Ніна Баршчэўская. Прафэсарка на абароне клясычнага правапісу
Без яе сучасная беларусістыка ў Польшчы была б іншай. Ніна Баршчэўская даследавала беларускую эміграцыйную мову, выхавала цэлае пакаленне мовазнаўцаў і стала адной з галоўных абаронцаў клясычнага правапісу. Да 70-годдзя навуковіцы — вялікі партрэт чалавека, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў працуе дзеля беларускай мовы.

Прафэсарка Ніна Баршчэўская. Фота Міхала Дамброўскага.
Польска-беларуская мовазнаўца Ніна Баршчэўская адзначае 70-годзьдзе. Падляская беларуска, польская грамадзянка, прафэсарка габілітаваная, былая кіраўніца катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, заснавальніца беларускай службы Польскага радыё і яе шматгадовая кіраўніца, яна ўжо больш за чатыры дзесяцігодзьдзі стаіць на абароне беларускай мовы і беларускіх штудыяў. Дыялекталягіня, дасьледніца беларускай эміграцыйнай мовы, яна таксама актыўна займаецца гісторыяй мовы і сацыялінгвістыкай.
Дзякуючы дасьледаваньням мовы эміграцыі і кантактам зь Беларускай бібліятэкай у Лёндане, а асабліва сустрэчы з айцом Аляксандрам Надсанам, Ніна Баршчэўская стала ня проста дасьледніцай, але і карыстальніцай, прапагатаркай і абаронцай клясычнага правапісу. На сяньняшні дзень яна застаецца адной зь нямногіх у Польшчы тарашкевічанак. Вядома, ёсьць у Польшчы і іншыя яе сымпатыкі, напрыклад дасьледніца-беларусістка Алена Глагоўская.
Працу Ніны Баршчэўскай «Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы» (2004) можна лічыць адной з першых і дагэтуль нешматлікіх спробаў прааналізаваць мову беларускай эміграцыі. У кнізе важная ня толькі гістарычная пэрспэктыва гэтага дасьледаваньня, але і цяперашні стан і разьвіцьцё тарашкевіцы.

Гэтаму кірунку прафэсарка надае шмат сілаў і ўвагі ў апошняе дзесяцігодзьдзе, зьяўляючыся адной з важных і рэдкіх экспэртак у пытаньнях клясычнага правапісу. Гэта стала вынікам упартай навуковай працы, багатага пэдагагічнага досьведу і шматгадовых назіраньняў за тым, як афіцыйны правапіс адвучыў людзей вымаўляць натуральна і часам мякка і, на ейную думку, спрычыніў нэгатыўныя экалягічныя зрухі ў мове.
Зрэшты, цікавасьць да клясычнага правапісу прыйшла да Ніны Баршчэўскай дзякуючы ўплыву айца Аляксандра. У адной з гутарак яна падкрэсьлівала, што «замілаваньне да гэтага правапісу зашчапіў у ёй менавіта а. Аляксандар». У выніку тарашкевіца стала сьвядомым выбарам прафэсаркі, бо гэта перадусім пытаньне традыцыі, культуры, эстэтыкі і экалёгіі мовы, але, няма сумневу, часткова і прынцыпу.
Глядзіце таксама

