Як румынскія папулісты падставілі нават прыхільнікаў аб'яднання

 Ініцыятыва румынскіх папулістаў аб'яднаць Румынію і Малдову выглядае асуджанай на правал. Але, не стаўшы законам, яна ўжо ператварылася ў палітычную праблему — прычым нават для прыхільнікаў самой ідэі аб'яднання.

Майя Санду і Нікушор Дан на сустрэчы ў Адэсе. Фота: Presidency of the Republic of Moldova.

Майя Санду і Нікушор Дан на сустрэчы ў Адэсе. Фота: Presidency of the Republic of Moldova.

Дзіўныя рэчы адбываюцца ў Паўднёва-Усходняй Еўропе. Фанатычныя прыхільнікі аб'яднання Румыніі і Малдовы спрабуюць прасунуць законапраект аб аб'яднанні дзвюх краін, які ў чэрвені быў маўкліва ўхвалены ніжняй палатай румынскага парламента.

Наогул ідэя сабраць румынаў і малдаванаў пад адным дзяржаўным дахам — так званы юніянізм — далёка не новая. Спецыялісты лічаць, што вытокі гэтай канцэпцыі трэба шукаць яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

Сучасны юніянізм, якім мы яго ведаем сёння, бярэ пачатак у часы распаду СССР. Тады меў месца шэраг палітычных ініцыятыў і заяў, накіраваных на аб'яднанне Малдовы з Румыніяй. Адразу пасля распаду Савецкага Саюза ў Румыніі ўзнікла надзея на хуткае ўз'яднанне з незалежнай Малдовай. У афіцыйнай заяве Бухарэста малдаўскі суверэнітэт быў названы «крокам на шляху да ўстаранення наступстваў пакта Молатава — Рыбентропа», гэта значыць дэ-факта першым крокам да ўз'яднання.

Аднак у 1994 годзе парламент Малдовы прагаласаваў за ўступленне ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), што, паводле юніяністаў, «анулявала права румынскай нацыі жыць у цэласнасці сваёй гістарычнай і духоўнай прасторы».

Але ад ідэі «уніры» (так называецца ідэя адзінства румынаў) не адмовіліся. З'явілася канцэпцыя так званага «малога аб'яднання». Замест неадкладнага палітычнага аб'яднання прасоўвалася ідэя максімальнай інтэграцыі: бязвізавы рэжым, агульныя адукацыйныя праграмы, эканамічнае збліжэнне. Гэта разглядалася як падрыхтоўка глебы для будучага саюза.

Аднак да стадыі рэальнага палітычнага праекта з дакладным планам і тэрмінамі аб'яднання юніяністы ўсё роўна так і не дайшлі. Нават пасля таго, як прэзідэнткай Малдовы стала перакананая прыхільніца ўніры Майя Санду.

Між тым у красавіку парламенцкая фракцыя партыі S.O.S. România ўнесла ў парламент законапраект аб аб'яднанні Румыніі з Рэспублікай Малдова. 24 чэрвеня ён быў маўкліва прыняты Палатай дэпутатаў — праз тое, што парламент не паспеў разгледзець яго ў адведзены законам тэрмін. Цяпер дакумент мусіць разгледзець Сенат.

«Парламент Румыніі ўпаўнаважвае ўрад краіны неадкладна пачаць перамовы з уладамі ў Кішынёве з мэтай канчатковага аб'яднання з Рэспублікай Малдова», — гаворыцца ў тэксце законапраекта.

І тут пачалося самае цікавае. Законапраект адразу атрымаў негатыўную ацэнку з боку ўрада Румыніі, дзе таксама хапае прыхільнікаў юніянізму. Паводле аднаго з міністраў, «гэтая ініцыятыва не мае ніякага дачынення да ідэалу аб'яднання і з'яўляецца танным расійскім піярам».

Улады Малдовы таксама паслядоўна дыстанцуюцца ад тэмы аб'яднання. Прэзідэнт Майя Санду назвала ініцыятыву партыі S.O.S. România «дакументам, мэта якога — дыскрэдытаваць саму ідэю аб'яднання».

Падобную рэакцыю звязваюць з працягам інтэграцыі краіны ў Еўрапейскі саюз. Раней Малдова атрымала статус краіны-кандыдата, а цяпер ужо пачаўся непасрэдны перамоўны працэс. Ініцыятыва аб аб'яднанні можа ўскладніць прававы і палітычны бок еўрапейскай інтэграцыі краіны.

Яна таксама стварае пэўныя рызыкі для малдаўскага палітычнага працэсу. У прыватнасці — уносіць напружанне ў адносіны паміж Кішынёвам і Бухарэстам, што можа перашкодзіць дыпламатычнай каардынацыі, неабходнай падчас еўраінтэграцыі. Спробы фарсіраваць аб'яднанне выклікаюць у ЕС насцярожанасць, паколькі могуць успрымацца як крыніца нестабільнасці ў рэгіёне.

Нарэшце, улады Малдовы вымушаныя будуць марнаваць рэсурсы на абвяржэнне гэтай ідэі, што адцягвае ўрад ад рэформаў. Апазіцыя, у сваю чаргу, выкарыстоўвае гэтае пытанне для крытыкі Санду, абвінавачваючы яе ў «страце суверэнітэту».

Пры гэтым усім відавочна, што законапраект нават у выпадку яго ўхвалення Сенатам не мае рэальнай юрыдычнай перспектывы. Ініцыятыва партыі S.O.S. România — гэта класічны папулісцкі жэст, разлічаны на стварэнне палітычнага рэзанансу і павышэнне рэйтынгу на папулярнай у грамадстве тэме. Паводле сацыялагічных апытанняў, каля сямі з дзесяці румынаў падтрымалі б аб'яднанне з Малдовай.

Адным словам, усё гэта хутчэй палітычны шум, чым рэальны план дзеянняў.

Аднак не ўсё так проста. Гэты эпізод паказвае, што безадказныя гульні правых папулістаў з адчувальнымі гістарычнымі тэмамі ва ўмовах неўрэгуляванага прыднястроўскага канфлікту і далікатнага палітычнага балансу ў Малдове атручваюць двухбаковыя адносіны.

І гэта не румынскі эксклюзіў. Ва Усходняй Еўропе склалася трывожная тэндэнцыя, калі палітычныя эліты — як правыя папулісты ў Румыніі, так і нацыянальна арыентаваныя палітыкі ў Польшчы і Украіне — выкарыстоўваюць адчувальныя гістарычныя наратывы для дасягнення хуткіх унутрыпалітычных мэт, рызыкуючы стратэгічным партнёрствам і рэгіянальнай стабільнасцю.