Сцяпан Некрашэвіч — чалавек, які памёр за мову

Да юбілею аднаго з першых беларускіх мовазнаўцаў Сцяпана Некрашэвіча «Радыё Р*цыя» сабрала вядомыя факты з яго жыцця.

Сцяпан Некрашэвіч. Фота: nlb.by

Сцяпан Некрашэвіч. Фота: nlb.by


8 траўня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча, ініцыятара стварэння і першага старшыні Інстытута беларускай культуры (цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), акадэміка, ахвяры сталінскіх рэпрэсій Сцяпана Некрашэвіча (1883 — 1937). Разам з Яўхімам Карскім і Іосіфам Воўк-Левановічам Сцяпан Некрашэвіч уваходзіць у лік даследчыкаў і нармалізатараў сучаснай беларускай мовы пачатку ХХ стагоддзя.

Мовазнавец нарадзіўся 8 мая 1883 года ў вёсцы Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Панявежскай настаўніцкай семінарыі (1908) настаўнічаў. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). З 1918 года загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы Адэсы, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабілізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў.

Дзякуючы яго намаганню да пачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. З 1920 года Сцяпан Некрашэвіч працаваў у Мінску ў апараце Наркамасветы БССР, займаў розныя кіраўнічыя пасады. Ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922-1925 гадах узначальваў яго. Арганізацыйную і навуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце.


На пачатку 1925 года Некрашэвіч быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1925 года займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Яўхіма Карскага. У 1928 годзе ён быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, адначасова з’яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута беларускай мовы, а потым стаў старшынёй Галоўнавукі пры Наркаме асветы БССР. 

21 ліпеня 1930 года вучонага арыштавалі і выслалі ў горад Сарапул Удмурцкай АССР. Напрыканцы 1937 года ён быў арыштаваны паўторна. Яго прывезлі ў Мінск і 20 снежня расстралялі. 

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці Сцяпана Некрашэвіча — лексікаграфія. Як старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі ён непасрэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў. У лютым 1925 года Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічнае багацце беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку XIX стагоддзя да апошняга часу. 20 лістапада 1929 года быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка, і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак у сувязі з арыштам Сцяпана Некрашэвіча і іншых выканаўцаў праца над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.

Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу, Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў па даручэнні Інбелкульта ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 годзе яны выдалі «Беларуска-расейскі слоўнік», у 1928-м — «Расейска-беларускі слоўнік». Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы. 


Сцяпан Некрашэвіч шмат займаўся і правапісам. У 1920 годзе ў друку з’явіўся яго артыкул «Справачнік спрэчных дзеяслоўных форм». На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926) вучоны выступіў са спецыяльным дакладам. Паколькі прынятыя канферэнцыяй пастановы не былі праведзены ў жыццё, 1 кастрычніка 1927 года была створана новая правапісная камісія начале са Сцяпанам Некрашэвічам. Праз два гады яна прыняла Праект беларускага правапісу, які быў разасланы для абмеркавання. У 1933 годзе перапрацаваны Праект быў перавыдадзены, і на яго аснове СНК БССР прыняў вядомую пастанову «Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу», якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла пэўныя правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы. 

Аб’ектам навуковых інтарэсаў Сцяпана Некрашэвіча была і беларуская дыялекталогія. Так, разам з Пятром Бузуком ён склаў «Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў» (1927). У ёй налічвалася 157 пытанняў па фанетыцы, марфалогіі, сінтаксісе і акцэнталогіі, даваліся каштоўныя метадычныя парады. Праграмныя распрацоўкі Сцяпана Некрашэвіча ў галіне лексікаграфіі заклалі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы. 


Сцяпан Некрашэвіч даследаваў і гісторыю беларускай мовы. У працы «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О уставах манастырскіх» (1928) ён упершыню прааналізаваў гэты рукапісны помнік з графічнага, фанетычнага і граматычнага бакоў. Доўга працаваў Некрашэвіч і над другой сваёй працай па гісторыі беларускай мовы — «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелія на беларускую мову і мова перакладу», якая, аднак, не была надрукавана. 

Расстралялі навукоўца ў 1937-м, а рэабілітаваны ён быў толькі ў 1950-х.