Але ж асноўная перавага клясычнага правапісу, на думку Ніны Баршчэўскай, палягае ў вымаўленьні. У інтэрвію 2008 году яна тлумачыла:
«Правапіс "тарашкевіцы" лепш адлюстроўвае беларускае вымаўленьне. Я асабліва маю на ўвазе мяккасьць. З уласнага досьведу, як настаўніцы, магу сказаць, што моладзь, якая вывучае беларускую мову, калі бачыць мяккі знак, вымаўляе слова правільна па-беларуску. А калі толькі тлумачыць, што выступае асымілятыўнае зьмякчэньне, то ўсё роўна гэта не адлюстроўваецца ў вымаўленьні. Тады яно збліжанае да расейскага».
Падчас ейнага кіраўніцтва беларускай службай Польскага радыё на старонцы рэдакцыі выкарыстоўваўся клясычны правапіс. Пасьля яе сыходу моўная палітыка рэдакцыі зьмянілася на карысьць афіцыйнага правапісу. На жаль, у сёньняшніх матэрыялах беларускай службы прафэсарку Ніну Баршчэўскую нярэдка называюць у мужчынскім родзе — «прафэсар», хоць добра вядома, што сама яна спрыяла фэмінітывам і заклікала крытычна асэнсоўваць моўную спадчыну ўвогуле.
Свае многія працы Ніна Баршчэўская часта публікуе клясычным правапісам. Яна працягвае кансультаваць і дапамагаць тым, хто шукае ўласны шлях да тарашкевіцы.
Варта прыгадаць і тое, што мужам Ніны Баршчэўскай быў вядомы польска-беларускі паэт, празаік, беларусіст і літаратуразнаўца, прафэсар Аляксандар Баршчэўскі (Алесь Барскі). Ён узначальваў катэдру беларускай філялёгіі (цяпер — катэдра беларусістыкі) Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Ніна і Аляксандар Баршчэўскія складалі выдатную інтэлектуальную пару. Разам яны пераклалі на польскую мову манаграфію «Беларускія народныя крыжы», а на беларускую — каталёг выставы «Партрэты асоб Старой Рэчы Паспалітай у Менскай калекцыі». Разам актыўна супрацоўнічалі зь лёнданскай Скарынаўкай, дзе сабралі матэрыял для сваіх наступных публікацыяў і габілітацыйных працаў. Прымалі ў Варшаве айца Аляксандра Надсана падчас ягоных індывідуальных наведваньняў Польшчы, а таксама дзяцей з чарнобыльскай зоны, якіх ён вазіў на аздараўленьне на Захад.
Ня менш важная і цікавая праца Ніны Баршчэўскай зробленая на ніве дыялекталёгіі — як беларускай, так і польскай. Няма сумневу, што ейнае паходжаньне з Падляшша паспрыяла гэтаму навуковаму зацікаўленьню. Падляскім беларуска-ўкраінскім гаворкам пераходнага тыпу дасьледніца прысьвяціла шмат увагі і сілаў. Але цікавілася і займалася яна дыялектамі ў шырэйшай пэрспэктыве: ня толькі Беласточчыны, але і аналізавала новыя тэндэнцыі ў беларускіх дыялектах.
Вынікі ейных дасьледаваньняў публікаваліся як у шматлікіх артыкулах і экспэртных камэнтарах, так і ў кнігах: «Dialektologia białoruska» (у суаўтарстве зь Міраславам Янковякам), а таксама ў калектыўным трохтомным дасьледаваньні «Kulturowo-językowe dziedzictwo Podlasia» («Культурна-моўная спадчына Падляшша», 2016). Гэтае выданьне ахапіла аналіз двухмоўных супольнасьцяў у мультыкультурным польска-беларускім памежжы, польска-беларускую моўную і гісторыка-культурную інтэрфэрэнцыю, грунтоўнае сацыялінгвістычнае апісаньне рэгіёну і аналіз тэматычных дыялекталягічных тэкстаў («Чалавек», «Сям'я», «Дом», «Народная творчасьць»).
Разьдзел манаграфіі, прысьвечаны мове і нацыянальнай сьвядомасьці на Падляшшы, рэдагавала прафэсарка Ніна Баршчэўская. Да сёньня яна актыўна сочыць за тым, што адбываецца на родным Падляшшы: з аднаго боку — за інтэнсіўнай асыміляцыяй мясцовага насельніцтва, зь іншага — за паўстаньнем падляскай літаратурнай мовы, якую ўніфікуе Ян Максімюк. З энтузіязмам Ніна Баршчэўская адрэагавала і на музычна-культурны фэномэн Sw@da x Niczos.
Глядзіце таксама

