У Расіі задумваюцца над увядзеннем у краіне рэжыму ваеннага становішча

Пуцін не збіраецца заканчваць вайну. Ён патрабуе больш «ваеннага» бюджэту Расіі на бліжэйшыя тры гады і задумваецца над увядзеннем у РФ ваеннага становішча. Між тым, ужо выдаткаваных на вайну грошай хапіла б, каб фінансаваць усю расійскую ахову здароўя 28 (!) гадоў! Ідуць 1616-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

_belarus_armija_vojska_vajna_mundzir_saldaty_2025_fota_novy_czas__1_.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 227 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 штурмы расіян у раёнах Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Маладзецкага і ў бок Біліцкага, Шаўчэнкі, Новага Данбаса, Сяргееўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 27 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Сафіеўкі і ў бок Доўгай Балкі, Сцяпанаўкі, Тарэцкага, Вольнага, Новага Шахавага.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 19 разоў у раёнах Крывой Лукі, Закітнага, Рэзнікоўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі і Піскуноўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 16 разоў атакавалі ў бок Дробышава, Азёрнага, Ставак, Лімана і ў раёне Навасёлаўкі і Новаміхайлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку зафіксавана 11 атак у бок Уздвіжаўкі, Стараукраінкі, Цвятковага, Чароўнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку войскі РФ 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ у бок Казачай Лапані, Пятро-Іванаўкі, Ізбіцкага, Аніскіна, Івашкіна і ў раёне Ваўчанска.

* * *

У ноч на 28 ліпеня Расія атакавала Украіну 131 ударным БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 107 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронаў іншых тыпаў.

Расіяне нанеслі авіяўдары па жылым сектары ў Сумах, а ў Нядрыгайлаве атакавалі дронам аб'ект грамадзянскай інфраструктуры; Паранены трое чалавек, паведаміў кіраўнік Сумскай АВА Алег Грыгораў.

Расійскія ваенныя атакавалі Кіеў і вобласць у ноч на 28 ліпеня. Пра наступствы не паведамляецца.

* * *

758744445_1606934251147856_6816320094869951519_n.jfif

* * *

Пасля выбараў у Дзярждуму РФ у Крамлі могуць разгледзець увядзенне ваеннага становішча. Па даных расійскіх крыніц, такую ідэю актыўна падтрымлівае частка сілавога блока, якая выступае за перавод краіны на «ваенныя рэйкі», паведамляе расійскае выданне «Вёрстка» са спасылкай на суразмоўцаў у федэральных і рэгіянальных органах улады, Дзярждуме і крыніцы, блізкія да Крамля.

Прадстаўнікі сілавых структур лічаць, што расійская ўлада павінна «перастаць цырымоніцца» з насельніцтвам і перайсці да мадэлі, па якой «будзе ваяваць уся краіна». «Становішча краіны становіцца ўсё больш сур'ёзным, і без крайніх мер яго можа не ўдацца стабілізаваць», — цытуе выданне аднаго з суразмоўцаў.

Па расійскім заканадаўстве ваеннае становішча ўводзіцца ўказам прэзідэнта і можа дзейнічаць неабмежаваны час. Гэты рэжым прадугледжвае ўвядзенне каменданцкай гадзіны, абмежаванне свабоды перасоўвання, прымусовае прыцягненне грамадзян да працы на абарончых прадпрыемствах, канфіскацыю маёмасці для патрэб дзяржавы, узмацненне цэнзуры і магчымасць адмены выбараў.

Штуршком да такога рашэння могуць стаць сур'ёзныя няўдачы расійскай арміі на фронце або рэзкае скарачэнне колькасці жадаючых заключаць кантракты для ўдзелу ў вайне.

* * *

Колькасць загінулых і параненых сярод грамадзянскага насельніцтва Украіны працягвае расці, а Расія ўзмацняе паветраныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і партовай інфраструктуры, заявіла падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН, прысвечанага сітуацыі ва Украіне, дырэктарка Дэпартамента па палітычных пытаннях і мірабудаўніцтве і Дэпартамента міратворчых аперацый ААН Каёка Гота.

Па яе словах, з моманту папярэдняга пасяджэння Саўбеза 9 ліпеня ў выніку расійскіх паветраных атак загінула больш за 170 мірных жыхароў, яшчэ 1028 чалавек атрымалі раненні. Толькі ў ліпені Расія здзейсніла восем масіраваных атак на Кіеў, у выніку чаго загінула як мінімум 56 чалавек, яшчэ 232 былі раненыя.

Па даных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі пацверджана гібель не менш за 16 431 грамадзянскага, сярод якіх 83 дзіцяці. Яшчэ 48 613 чалавек, у тым ліку 2960 дзяцей, атрымалі раненні.

«Гэтыя лічбы адлюстроўваюць толькі пацверджаныя страты. Фактычная колькасць ахвяр, верагодна, значна большая», — падкрэсліла Каёка Гота.

Пасол ЗША пры ААН Дэн Негрэя заявіў, што вайна не мае ваеннага рашэння. «І Украіна, і Расія павінны вярнуцца за стол перамоў. Праліта занадта шмат крыві. Свет плаціць высокую цану за гэтую вайну. Яна павінна скончыцца», — сказаў амерыканскі дыпламат.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з сенатарамі ЗША на фоне таго, як Сенат будзе разглядаць законапраект аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі, піша The Hill, спасылаючыся на шматлікія крыніцы.

