Як айцец Надсан змагаўся за навуковую трансьлітарацыю
Сьветач Скарынаўкі і ейных кніжнікаў з заснаваньня ў 1971 годзе да сяньня бязупынку прабівае цемру і служыць арыентырам для многіх зьбітых з дарогі вандроўных беларускай справы.
Яшчэ задоўга да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і да геройскай справы прафэсаркі Валянціны Лемцюговай у захаваньні беларускай лацінкі і трансьлітарацыі беларускіх тапонімаў лацінскай графікай з частковым выкарыстаньнем беларускай лацінкі, Скарынаўка рупілася і пісала ў БССР у Акадэмію навук аб «непрыемным зьявішчы». Мелася на ўвазе ігнараваньне за савецкім часам правілаў трансьлітарацыі, зацьверджаных міжнароднай асацыяцыяй славістаў, а таксама ўрэгуляваных на свой манер рознымі краінамі.
Айцец Надсан, галоўны кніжнік Скарынаўкі, ужо ў 1971 годзе першым зрэагаваў на псэўданавуковы і антыбеларускі падыход у перакладзе кнігаў пра Беларусь у СССР, бо ўсе беларускія прозьвішчы і геаграфічныя назвы перадаваліся ў форме, якая не адказвала іх сапраўднаму гучаньню. То-бок перадаваліся наўпрост з мовы расейскай.
У Скарынаўцы захоўваецца багатае ліставаньне айца Аляксандра, у прыватнасьці ліставаньне з прафэсарам А. Жураўскім з Інстытуту мовазнаўства АН БССР. 21 траўня 1973 году айцец Аляксандар зьвярнуўся да А. Жураўскага з пазначэньнем праблемы і заўважыў, што кнігі пра Беларусь на ангельскай мове, што пачалі зьяўляцца ў СССР — зьява, вядома, пазытыўная, але падчас перакладу цалкам ігнаруецца беларуская традыцыя трансьлітарацыі. Вядома, Акадэмія навук БССР у самы росквіт русіфікацыі ня мела рэсурсу вырашыць пытаньне, тым ня менш ліставаньне паміж Скарынаўкай і Інстытутам мовазнаўствам працягвалася.
Айцец Аляксандар даслаў А. Жураўскаму «лістоўку» з сыстэмай трансьлітарацыі, якая ўжывалася ў Брытанскім музэі. Брытанская сыстэма мела хібы, але ж імкнулася захаваць спэцыфіку беларускай мовы. Як вядома, праз 40 год прафэсарка В. Лемцюгова давядзе справу да канца, як нам падавалася ўсім. У 2023 годзе русацяпскія ўлады адкінулі краіну на ровень 1971 году, калі лёнданскі кніжнік а. Надсан здалёк спрабаваў пасунуць справу з месца.
Здымак з архіваў Скарынаўкі. Публікуецца ўпершыню з дазволу Скарынаўкі.
Цікава пазначыць, што беларуская дыяспара, сапраўды, здаўна клапоціцца пытаньнем трансьлітарацыі і захаваньня і прасоўваньня лацінкі, хоць сама не заўсёды прынцыпова прытрымлівалася і прытрымліваецца гэтых правілаў на ўласным прыкладзе — перадачы сваіх уласных імёнаў і прозьвішчаў. Наведваючы могілкі беларусаў і беларусак, раскіданых па сьвеце, гартаючы дакумэнты беларусаў замежжа, часта кідаецца ў вочы разнабой у перадачы імёнаў і месцаў геаграфічных: беларусы, якія зьехалі ў сьвет з Беларусі за Польшчай, падавалі свае імёны на польскі лад, беларусы, якія аселі ў Брытаніі, часта падавалі свае імёны ды прозьвічшы з улікам ангельскай мовы, а не правілаў трансьлітарацыі. Клясычным прыкладам тут стаўся разнабой у перадача імя Льва Гарошкі: калі на могілцы ў Лёндане ён падпісаны дакладна — Leŭ Haroška, то ў шматлікіх паперах, дакумэнтах і візытоўках сустракаліся іншыя варыянт: Leo Haroshka, Leo Garoshka, Horochko, Horoško і пад. Сам Леў Гарошка, як шмат іншых дзеячаў замежжа, не прытрымліваўся правілаў трансьлітарацыі — цяжка было пераадолець інэрцыйнасьць і звычку, а яшчэ цяжэй было перарабіць дакумэнты, атрыманыя ў Польшчы.
Якраз праз гэтыя самыя інэрцыйнасьць і мацату звычкі на самым пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя мы прапусьцілі зручны момант і не змаглі замацаваць дакладны трансьліт назвы нашай краіны: Biełaruś. Замацаваўся нягеглы варыянт: Belarus.
І гэта зусім не крытыка ў бок дыяспары, якая пачынала працу з нуля, без усялякай падтрымкі і наяўнасьці моцных напрацовак у моўным пытаньні. Разнабой — цалкам натуральная зьява на пачатку шляху. Гэта хутчэй да таго, што ў пытаньні трансьлітарацыі часта забываецца пляст імёнаў і прозьвішчаў людзей — аўтаматычна ўсе падразумяваюць, што трансьлітарацыя ахоплівае выключна назвы геаграфічныя. Якраз у лістах айца Аляксандра, як пазьней у спробах В. Лемцюговай, бачна, што яны займалі прынцыповую пазыцыю наагул у анамастыцы: у захаваньні гэтай спадчыны і ў перадачы як беларускай тапанімікі, так і антрапанімікі на аснове беларускай лацінкі, а не іншых моваў.
Таму адмова менскімі ўладамі ў 2023 годзе ад лацінкі і трансьлітарацыі на аснове беларускай лацінкі павінна ўзымець адваротны эфэкт — канчатковае перакананьне ў вартасьці як лацінкі, так і трансьлітарацыі на аснове беларускай лацінкі. Зрэшты, пасьля падобнай праявы невуцтва афіцыйнага Менску варта салідарызавацца беларус-к-ам і вырашыць радыкальна і прынцыпова пытаньне перадачы сваіх імёнаў, каб нас ня блыталі і не называлі за мяжой на расейскі манер.
Зразумела адно: змаганьне, распачатае айцом Аляксандрам у 1971 годзе, далёка ад афіцыйнай разьвязкі, пры гэтым навуковы падыход застаецца адзіным і непарушным: трансьлітавараць беларускія ўласныя імёны і геаграфічныя назвы варта з улікам беларускай лацінкі. Залатое правіла, якое варта ўзяць на ўзбраеньне супраць невуцтва, русіфікацыі, а яшчэ супраць уласнай ляноты, інэрцыйнасьці і мацаты звычкі.