Меньш вядомыя, але надзвычай актуальныя і моцныя навуковыя публікацыі прафэсаркі ахопліваюць тэмы гісторыі мовы і сацыялінгвістычныя аспэкты беларускай мовы. Пералічыць усе не ўдасца, але пазначу найбольш важныя і актуальныя, на маю думку. Крытычны артыкул Ніны Баршчэўскай — «Język białoruski w Polsce: historia i stan obecny» («Беларуская мова ў Польшчы: гісторыя і сучасны стан», 2009). Асабліва важна, крытычна і сьмела дасьледніца рэзюмавала моўную палітыку сацыялісцкай Польшчы, якая ўсяляк спрыяла асыміляцыі беларусаў Польшчы, а таму маргіналізацыі беларускай мовы. Вынікі такой аднабаковай моўнай палітыкі прывялі да стэрэатыпізацыі кшталту зьліцьця моўнай, нацыянальнай і дзяржаўнай ідэнтычнасьці. Ніна Баршчэўская зь усьмешкай, але і са скрухай пазначае, што часта палякі дзівяцца, калі яна кажа, што яна — беларуска. Іх дзівіць, як гэта можна быць беларускай, жыўшы ў Польшчы. Ранейшая афіцыйная аднабаковая моўная палітыка спрычыніла гэтае вузкалоб’е і часам нежаданьне прызнаць нацыянальныя і моўныя мяньшыні.
Карысна, сканцэнтравана і аналітычна мовазнаўца зрэфлексавала пытаньне генэзы і разьвіцьця беларускай мовы ў артыкуле «Rozwój języka białoruskiego w kontakcie z językami sąsiednich narodów» («Разьвіцьцё беларускай мовы ў кантакце з мовамі суседніх народаў»). Важным тут якраз зьяўляецца не піянэрства ў тэме, бо альтэрнатыўна і крытычна з дадзенай тэмай здаўна працуюць як беларускія, так і эміграцыйныя мовазнаўцы, а аналітычна-інфармацыйная вытрымка дыскусіяў і спрэчак, якія працягваюцца дасюль. Мэтадычна дасьледніца прааналізавала разьвіцьцё старабеларускай мовы ў пэрспэктыве як сынхранічнай, так і дыяхранічнай, з улікам кантактаў з усімі суседнімі мовамі, узаемаўплываў адной на адну. Зрэшты, мовазнаўца не абмінула палітычнага, то бок экстралінгвістычнага ўплыву на многія моўныя працэсы, так і афіцыйныя і альтэрнатыўныя тлумачэньні-дыскурсы гэтых працэсаў.
Варта чакаць поўнага перавыданьня працаў прафэсаркі, а таксама выданьня выбраных твораў, раскіданых па розных, часта цяжкадаступных часопісах і зборніках.
Пад кіраўніцтвам прафэсаркі Ніны Баршчэўскай абаранілі свае навуковыя PhD-працы мовазнаўцы-беларусісты: Радаслаў Калета, Ганна Сівірская, Вольга Трацяк і аўтар гэтай публікацыі. Таксама павінен быў абараніць сваю працу пад кіраўніцтвам прафэсаркі знаны моваўзнаўца Зьміцер Саўка. На жаль, хвароба і сьмерць не далі спраўдзіцца заплянаванаму. Аднак па волі жонкі З. Саўкі Ілоны Ўрбановіч-Саўкі і пры падтрымцы Н. Баршчэўскай і Р. Калеты тэкст ягонай неабароненай дысэртацыі быў выдадзены ў 2022 годзе асобнай кнігай — «Фанэтычна-графічная адаптацыя запазычаньняў у беларускай мове». Праца ў цяперашняй Беларусі наўрад ці магла быць прынятая з палітычнай прычыны, аднак, на думку Ніны Баршчэўскай, у будучыні гэтае дасьледаваньне Зьмітра Саўкі выбухне і стане клясычным арыентырам для ўсіх беларусістаў.

Ніна Баршчэўская і Ўладзіслаў Гарбацкі на ўручэньні PhD-дыплёмаў, Варшава, 2018. Фота Данатаса А.
Наведвала дасьледніца і Беларусь, пераважна з навуковай мэтай: ці то дзеля стажаваньняў, ці то ўдзелу ў канфэрэнцыях. Назірала, бачыла моўную сытуацыю, так бы мовіць, у палявых умовах. Аднаго разу на ўласнай скуры зьведала недалёкасьць і цемрашальнасьць уладаў, менскай міліцыі ў прыватнасьці. Так, у 2010 годзе больш за тры гадзіны Ніну Баршчэўскую пратрымалі ў менскім пастарунку. У абменьніку касірцы падаліся падазронымі даляры, што хацела абмяняць польская госьця. Міліцыянты завезьлі Ніну Баршчэўскую ў пастарунак, не праверыўшы на месцы, ці сапраўды грошы фальшывыя. Толькі ў пастарунку пацьвердзілася, што грошы сапраўдныя. Прыкры ўспамін завяршыўся таксама ў духу аўтарытарнай Беларусі: міліцыянты пасьмяяліся і пазьдзекваліся з дакумэнту аб адсутнасьці маёмасных прэтэнзіяў да міліцыі, запоўненага мовазнаўцай, вядома, па-беларуску. Аднак гэты прыкры выпадак зусім не запляміў у вачох Ніны Баршчэўскай візіі беларускай культуры, мовы і асабліва простых людзей краіны.
А яшчэ ня варта забываць пра асабістыя якасьці прафэсаркі: Ніна Баршчэўская зьяўляецца элегантнай і мілазрочнай варшавянкай, чулай, адкрытай, заўсёды цікаўнай і крытычнай, з добрым пачуцьцём гумару і непапраўнай аптымісткай. У часіны скрухі яна заўсёды можа зьехаць і схавацца ў любым зацішным кутку Падляшша, але яшчэ часьцей ёй ня трэба нікуды зьяжджаць — яна заўсёды можа знайсьці прытулак, цалкам застаючыся ў мілай сэрцу Варшаве, у нэтрах беларускай мовы, якая заўсёды зь ёю, зачароўвае, спрычыньвае і зьяўляецца ці не адзіным raison d’être ейнага жыцьця.