На сустрэчу з Зяленскім запрошаны ўсе 100 сенатараў ЗША. Яна павінна адбыцца вечарам 28 ліпеня ў будынку Капітолія. Паралельна Сенат ЗША будзе разглядаць законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне санкцый супраць Расіі і яе гандлёвых партнёраў. Гаворка ідзе аб пакеце санкцый, які прасоўваў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм.

Законапраект, які падтрымліваюць абедзве партыі, верагодна, стане прадметам абмеркавання на сустрэчы Зяленскага і сенатараў.

* * *

Ваенныя выдаткі застануцца галоўнымі пры падрыхтоўцы бюджэту Расіі на бліжэйшыя тры гады, заявіў кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін, выступаючы перад дэпутатамі Дзярждумы VIII склікання, піша The Moscow Times.

Пуцін абвінаваціў Захад у запуску «русафобскай машыны», «сусветных рэкордах» па санкцыях, і цынічна паабяцаў, што нікому і ніколі не ўдацца «зламаць народ Расіі», а ўлады Расіі гатовыя да абароны краіны і здольныя разам з грамадствам «даць рашучы адпор любым варожым крокам».

Акрамя «ўмацавання абароны краіны» як прыярытэту для бюджэту 2027-2029 гадоў кіраўнік Крамля абяцае, што нарэшце-та нібыта вырашыць першачарговыя сацыяльныя задачы.

У закон аб бюджэце-2026 урад спачатку закладваў 12,9 трлн рублёў па артыкуле «нацыянальная абарона». Аднак па факце ваенны бюджэт перавысіць план амаль на 50% — на 4-5 трлн рублёў.

Па ацэнках Bloomberg, каб аплаціць усе выдаткі на вайну, Мінфін Расіі рыхтуе секвестр грамадзянскіх артыкулаў і мае намер прыцягнуць 2-3 трлн рублёў дадатковага доўгу.

Фактычныя выдаткі бюджэту на вайну супраць Украіны ўжо па выніках першага квартала дасягнулі 5,9 трыльёна рублёў, заявіў навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі Яніс Клюге.

У параўнанні з тым жа перыядам у мінулым годзе выдаткі на армію і вытворчасць зброі павялічыліся на 29,9%. У параўнанні са студзенем-сакавіком 2024 года — на 68,7%, у параўнанні з 2023 годам — на 129%, а калі параўноўваць з першым кварталам 2022-га — у 4,6 разы.

Вайна з Украінай абышлася расійскім падаткаплацельшчыкам у 53,079 трыльёна рублёў, або 746,6 млрд долараў. Гэтая сума пакрывае 28 гадоў бягучых выдаткаў бюджэту на ахову здароўя, альбо 30 гадоў выдаткаў на адукацыю.

* * *

Міністэрства замежных спраў Літвы плануе ўзмацніць закон аб нацыянальных санкцыях. Ведамства прапануе абавязаць дзеячаў культуры і спартсменаў з РФ і Беларусі, якія прыязджаюць у краіну для ўдзелу ў публічных мерапрыемствах, падпісваць спецыяльную антываенную дэкларацыю, паведамляе LRT.

Па ацэнцы ведамства, Літва як дэмакратычная дзяржава абавязана абараняць публічную прастору ад рэжымаў, якія сістэматычна парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць агрэсію супраць суседніх дзяржаў і выкарыстоўваюць грамадскую дзейнасць у сферы культуры ці забаў як інструмент «мяккай сілы».

У адпаведнасці з пададзенымі на ўзгадненне папраўкамі да Закона аб усталяванні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, у Літву не будуць дапускацца фізічныя і юрыдычныя асобы з РФ і Беларусі, у прыватнасці прадстаўнікі арганізацый, якія жадаюць ажыццяўляць публічную дзейнасць у сферах адукацыі, навукі і навучання, культуры, спорту, мастацтва і забаў, калі будзе ўстаноўлена, што яны ажыццяўляюць сваю дзейнасць на акупаваных тэрыторыях Украіны, наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны або ўдзельнічалі ў ёй.

Таксама прапануецца не ўпускаць у краіну тых, хто здзяйсняе дзеянні або праводзіць палітыку, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны, яе стабільнасць або бяспеку, а таксама тых, хто наўпрост ці ўскосна падтрымлівае грубыя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у РФ і Беларусі, альбо чыя дзейнасць уяўляе пагрозу.

МЗС прапануе абавязаць асоб, якія жадаюць прыбыць у Літву для ажыццяўлення адукацыйнай, культурнай ці спартыўнай дзейнасці, падпісаць дэкларацыю, у якой яны павінны асудзіць расійскую агрэсію супраць Украіны, выказаць падтрымку Статуту ААН і яго прынцыпам, а таксама незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах. Дэкларацыя будзе публікавацца адкрыта. Адмова ад яе падпісання закрые шлях у краіну.

МЗС Літвы прапануе ўвесці гэтыя папраўкі з 1 студзеня 2027 года.