Сенат ЗША падтрымаў законапраект Ліндсі Грэма аб «пякельных» санкцыях супраць РФ
Увечары 7 жніўня Сенат Кангрэса Злучаных Штатаў падтрымаў законапраект аб санкцыях супраць РФ, адным з суаўтараў якога быў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм. А амерыканская разведка чакае нападу Расіі на NATO ўжо ў бліжэйшыя гады, нават не чакаючы заканчэння вайны ва Украіне. Ідуць 1627-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 223 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 жніўня.
Найбольшая колькасць штурмавых дзеянняў арміі РФ зафіксавана на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 30 атак у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Сяргееўкі, Котліна, у кірунках Тарэцкага, Дарожнага, Ганнаўкі, Шаўчэнкі, Мірнага, Удачнага, і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і Іванаполля, у кірунках Русінага Яра, Навасёлаўкі, Тарэцкага і Мікалайполля.
На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 15 штурмаў у раёнах Закітнага, Крывой Лукі і Рэзнікаўкі, у кірунках Рай-Аляксандраўкі, Піскуноўкі і Каленікаў.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 12 атак расіяну раёнах Ваўчанска і Лімана.
На Гуляйпільскім кірунку расійцы восем разоў атакавалі ў кірунках Уздвіжаўкі, Роўнага, Стараукраінкі і Чароўнага.
* * *
У ноч на 8 жніўня расіяне нанеслі ўдар па Браварскім раёне Кіеўскай вобласці, трое чалавек, у тым ліку дзіця, загінулі, яшчэ трое — параненыя.
У выніку расійскай атакі на Кіеў у ноч на 8 жніўня пацярпелі чатыры чалавекі.
Расійскія войскі ў ноч на 8 жніўня атакавалі беспілотнікам Чарнігаўскую вобласць. У Прылуцкім раёне ўзнік пажар у складскім будынку плошчай 600 кв. м.
Расія ўдарыла дронам па бальніцы ў Херсоне. Чатыры жанчыны атрымалі мінна-выбуховыя траўмы і кантузіі.
Краснадарскі край РФ і Самарскую вобласць ноччу 8 жніўня атакавалі дроны. Падлалі два НПЗ — Ільскі НПЗ у Краснадарскім краі і НПЗ у Сызрані.
* * *
* * *
Увечары 7 жніўня Сенат Кангрэса Злучаных Штатаў падтрымаў законапраект аб санкцыях супраць РФ, адным з суаўтараў якога быў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм. Пасля дэбатаў па «праекце Грэма» і разгляду шэрагу паправак дакумент вынеслі на канчатковае галасаванне, у ходзе якога сенатары аддалі 86 галасоў «за» і 11 «супраць».
У законапраекце змякчаюцца першапачатковыя прапановы аб «каральных» тарыфах для краін, якія імпартуюць расійскія энергарэсурсы. Мытная стаўка ў дачыненні да іх у абноўленай версіі прапануецца на ўзроўні максімум 100% для топ-5 імпарцёраў, тады як у першапачатковай — 500% для ўсіх.
Таксама прадугледжаны выключэнні для краін, якія імпартуюць менш за 15% экспарту расійскага прыроднага газу і якія «прымаюць значныя крокі па скарачэнні імпарту» — пад іх маглі б трапіць Японія, Францыя, Бельгія і Венгрыя.
Праект прадугледжвае санкцыі супраць танкераў «ценевага флоту», якія не карыстаюцца паслугамі заходніх кампаній; супраць расійскіх фінансавых устаноў, уключаючы Цэнтральны банк РФ, і найбуйнейшых дзяржаўных энергетычных праектаў РФ, уключаючы «Ямал СПГ» і «Арктык СПГ».
Абноўленая версія змяшчае палажэнне, якое дазваляе Трампу прыпыніць дзеянне санкцый, калі ён палічыць, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША.
Як паведамляе Reuters, змякчэнні сталі вынікам доўгіх месяцаў перамоў з мэтай дасягнення згоды з Трампам, і «кампрамісная» версія выглядае адзіным жыццяздольным варыянтам, які можа быць прыняты.
* * *
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць праверыць рашучасць NATO ўжо ў бліжэйшыя гады, нанёсшы ўдар па адной з краін-членаў Альянсу, піша The Wall Street Journal са спасылкай на новыя справаздачы разведкі ЗША. Мэтай магчымага нападу Пуціна на NATO стане раскол Альянсу.
Амерыканская разведка разглядае розныя магчымыя сцэнары агрэсіўных дзеянняў — ад кібератакі да невялікага наземнага ўварвання. Па словах амерыканскіх афіцыйных асоб, гэтыя ацэнкі з'явіліся на фоне нястачы пэўных відаў крытычна важных боепрыпасаў, якія спатрэбяцца ўзброеным сілам для процістаяння Расіі ці Кітаю ў выпадку патэнцыйнай будучай вайны.
Запасы зброі ў ЗША значна скараціліся з-за паставак ва Украіну пасля ўварвання Расіі, а таксама з-за канфлікту ЗША з Іранам. Суразмоўцы выдання паведамілі, што пад пагрозай знаходзяцца запасы ракет дакладнага навядзення вялікай далёкасці, тактычных ракетных сістэм сухапутных войскаў і ракет малой далёкасці Stinger.
Раней ЗША лічылі, што Пуцін не стане правакаваць краіну-член NATO, пакуль ён працягвае весці баявыя дзеянні ва Украіне, але ў пачатку гэтага года меркаванні змяніліся. Гэта звязана з тым, што Пуцін усё больш аказваецца ў цяжкім становішчы ва Украіне і пад ціскам унутры сваёй краіны, якая патрабуе ад яго забяспечыць перамогу.
* * *
У Расіі няма дастаткова сродкаў, каб выратаваць гандляроў, якія пацярпелі ад украінскіх удараў па складах маркетплейса Wildberries. Тое, што адбылося з маркетплейсам, які кантралюе палову рынку электроннай камерцыі ў краіне, — сур'ёзны ўдар па эканоміцы Расіі, піша Reuters.
Па даных крыніцы агенцтва, набліжанай да Крамля, будзе хваля банкруцтваў. «Ні ў каго няма такіх грошай, каб падтрымаць гандляроў. Гаворка ідзе пра сотні мільярдаў рублёў», — сказала крыніца.
Значная частка гандляроў на Wildberries — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП). А яны па законе РФ нясуць адказнасць за даўгі сваёй маёмасцю. Іншымі словамі, тыя, хто страціў тавар не па ўласнай віне, пры наяўнасці крэдытаў могуць страціць усё або большую частку актываў.
Расійскія ўлады абмяркоўваюць пакет падтрымкі для гандляроў, які, аднак, не ўключае прамыя выплаты пацярпелым. Разглядаюцца крэдытныя канікулы, ільготныя крэдыты і падатковыя ільготы, але наколькі хутка зможа дзяржава дапамагчы гандлярам, якім ужо цяпер трэба выплачваць даўгі — невядома.