовай.
50 пералічаных вышэй асобаў, якія прадстаўляюць розныя народнасьці, прафэсіі й гістарычныя пэрыяды, зьяўляюцца дакумэнтальнымі абвяржэньнямі сьцьвярджэньня, што нічога «вялікага» нельга выказаць па-беларуску. Большасьць зь іх вывучылі мову не з абавязку, дэмаграфічнай неабходнасьці ці палітычнага ціску. Яны вывучылі яе, таму што знайшлі ў ёй каштоўнасьць — культурную, інтэлектуальную, гістарычную ці асабістую. Іх удзел дэманструе, што беларуская мова — гэта не «бедная» мова, а мова, здольная прыцягваць пастаянную навуковую ўвагу, мастацкую адданасьць і сапраўдную прыхільнасьць з боку чужынцаў.
Мова становіцца вялікай не таму, што кіраўнік дзяржавы абвяшчае яе такой. Яна таксама не становіцца нязначнай, калі яе адкідаюць. Мова даказвае сваю каштоўнасьць праз людзей, якія вырашылі ёю карыстацца, захоўваць яе й укладваць час у авалоданьне ёю. Беларуская мова перажыла падзелы, рэпрэсіі, палітычную абыякавасьць і нават унутраны скептыцызм. Яна стварыла літаратуру, навуку й нацыянальную сьвядомасьць. Яна натхніла ня толькі носьбітаў мовы, але й замежнікаў, якія ўбачылі ў ёй штосьці вартае вывучэньня.
Калі мова можа прыцягнуць дзясяткі вядомых носьбітаў, для якіх яна не зьяўляецца роднай, з розных кантынэнтаў на працягу некалькіх пакаленьняў — нягледзячы на палітычную непрыязнасьць і ўласны няўстойлівы статус — то яна не бедная й не другарадная. Яна ўстойлівая. Яна значная. І яна працягвае мець значэньне.