Топ-5 фактаў пра беларускую мову
Мова Вялікага княства, унікальная літара, 83 пераклады аднаго верша і дзве беларускія мовы. «Будзьма» абрала цікавыя факты пра нашу мову.
Беларуская мова — другая пасля італьянскай, паводле спеўнасці і мяккасці, мова ў Еўропе, найчысцейшая са славянскіх моваў. Беларуская мова ўнікальна поўнагалосная, з гаворкаю нараспеў. Канчатковае фарміраванне беларускай мовы адбылося ў першай палове ХІV стагоддзя, ужо ў ХVІ стагоддзі яна стала развітай літаратурнай моваю. У міжнародны Дзень роднай мовы — падборка цікавых фактаў пра беларускую мову.
Мова Вялікага княства
Беларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікім Княстве Літоўскім і сродкам дыпламатычных зносін у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі. Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV стагоддзі — у той жа час, што і англійская.
Вынік выкарыстання беларускай мовы ў справаводстве ВКЛ — напісанне на ёй звыш 550 кніг дзяржаўных актаў — Метрыкі ВКЛ. На беларускай мове складзены і ўнікальны звод законаў ВКЛ, які забяспечваў уладу справядлівасці і парадку, стаў адным з падмуркаў сённяшняй еўрапейскай дэмакратыі і, па сутнасці, правобразам першых канстытуцыяў.
«Залаты век» і заняпад беларускай мовы
XV — першая палова XVII стагоддзя былі «залатым векам» старабеларускай мовы і кніжнасці, выхадам беларускага пісьменства на сусветную арэну. Здабыткі беларускай кніжнасці засвойвалі не толькі славянскія народы, але і жыхары Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. У Еўропе ў гэты час прыкметай вышэйшага тону было дасканалае валоданне чэшскай і беларускай мовамі.
Пазней беларуская мова была выціснутая польскай у тоўшчу уніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая ў перыяд Расійскай імперыі.
Урэшце беларуская мова вымкнула ў вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча, на пачатку ХХ стагоддзя ў паэмах і вершах Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Верш Купалы на 83 мовах свету
Беларуская мова і літаратура ХХ стагоддзя прадэманстравала сваю нацыянальную адметнасць і натуральна ўвайшла ў шэраг сусветна вядомых. Беларуская літаратурная класіка перакладзеная на дзясяткі моваў свету. Адзін толькі верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» налічвае 83 паэтычныя пераклады на мовы свету. Увесь свет абышлі кнігі Васіля Быкава: больш за 3 мільёны асобнікаў на 72 мовах.
Дзве беларускія мовы
Сёння мы карыстаемся так званай «наркамаўкай», яшчэ адну версію беларускай мовы склаў Браніслаў Тарашкевіч. Геніяльны лінгвіст XX стагоддзя, які ў 1918 годзе выдаў сваю знакамітую «Беларускую граматыку для школаў» і сфармуляваў прынцыпы правапісу для адноўленай беларускай мовы. З яго лёгкай рукі ў беларускай мове зазіхацеў мяккі знак. Мяккі знак — сімвал, які адрознівае беларускую мову ад большасці моваў свету.
Унікальная літара
Ў — літара пашыранай кірыліцы. Выкарыстоўваецца ў беларускім алфавіце, а таксама ў некаторых сучасных і былых неславянскіх алфавітах. Паходзіць ад знака «іжыца з кароткай», які выкарыстоўваўся ў некаторых заходнерускіх выданнях канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў.
У цэнтры Полацка ў 2003 годзе паставілі помнік літары «Ў». Ён зроблены ў выглядзе вокладкі кнігі, на якой змешчаны словы з літарай «ў» і цытата з верша Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».